Галоўны рэдактар «Бобруйского курьера» паскардзіўся ў пракуратуру. А адказ атрымаў з УУС

Перапіска з пракуратурай у галоўнага рэдактара газеты «Бабруйскі кур'ер» Анатоля Санаценкі доўжыцца ўжо больш за пяць месяцаў.


У пракуратуру кіраўнік газеты паскардзіўся на тое, што, паводле яго інфармацыі, ён незаконна ўключаны міліцыяй у спісы «нядобранадзейных», «парушальнікаў грамадскага парадку і бяспекі». Прычым «ўключылі» яго туды пасля асвятлення ім як журналістам маўклівых акцый пратэсту, якія праходзілі па ўсёй рэспубліцы летам мінулага года.



Перапіска з пракуратурай у галоўнага рэдактара газеты «Бабруйскі кур'ер» Анатоля Санаценкі доўжыцца ўжо больш за пяць месяцаў.


У пракуратуру кіраўнік газеты паскардзіўся на тое, што, паводле яго інфармацыі, ён незаконна ўключаны міліцыяй у спісы «нядобранадзейных», «парушальнікаў грамадскага парадку і бяспекі». Прычым «ўключылі» яго туды пасля асвятлення ім як журналістам маўклівых акцый пратэсту, якія праходзілі па ўсёй рэспубліцы летам мінулага года.


Пераканаўшыся, што раённая пракуратура праводзіць праверку фармальна, без даследавання яго як заяўніка довадаў, Анатоль Санаценка накіраваў скаргу ў Магілёўскую абласную пракуратуру. Тая даручыла разгледзець зварот журналіста (паўторна) пракуратуры Ленінскага раёна г. Бабруйска і аб выніках разгляду паведаміць яму.


У выніку ж чарговы адказ Анатоль Санаценка атрымаў не з раённай пракуратуры, а з Бабруйскага УУС, на дзеянні супрацоўнікаў якога ён, у прынцыпе, і скардзіўся.


Прычым, за некалькі дзён да гэтага журналісту патэлефанаваў маёр міліцыі Сяргей Рудзько і прапанаваў сустрэцца ў УУС — якраз з нагоды яго заявы ў пракуратуру.


Кіраўнік «Бобруйского курьера» адмовіўся ад гэтай сустрэчы, патлумачыўшы маёру Рудзько, што да іх ва УУС з заявамі ён не звяртаўся. А справа (для разгляду па сутнасці) даручана раённай пракуратуры.


Між тым, у лісце з міліцыі, атрыманым на днях Анатолем Санаценкам, начальнік Бабруйскага УУС, палкоўнік міліцыі А.П. Васільеў піша, што «па выніках праведзенай праверкі выкладзеныя факты не знайшлі свайго аб'ектыўнага пацверджання». Галоўны бабруйскі міліцыянт таксама запэўнівае Анатоля Санаценка, што ён не знаходзіцца «на якім-небудзь прафілактычным уліку». І тут жа пагражае рэдактару «Бобруйского курьера» санкцыямі за непраходжанне працэдуры дактыласкапічнай рэгістрацыі і прапануе прайсці яе «добраахвотна».


«Інфармацыя пра тое, што ўвосень 2011 года, падчас выканання сваіх прафесійных журналісцкіх абавязкаў, я, так бы мовіць, «у адплату», быў уключаны ў спісы асоб, якія падлягаюць прафілактыцы, — у мяне дакладная, правераная. Гэты спіс бачылі, чыталі. А словы начальніка УУС Бабруйскага гарвыканкама аб тым, што я не ўключаны ў афіцыйныя прафілактычныя мерапрыемствы, на маю думку, сведчаць пра тое, што мяне ўключылі ў спіс асоб, якія падлягаюць «нелегальнай», гэта значыць — незаконнай прафілактыцы. А калі сказаць па іншаму, «падлягаюць» пераследу па палітычных матывах», — кажа Анатоль Санаценка.


Нагадаем, 26 лістапада і 29 снежня 2011 года дадому да журналіста (у яго адсутнасць) прыходзілі чацвёра невядомых: два чалавекі ў міліцэйскай форме і два — у цывільным. А 31 снежні 2011-га супрацоўнікі УУС Бабруйскага гарвыканкама наведаліся ўжо да сябра БАЖ, у нядаўнім мінулым — журналісткі «Бобруйского курьера»  Алесі Скопінцавай.


Магчыма, працяг гэтай гісторыі здарыўся 5 красавіка 2012 года, калі Анатоль Санаценка быў выкліканы ў бабруйскую падатковую інспекцыю, дзе яго чакалі два афіцэры КДБ, якія на працягу 2,5 гадзін спрабавалі аказаць на яго юрыдычны і псіхалагічны ціск, запалохваючы прымяненнем артыкула крымінальнага кодэкса за яго публікацыі ў электронных СМІ.


Кіраўнік «Бобруйского курьера» расцэньвае гэта як безумоўны ціск і спробу перашкодзіць законнай дзейнасці — яго і іншых незалежных журналістаў.

Служба маніторынгу БАЖ
 

Каментаваць