Германовічы. Ашмяны. Віцебск.

Германовічы. Сустрэча краязнаўцаў

Германовічы. Сустрэча краязнаўцаў

У вёсцы Германовічы прайшла Віцебская абласная канферэнцыя «Апошнія краязнаўчыя дасягненні Дзісеншчыны». Яна адбылася ў літаратурна-мастацкім музеі імя Міхася Райчонка — літаратара, даследчыка мясцовай даўніны, які ў маладым веку заўчасна адышоў у нябыт. Арганізавала мерапрыемства кіраўнік культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча Ада Райчонак. На канферэнцыю сабралася болей за 40 краязнаўцаў з Мінска, Віцебска, Браслава, Глыбокага, Міёр, Шаркаўшчыны. Былі абмеркаваны пытанні пошуку рэчавых, выяўленчых і пісьмовых рэліквій, а таксама праблемы стварэння экспазіцый грамадскіх музеяў і формы іх працы.


Ашмяны. Лепшыя на Гродзеншчыне

Эксперты Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў склалі рэйтынг самых гасцінных для бізнесу беларускіх гарадоў. На Гродзеншчыне першае месца занялі Ашмяны. На Віцебшчыне ў лідэрах — Полацк і Дзісна, а агулам па краіне — Ліда і Крычаў. Такое даследаванне ў Беларусі правялі ўпершыню. Адмыслоўцы цэлы год вывучалі беларускія гарады па розных крытэрах. Улічвалася і колькасць бізнесменаў у горадзе і тое, колькі грошай яны прыносяць у гарадскую казну, а таксама якую прадукцыю прадпрымальнікі прадаюць за межамі свайго горада. Мінск складальнікі рэйтынгу ў разлік вырашылі не браць.


Віцебск. Чарговы падарунак з Расіі

Паколькі афіцыйны вываз з Расіі арыгіналаў твораў выяўленчага мастацтва абмежаваны законам і мае пэўную працэдуру, кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта гэтай краіны Сяргей Нарышын падараваў гораду 6 копій палотнаў знакамітага мастака Іллі Рэпіна. «У мінулы год падчас «Славянскага базару ў Віцебску» я наведаў музей-сядзібу Здраўнева, дзе працаваў у свой час мастак, — патлумачыў Нарышын. — І ў мяне ўзнікла ідэя перадаць Віцебску падарунак». Копіі твораў размешчаны ў Віцебскім мастацкім музеі.

Падрыхтаваў Язэп Палубятка

Каментаваць