Ігар Пастухоў: «Адно з двух — ці АЭС, ці заказнік»

Яшчэ на пачатку ліпеня Ігар Пастухоў, дырэктар ландшафтнага заказніка «Сарачанскія азёры», што размяшчаецца прыблізна ў пяці кіламетрах ад Астравецкай пляцоўкі, звярнуўся ў Савет міністраў і Міністэрства энергетыкі з заклікам не будаваць АЭС паблізу ад ахоўных прыродных тэрыторый. Праз некалькі тыдняў Ігара Пастухова звольнілі. Ці ёсць сувязь паміж гэтымі падзеямі, і чаму спецыяліст наважыўся выступіць супраць сістэмы, у якой працаваў, высвятляла Вольга Хвоін.



Яшчэ на пачатку ліпеня Ігар Пастухоў, дырэктар ландшафтнага заказніка «Сарачанскія азёры», што размяшчаецца прыблізна ў пяці кіламетрах ад Астравецкай пляцоўкі, звярнуўся ў Савет міністраў і Міністэрства энергетыкі з заклікам не будаваць АЭС паблізу ад ахоўных прыродных тэрыторый. Праз некалькі тыдняў Ігара Пастухова звольнілі. Ці ёсць сувязь паміж гэтымі падзеямі, і чаму спецыяліст наважыўся выступіць супраць сістэмы, у якой працаваў, высвятляла Вольга Хвоін.

У лістах на адрас Саўміна і Мінэнерга цяпер ужо былы дырэктар ландшафтнага заказніка «Сарачанскія азёры» Ігар Пастухоў звярнуў увагу, што ў Беларусі, ужо пацярпелай ад Чарнобыля, засталося не так шмат не закранутых радыеактыўным забруджваннем месцаў. Адно з такіх месцаў — тэрыторыя Нарачы, Вілейскіх азёр, дзе размешчаныя адмыслова ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі: «Сарачанскія азёры», «Блакітныя азёры», «Швакшты», Нацыянальны парк «Нарачанскі», а таксама азёры Свір і Швакшты, дзе цяпер плануецца пабудаваць атамную станцыю.

— Ігар Аляксандравіч, ці была нейкая рэакцыя на вашы звароты супраць будаўніцтва атамнай станцыі ў органы дзяржаўнага кіравання?

— Не было. На маё імя ці нават проста на адрас заказніка ніякіх лістоў з адказам не прыходзіла. Мяркую, што там ведаюць пра маё звальненне. А калі няма чалавека, то і праблем няма.

— За што вас звольнілі?

— Не спадабаўся мой стыль працы. На працу ў заказнік «Сарачанскія азёры» я ўладкоўваўся з рэкамендацыямі ад экалагічных арганізацый. Да мяне там паўтара гады не было дырэктара. Як толькі прыйшоў працаваць, я адразу пачаў прасіць сродкі на заказнік, бо з мінулага года на развіццё не давалі грошы, а з гэтага — нават на ўтрыманне. Заказнік паступова абрастаў пазыкамі перад іншымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі і ўстановамі. Але ніводнага адказу на свае лісты я не атрымаў. Мой працадаўца — кіраўнік Астравецкага райвыканкама Адам Кавалька — нават ні разу не захацеў са мной сустрэцца, адпраўляў да куратара, які гаварыў: «Пацярпіце і працуйце далей». Напрыканцы сваёй працы я сам аплачваў утрыманне службовай машыны, якую, дарэчы, мне выдалі без пашпарту тэхагляду і страхоўкі. Я ўпэўнены, што аўтамабіль для мяне быў не раскошай, а неабходнасцю, бо праца патрабавала мабільнасці, а пад маім наглядам было 13 тысяч гектараў заказніка. Калі мы былі на тэрыторыі заказніка ў рэйдзе супраць браканьераў, нас спыніла ДАІ. За тое, што не было страхоўкі і тэхагляду, выпісалі штраф амаль на дзвесце тысяч рублёў. Яго я сплаціў са сваёй кішэні. Пры тым, што мой заробак вагаўся ад 239 да 400 тысяч рублёў.

Падчас сваёй працы на пасадзе дырэктара ландшафтнага заказніка «Сарачанскія азёры» я стаў вывучаць дакументацыю па АЭС. І калі ўвайшоў у курс спраў, зразумеў, што магчымы толькі адзін з двух варыянтаў — ці АЭС ці заказнік. Паспрабаваў нешта зрабіць у абарону гэтых мясцін — і вось вынік.

Дарэчы, мяне звольнілі 17 ліпеня, а 16-га прыйшла вымова па пошце за тое, што быццам бы 30 чэрвеня я не знаходзіўся на працы, маецца на ўвазе, у канторы. У той дзень я сапраўды быў у лесе, на тэрыторыі, якая была ў маім падпарадкаванні.

