Ігар Аліневіч — 8 гадоў узмоцненага рэжыму

Ігар Аліневіч атрымаў найвялікшы тэрмін зняволення з усіх палітвязняў за ўсю найноўшую гісторыю Беларусі — 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй аўтамабіля. 28-гадовы хлопец праходзіць па акрэсленай журналістамі «справе мінскіх анархістаў». Ці сапраўды Аліневіч з’яўляецца анархістам? Што ён рабіў у дзень нападу на расійскую амбасаду? Як хлопец звязаны са швейцарскай выведкай? Пра гэта — у гутарцы з маці палітвязня Валянцінай Аліневіч.



Ігар Аліневіч атрымаў найвялікшы тэрмін зняволення з усіх палітвязняў за ўсю найноўшую гісторыю Беларусі — 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй аўтамабіля. 28-гадовы хлопец праходзіць па акрэсленай журналістамі «справе мінскіх анархістаў». Ці сапраўды Аліневіч з’яўляецца анархістам? Што ён рабіў у дзень нападу на расійскую амбасаду? Як хлопец звязаны са швейцарскай выведкай? Пра гэта — у гутарцы з маці палітвязня Валянцінай Аліневіч.

Пры ўваходзе ў кватэру Аліневічаў на лесвічнай пляцоўцы вісяць дзве карціны, паміж якімі ў сцяну ўбіты цвік. «Ніколі не здагадаецеся, куды падзеўся трэці малюнак, — усміхаецца Валянціна Аліневіч. — Міліцыянты знеслі! Так, рабілі ператрус ды, відаць, вырашылі з сабою прыхапіць і гэты пейзаж». Карціна — не самае каштоўнае, без чаго пакінулі праваахоўнікі сям’ю Аліневічаў. Праз арышт сына Валянціна і Уладзімір Аліневічы пазбавіліся магчымасці пабачыць і сваю дачку, якая з мужам і сынам жыве ў Швейцарыі. «Ігар забараніў ёй прыязджаць — небяспечна. Дый муж-швейцарац, які пасля суда над Ігарам пачаў разумець, што творыцца ў Беларусі, не хоча, каб яна ехала. У нас, як быў ператрус, дык усё шукалі сувязь са швейцарскай выведкай, вось да чаго дайшло… Лета ўжо хутка, хочацца і на ўнука паглядзець, тут з ім пабыць», — шкадуе Валянціна Аліневіч.

Лета — невясёлы час для Аліневічаў, на зыходзе гэтай цудоўнай пары ў 2010 годзе і распачаліся ўсе непрыемнасці іх сына Ігара. «30 жніўня адбыўся злашчасны напад на расійскую амбасаду (у будынак кінулі 2 бутэлькі з гаручай сумессю, адна з іх патрапіла ў прыпаркаваны аўтамабіль і пашкодзіла яго — Т. Ш.). Усе неяк так пасмяяліся — па-першае, гэта быў дзень народзінаў Лукашэнкі, па-другое, ніхто не бачыў сэнсу ў гэтай акцыі. Ігар тады назваў яе лухтой, а я папярэдзіла — будзь асцярожным, бачыш, пачынаецца перадвыбарчая кампанія. Ігар мяне запэўніў, што ён не ўдзельнічае ні ў якіх падзеях, якія могуць патрапіць пад крымінальную адказнасць», — узгадвае Валянціна Аліневіч. У пяць эпізодаў, па якіх вінавацілі Аліневіча, напад на расійскую амбасаду быў уключаны. «У вечар нападу мы разам з Ігарам былі ў ягонай бабулі, выбіралі тканіну, каб пераабшыць мэблю. А ў крымінальнай справе напісана, што ў гэты самы час да яго зайшоў сябра і пабачыў, як Ігар разлівае кактэйль Молатава па бутэльках…» — распавядае спадарыня Валянціна.

Першыя затрыманні пачаліся 3 верасня, тады па падазрэнні ў нападзе на амбасаду арыштавалі семярых маладзёнаў, што разам здымалі кватэру. Сярод іх апынуліся і Мікалай Дзядок з Аляксандрам Францкевічам, якія пасля будуць асуджаныя па адной справе з Аліневічам. У наступныя дні хапалі ўсіх: анархістаў, антыфашыстаў, эколагаў, сяброў розных грамадскіх арганізацый, у прыватнасці, «Правага альянсу» і Партыі Свабоды; допыты па гэтай справе праходзілі нават у Салігорску ды Гомелі — агулам у якасці падазроных па справе праходзіла ажно 120 чалавек. На сайце беларускіх анархістаў, на якім кожны зарэгістраваны карыстальнік можа дадаваць навіны, з’явілася падазронае паведамленне ад нейкай групоўкі «Сябры свабоды», якая ўзяла на сябе адказнасць за акцыю ля амбасады. У хуткім часе кіраўніцтва сайта выдаліла правакацыйнае паведамленне і публічна абвясціла, што групоўку «Сябры свабоды» ніхто не ведае, а анархісты не маюць дачынення да закідвання амбасады кактэйлем Молатава.

