Gaudium et spes

Мінскі Архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі на гэтым тыдні адзначае 300-годдзе кансэкрацыі.

Мінскі Архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі на гэтым тыдні адзначае 300-годдзе кансэкрацыі.

Дэвізам святкаванняў было абрана лацінскае выслоўе «Gaudium et spes» — «Радасць і надзея». Урачыстасці з гэтай нагоды будуць мець перш за ўсё душпастырскі характар. Святкаванню папярэднічала правядзенне спецыяльнай 9-дзённай навэнны ва ўсіх парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У мінскай архікатэдры яна ўключала ружанцовую малітву, святыя Імшы і штодзённае агучванне рэфератаў на эклезіялагічную, іерархічную, літургічную або гістарычную тэматыку.

У святкаванні, акрамя душпастыраў і вернікаў Беларусі, прымуць удзел шматлікія госці з-за мяжы. Як паведаміў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, у ліку запрошаных — прадстаўнікі дзяржаўных і грамадскіх структур, дыпламаты, іерархі і служкі Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі, мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усёй Беларусі, а таксама пасланец Папы Рымскага Бенедыкта XVI кардынал Ёзэф Томка — былы прэфект ватыканскай Кангрэгацыі евангелізацыі народаў, які будзе казаць сваю пропаведзь па-беларуску. “Гэта ёсць знакам павагі да Беларусі і нацыянальнай культуры, салідарнасці з беларускімі каталікамі і ўсюдыіснасці касцёла, — зазначыў архібіскуп.

Кардынал Томка плануе сустрэцца з мітрапалітам Філарэтам і прадстаўнікамі ўлады, 10 кастрычніка ён узначаліць імшу ў Маладзечанскім касцёле Святога Ёзэфа, дзе таксама скажа пропаведзь па-беларуску.

У Мінскім Архікатэдральным касцёле плануецца ўстанавіць дзве мемарыяльныя дошкі: у гонар 300-годдзя асвячэння храма і з імёнамі святароў, якія служылі ў касцёле з 1710 па 1945 гады.

Мінскі архікатэдральны касцёл імя Найсвяцейшай Панны Марыі быў заснаваны езуітамі 31 ліпеня 1700 года. 16 сакавіка 1710 года храм асвяціў біскуп Віленскі Канстанты Казімір Бжастоўскі. У 1798 годзе святыня была ўдастоеная статуту кафедральнага касцёла. У пасляваенны час храм быў адабраны ў вернікаў і аддадзены пад Дом фізкультуры. У 1951 годзе святыня была цалкам спустошаная і перабудаваная. 9 снежня 1993 года пастановай беларускага ўрада будынак вярнулі каталікам. Вялікі ўнёсак у аднаўленне касцёла зрабіў кардынал Казімір Свёнтэк.
 

Каментаваць