— Ці ёсць у вас навіны наконт таго, як ідуць справы ў заказніку пасля вашага сыходу?


— У мяне складваецца ўражанне, што заказнік нікому цяпер непатрэбны. Я ведаю, што кантору заказніка перанеслі ў Астравец за 30 кіламетраў, гэта тое ж самае, калі б яе перанеслі ў Мінск ці іншую краіну — тэрыторыя будзе некантраляваная. Аднойчы намеснік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга выказаўся ў такім ключы: калі атамная станцыя патрэбная, то варта будаваць, і, на шчасце, гэта ў нас не апошні заказнік. Запаведнік у Беларусі толькі адзін — Бярэзінскі. Белавежская пушча — гэта Нацыянальны парк са статусам лясной паляўнічай гаспадаркі.

Астравеччына — адзін з самых чыстых куткоў Беларусі. Падобныя яму — Расонскі і Гарадоцкі раёны. Мы хвалімся, што 30 працэнтаў тэрыторыі — асабліва ахоўваемая. Але насамрэч у многіх месцах ідзе вырубка лясоў. Замежнікаў, якія прыязджаюць сюды за экатурызмам, цікавяць найперш драпежнікі і драпежныя птушкі. Але калі мы страцім аўтэнтычныя лясы — страцім і фаўну, бо на месцы пасадкі штучных плантацый мяняецца экасістэма. Знішчаючы свае лясы, мы робім палёгку канкурэнтам, падымаем іх прадукт — найперш маю на ўвазе Швецыю, Балгарыю, Славакію, Фінляндыю. З такім падыходам да спраў мы самі ўпусцім свой патэнцыял, самі выб’ем фундамент з-пад экалагічнага турызму.

Ва ўсіх заказнікаў ёсць тры агульныя праблемы. Першая: яны не маюць запаведнай тэрыторыі паводле заканадаўства. Гэта проста асабліва ахоўваемая тэрыторыя, дзе абмежаваныя некаторыя віды дзейнасці. Напрыклад, можна секчы дрэвы ўзростам сто год. У нацыянальных парках абмежаваныя амаль усе віды дзейнасці, застаецца толькі навуковая, экалагічная, турыстычная. Аднак і прырода можа прыняць толькі пэўную колькасць турыстаў. Я вырас на Блакітных азёрах. Раней за два тыдні там нікога можна было не пабачыць, цяпер за дзень можа прыехаць 20 аўтобусаў з турыстамі. Ці варта выязджаць з Мінска, каб аказацца ў гарадскім парку? У нас заказнікі пайшлі па шляху, калі на першае месца ставіцца мэта зарабіць, а пасля ахоўваць прыроду. Калі прыедзеце на возера Свіцязь, пабачыце вялікую колькасць адпачываючых, у парку «Браслаўскія азёры» — усе стаянкі забітыя. У польскім Паазер’і ёсць разлікі па колькасці магчымых турыстаў, але браць іх нам невыгодна, бо ў выніку можа атрымацца так, што зарабіць не атрымаецца.

Другое: лясгасы не пытаюцца, што ім можна рабіць на тэрыторыі заказніка. Калі б па закону тэрыторыя заказніка насамрэч была яго ўласнасцю, то і карціна была б іншай. Які сэнс у гэтай ахове? 30 працэнтаў тэрыторыі Беларусі ў большасці выпадкаў ахоўваецца намінальна, бо ніхто не пытаецца ў цябе дазволу на правядзенне тых ці іншых працаў.

Да таго ж заказнікі падпарадкоўваюцца Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама мясцовым райвыканкамам — апошнія і нашы працадаўцы. Мы апынуліся паміж дзвюма кавадламі. Павінна быць падпарадкаванне Мінпрыродзе, заказнікі павінны быць уласнікамі. Міжнародная практыка паказвае, што ў ахове тэрыторыі ёсць сэнс, калі мінімум 50 працэнтаў тэрыторыі — запаведная. У нас — нуль. У заканадаўстве ёсць спасылка, калі ў заказніку ёсць нешта каштоўнае, то можа быць лакальная запаведная зона ў радыусе некалькіх сотнях метраў. Калі я працаваў дырэктарам ландшафтнага заказніка «Сарачанскія азёры», знайшоў некалькі такіх зон, якія, перакрываючы адна адну, дазвалялі стварыць каля 25 працэнтаў запаведнай зоны. З маім сыходам гэта праца наўрад ці будзе працягвацца.

Між іншым, цяпер кіраўніцтва заказнікаў мае права прымаць свае рашэнні без узгаднення з мясцовымі органамі кіравання. Я лічу, што гэтым трэба максімальна карыстацца. Бо любое новаўвядзенне, калі ідзе на ўзгадненне, рызыкуе быць спушчаным на тармазах. Трэба быць гаспадаром, а не толькі дырэктарам на паперы.