«Нейкі час Ігар быў тут, яго ніхто не кранаў. Але, калі пачалі без разбору хапаць людзей дзясяткамі, ён вырашыў на ўсялякі выпадак перачакаць пару тыдняў па-за межамі Беларусі. Ён жа быў знаёмы з некаторымі затрыманымі, а таму была вялікая верагоднасць, што і ён патрапіць пад гэтую хвалю рэпрэсій. Таму ён ўзяў адпачынак за свой кошт ды з’ехаў у Расію. Так, дарэчы, з’ехалі многія. Але ж затрыманні тут не спыняліся, таму Ігару давялося прабыць у Маскве каля двух месяцаў. Ён вельмі перажываў за арыштаваных паплечнікаў, увесь час стараўся даведацца нешта пра іх, дапамагчы, актыўна пісаў у інтэрнэце пра гэтую справу, сустракаўся ў Маскве з іншымі людзьмі, абмяркоўваў з імі, як абараніць затрыманых, удзельнічаў у акцыях салідарнасці. Ну вось такім чынам замест таго, каб залегчы на дно, ён адкрыта пра сябе заявіў», — гаворыць маці палітвязня. Напрыканцы верасня бацькоў Аліневіча выклікалі на размову — маўляў, мы ведаем, што ваш сын нічога не рабіў, таму няхай вяртаецца. Аднак хлопец вяртацца не спяшаўся, таму яго вярнулі гвалтоўна.

Валянціна і Уладзімір Аліневічы ўжо падрыхтавалі сыну пасылку з новымі часопісамі
«Папулярная механіка»

 


Гісторыя, расказаная спадарыняй Валянцінай, гучыць як дэтэктыў, але надзвычай страшны, калі ўзгадаць, што пасля падобных выкраданняў Завадскага, Ганчара, Красоўскага і Захаранкі не знайшлі нават іх целаў.

«28 лістапада Ігару патэлефанаваў і папрасіў сустрэцца знаёмы Антон Лапцёнак, якога арыштавалі напачатку верасня, але пасля адпусцілі. Ігар казаў, што неблагі хлапец раней быў… І вось, калі Ігар ішоў на сустрэчу, яго затрымалі. Ігар быў разам са сваім сябрам, які бачыў усё і напісаў у інтэрнэце — я адтуль і даведалася. Ігара затрымалі ля метро «Баграціёнаўская» на выхадзе з гандлёвага цэнтра людзі, якія прадставіліся ФСБ. Хто ж гэта быў насамрэч — ніхто не ведае. Яго скруцілі, пасадзілі ў адну машыну, пасля перадалі другой машыне. На галаву яму апранулі шапку, ткнулі тварам у сядзенне і гналі да мяжы, не спыняючыся. Нават паміж сабою не перамаўляліся, толькі пісалі адзін аднаму sms. Чагосьці баяліся моцна, можа думалі, што партызаны будуць яго адбіваць ці што…» — цяпер Валянціна Аліневіч можа ўсміхацца, згадваючы выкраданне сына. Цяжка ўявіць, што перадумала жанчына за тыя суткі — толькі на наступны дзень дзяжурны адвакат паведаміў ёй, што Ігар знаходзіцца ў СІЗА КДБ (астатніх па «справе анархістаў» трымалі на Валадарцы).

Дарэчы, у 1937 годзе ў той самай «амерыканцы» сядзеў прадзед Ігара, якога пасля расстралялі як агента польскай дэфензівы. Болей за тое, прадзеда Ігара таксама асудзілі паводле хлуслівага сведчання! Ніводная экспертыза (а рабілі нават генную экспертызу па сліне) не пацвердзіла прысутнасці Ігара Аліневіча каля расійскай амбасады, але, каб даць 8 год турмы, суду хапіла абгавору хлопца былым таварышам Максімам Веткіным, якога з прысудам у 4 гады «хіміі» вызвалілі ў судовай залі.

Спадарыня Валянціна абурана гаворыць, што, калі Ігар на судзе распавёў абставіны свайго вяртання на Беларусь, цяпер ужо невыязная суддзя сказала, што гэта не мае значэння. Суд не зацікавіла ні адсутнасць ордэру на арышт Аліневіча, ні таемныя асобы выкрадальнікаў, ні поўнае ігнараванне правілаў экстрадыцыі з Расіі на Беларусь. Дарэчы, для правядзення судзілішча суддзя Жана Хвайніцкая адмыслова выйшла з дэкрэтнага адпачынку, адсудзіла ды вярнулася да выхавання дзіця.

