Глыбокае. Гродна. Навагрудак. Гомель. Магілёў.

Глыбокае. Кніга пра гісторыю краю

Глыбокае. Кніга пра гісторыю краю

Пры падтрымцы глыбоцкіх актывістаў Руху «За Свабоду» выдадзена кніга «Валерыянаўскія школы ксяндзоў Лужэцкіх піяраў». Яна распавядае пра гісторыю Лужэцкай школы ксяндзоў піяраў, якая існавала ў XVIII — першай трэці XIX стагоддзя, пра арганізацыю навучання, парадкі ў школе. Прыводзіцца спіс настаўнікаў і вучняў. Аўтар аналізуе прычыны яе закрыцця расійскімі ўладамі ў 1832 годзе. Кніга ўпершыню з’явілася на польскай мове ў 1937 годзе. Пераклад з польскай зрабіў актывіст Руху «За Свабоду» Уладзіслаў Ляскоўскі з вёскі Германавічы.


Гродна. Свята горада

Гродзенскі Рух «За Свабоду» арганізаваў 4–11 лістапада Дні Губерта — грамадскія дні Гродна. 4 лістапада ў Троннай зале Старога Замка адбылася першая ў Беларусі прэзентацыя кнігі «Рыцары і дойліды Гародні», а таксама ўрачыстае адкрыццё выставы малюнкаў, паводле якіх паўставала унікальная кніга. Падчас прэзентацыі была праведзена дабрачынная латарэя, даход ад якой пойдзе на патрэбы гродзенскіх музеяў. А 5 лістапада ў памяшканні Таварыства беларускай школы прайшла творчая сустрэча з бардам Віктарам Шалкевічам. Нагодай стаў кніжны дэбют мэтра беларускага шансона — «Блюз Вясна». «Блюз Вясна» — гэта вершы і песні, што сталі хітамі. Па іх пазнаюць Віктара Шалкевіча.


Навагрудак. Арыгінальная экспазіцыя


У Доме-музеі Адама Міцкевіча адкрылася персанальная фотавыстава «Дробязі жыцця» Наталлі Дзегцяровай, сябра Народнага фотаклуба «Мінск». Па адукацыі яна — праграміст, але, як адзначыла аўтар, «дзесяць гадоў праграмавання ў галіне бухгалтэрыі і справаводства не змаглі выбіць з мяне наіўны рамантызм і жаданне глядзець на свет дзіцячымі вачыма першаадкрывальніка».


Гомель. Крыжы ад «Водаканала»

Прадпрыемства «Гомельводаканал» даўно ўжо аказвае платныя паслугі грамадзянам, згодна профілю сваёй дзейнасці (напрыклад, пракладка водаправода, каналізацыі; прамыўка каналізацыйнай сеткі; адпампоўванне і вываз каналізацыйных стокаў і іншыя паслугі). Паколькі прыбытак ад пабочных паслуг малы, кіраўніцтва «Гомельводаканала» арганізавала службу па аказанню рытуальных паслуг, чым закранула даходную сферу іншых прадпрымальнікаў, і гэта выклікала ў іх незадавальненне. .


Магілёў. Арыгінальныя спаборніцтвы

У Магілёве адбылося першынства па гульні ў «стокс», у якой прынялі ўдзел сем чалавек. За гульнёй назірала 20 гледачоў. Сама гульня складаецца з двух этапаў. На першым этапе неабходна было падкідваць мячык любымі часткамі цела так, каб ён як надаўжэй быў у паветры і не ўпаў на зямлю. Другі этап праходзіў па прынцыпу валейбола, толькі нельга было датыкацца да мяча рукамі. Пераможцы атрымалі «флэшкі». Нешматлікім балельшчыкам, што пабачылі такія спаборніцтвы ўпершыню, яны спадабаліся. Іх арганізатары выказалі намер спаборніцтвы па «стоксу» праводзіць рэгулярна.

Каментаваць