— Як мясцовыя жыхары рэагуюць на навіну пра магчымае будаўніцтва АЭС?


— Прыязджалі спецыялісты з Акадэміі навук і пацвердзілі, што мясцовае насельніцтва (у раёне заказніка) супраць, але не ведаю, як будзе на паперы. Магчыма, тыя, хто жыве ў Астраўцы, і за будаўніцтва — будуць новыя працоўныя месцы. Але я ведаю, як гэтае «за» фарміруецца: у калгас прыязджаюць зацікаўленыя ў будаўніцтве чыноўнікі і адбываецца агітацыя, а не дыскусія. Расказваецца толькі пазітыўнае. Гэта тое ж самае, што даць мядзведзю інспектаваць пасеку. Але трэба разумець, што адразу павялічыцца колькасць насельніцтва на 30 тысяч чалавек. І ўсе яны будуць жыць фактычна ў заказніку, які гэтага папросту не вытрымае. Нават у абгрунтаванні будаўніцтва АЭС, падрыхтаваным «Белэнерга», гаворыцца, што будзе дэградацыя навакольнага асяроддзя ў радыусе 30 кіламетраў.

— Канчатковае рашэнне аб будаўнітце АЭС дагэтуль не прынята. Што падштурхнула разыкнуць пасадай?

— Я вырас на прыродзе. Для мяне навакольнае асяроддзе насамрэч каштоўнае. Спачатку трэба навучыцца даваць прыродзе, а пасля, магчыма, ты нешта і атрымаеш. На гэтую працу я ішоў з мэтай нешта зрабіць. У гэтай сітуацыі мой статус прадугледжваў выбар. Я яго зрабіў, бо не маю намеру прадаваць сваю радзіму за трыдцаць атамных срэбнікаў.

— Ці былі ў вас на працы аднадумцы?

У мяне быў намеснік і бухгалтар. Але я не лез да іх са сваім меркаваннем. Падтрымку адчуў, толькі калі пайшла інфармацыйная хваля пасля маіх лістоў у дзяржорганы.

— Што страціў заказнік у сувязі з інфармацыяй пра магчымае будаўніцтва АЭС на Астравеччыне?

— Былі арганізацыі, гатовыя ўкласці грошы ў развіццё інфраструктуры, аднак у сувязі з патэнцыйным будаўніцтвам яны адмовіліся ад сваіх намераў. Людзі сказалі, што лепш інвестуюць грошы ў тых жа Вушаччах ці Расоншчыне. Я іх разумею. Яшчэ нічога не вырашана, аднак мы ўжо страцілі — іміджавыя страты самыя вялікія. Да канца мінулага года ніхто і падумаць не мог, што ў гэтым кутку Беларусі захочуць пабудаваць станцыю...

— Ці будзеце ўдзельнічаць у кампаніях супраць пабудовы АЭС?


— Хутчэй за ўсё, я б пагадзіўся. Але калі пад гэтым соўсам не будуць працягвацца нейкія палітычныя ідэі. Мяне цікавіць менавіта экалагічны аспект.

— Шэраг недзяржаўных арганізацый цяпер ладзіць кампанію абмеркавання будаўніцтва АЭС. Як лічыце, ці будзе з гэтага плён?


— Па закону, без грамадскіх слуханняў улады не маюць права прымаць рашэнне. У Астраўцы слуханні будуць у верасні, але магчымы варыянт з блытаннем даты, каб на іх не прыехалі падрыхтаваныя людзі. Тут трэба трымаць руку на пульсе і быць гатовым з’явіцца там у любы момант. Трэба паспрабаваць зрабіць усё магчымае для праўдзівага інфармавання насельніцтва, каб пасля не кусаць локці за нявыкарыстаныя шанцы. Я не думаю, што ва ўрадзе дурні. Яны павінны асэнсоўваць, што мы атрымаем і што згубім у выніку будаўніцтва атамнай станцыі на Астравеччыне.

--------------------------------------------------
Заказнік

«Сарачанскія азёры» размешчаны ў Астравецкім раёне Гродненскай вобласці. Налічвае 14 азёраў: Глухое, Бараньскае, Клеўе, Белае, Залоўскае, Каймінскае, Сарочча, Туравейскае, Тумскае, Галодна, Падкасцялок, Едзі, Губеза, Вераб’і. Працягласць — больш за 20 кіламетраў.
--------------------------------------------------

Даведка:

Ігар Пастухоў. Нарадзіўся ва Украіне, жыў у Вільнюсе. У 1982 годзе скончыў інстытут лясной гаспадаркі. Пачынаў працаваць з памочніка ляснічага. Тады ж правёў сваю першую акцыю па ўратаванню дубоў у Старадарожскім раёне. Арганізатар школы выжывання Survival, займаецца экалагічным турызмам, мастацкай фатаграфіяй. Жанаты, мае дваіх дзяцей.
 

Каментаваць