На судзе Ігар Аліневіч прызнаў толькі адзін эпізод — удзел у мірнай акцыі ля Генеральнага штаба Узброеных сілаў Беларусі, якая адбылася яшчэ ў 2009 годзе. Маладзёны правялі невялічкае шэсце пад лозунгам «Войска гуляецца, а народ галадае» на знак нязгоды з правядзеннем сумесных беларуска-расійскіх вайсковых вучэнняў. Праўда, тады нехта з пратэстоўцаў кінуў дымавую шашку на тэрыторыю Генштаба. Пра нязначнасць таго эпізоду на судзе сведчыў намеснік кіраўніка Генштаба Ермакоў: праца ва ўстанове не спынялася, а міліцыя нават не вымала відэазапіс.

«Ігар і мне раней казаў, што гэтая акцыя была апошняй, у якой ён прымаў удзел. Ён працаваў радыёэлектроншчыкам ва ўстанове «Пеленг», удзельнічаў у стварэнні расійска-беларускага спадарожніка, таму адышоў ад актыўнай дзейнасці, — гаворыць Валянціна Аліневіч. — Ігар сапраўды шмат чытаў ідэолагаў анархізму, ведаў працы Бакуніна, Крапоткіна. Сам сябе ён не называў анархістам. Ігар падтрымлівае ідэю самастойнага развіцця грамадства паводле натуральных законаў, ідэю моцнага самакіравання як рухавіка гэтага развіцця. Таму ён пазітыўна ўспрымаў розныя актыўнасці, радаваўся моладзевай самаарганізацыі. Ігар дагэтуль і сам прымаў удзел у розных акцыях, якія моладзь арганізоўвала па сваёй ініцыятыве, без загадаў «зверху» — як валанцёры працавалі ў сядзібных комплексах у Лошыцы, у Прылуках, садзілі дрэвы ля дзіцячага анкалагічнага цэнтра ў Бараўлянах — там жа быў пустыр! Канешне, не прапускаў «Чарнобыльскія шляхі», ён выступаў супраць атамнай энергіі. У яго проста ідэя фікс — пабудаваць паселішча, якое б працавала на аднаўляльных крыніцах энергіі. Болей за ўсё ён цяпер перажывае, што пройдуць гэтыя 8 гадоў — і ён не будзе болей нікому патрэбны як спецыяліст. А з яго спрабуюць штучна зрабіць нейкага ворага, які ваюе супраць дзяржаўнай сістэмы. Нашы людзі прызвычаіліся асацыяваць анархістаў з экстрэмістамі, вось улады на гэтым і спекулююць. Ігар укладае ў панятак «анархізму» дамінаванне грамадства над дзяржавай, а не знішчэнне дзяржавы», — тлумачыць спадарыня Валянціна.

Мае вышэйшую адукацыю, працаваў у перспектыўнай сферы радыёэлектронікі, чытае ў калоніі часопісы «Папулярная механіка» — постаць Ігара Аліневіча яўна не кладзецца ў акрэслены прапагандыстамі вобраз «лайдака-экстрэміста». Чаму ж яго абралі ў якасці ахвяры ды яшчэ і пакаралі самым жорсткім чынам?

«Мне цяжка сказаць, я не магу гэтага патлумачыць, — гаворыць Валянціна Аліневіч. — Магчыма, яны пабачылі ў Ігары новую сілу, новае пакаленне, канкурэнцыю — маладую, здольную, таленавітую. Магчыма, адпомсцілі за ягоную ўпартасць, за адмовы быць КДБшным хакерам (яму прапаноўвалі гэта на поўным сур’ёзе) ці стварыць падкантрольную арганізацыю за мяжой. Ён не тое, каб кідаў выклік. Ігар — адэкватны чалавек і не будзе класціся на амбразуру. Ён проста не ўспрымаў тое, чаго ад яго хацелі, тое, што супярэчыла ягоным прынцыпам», — губляецца ў здагадках Валянціна Аліневіч.

Між сваякамі рэпрэсаваных па «справе анархістаў» ходзіць байка, чаму ўлады знянацку ўзяліся за актыўных маладзёнаў — маўляў, праглядаючы навіны пра буйныя забастоўкі анархістаў у Грэцыі летам 2010 года, Лукашэнка пачаў абурацца: што ж гэта робіцца, а ягоныя памочнікі з ліку сілавых структураў сказалі — дык і ў нас такія ёсць. Тады і быў аддадзены загад разабрацца. Так гэта ці не — пакуль даведацца немагчыма, але што б ні кіравала дзеяннямі тых, хто ўяўляе сябе распараджальнікамі лёсаў, гэта неапраўдальна.

 

Каментаваць