Глыбокае. Мядзел. Нарач. Полацк, Вілейка. Астравец.

Глыбокае. Расія працягвае гандлёвую вайну

Днямі дзве партыі згушчанага малака колькасцю 17,2 і 42 тоны вытворчасці ААА «Глыбоцкі малочны камбінат» і ААА «Беллакт» былі затрыманы на прапускным пункце «Красны камень». Пра гэта нават афіцыйна паведаміла прэс-служба Упраўлення Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай вобласці. Не патрапілі ў Расію таксама дзве партыі нямецкага сала агулам у 50 тон. Прычына — парушэнне ветэрынарнага заканадаўства РФ.

Глыбокае. Расія працягвае гандлёвую вайну

Днямі дзве партыі згушчанага малака колькасцю 17,2 і 42 тоны вытворчасці ААА «Глыбоцкі малочны камбінат» і ААА «Беллакт» былі затрыманы на прапускным пункце «Красны камень». Пра гэта нават афіцыйна паведаміла прэс-служба Упраўлення Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай вобласці. Не патрапілі ў Расію таксама дзве партыі нямецкага сала агулам у 50 тон. Прычына — парушэнне ветэрынарнага заканадаўства РФ.


Мядзел. Сустрэча з землякамі


У раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя аўтабіяграфічнай кнігі «Ген жыцця» Васіля Шаранговіча. Сустрэча з Шаранговічам прайшла ў рамках клуба «Задушэўная размова». Аўтар распавёў пра гісторыю напісання кнігі, а таксама пра свой творчы і жыццёвы шлях, адказаў на пытанні прысутных. Васіль Шаранговіч нарадзіўся 14 студзеня 1939 года ў вёсцы Качаны Мядзельскага раёна. У гэтым годзе ён адзначыў сваё 70-годдзе — больш чым сорак год творчасці, як у мастацтве, так і ў літаратуры. Шаранговіч праілюстраваў больш за шэсцьдзесят кніг, палова з якіх адзначаная на ўсесаюзных і рэспубліканскіх конкурсах, у тым ліку чатырма дыпломамі і медалём Францыска Скарыны.


Нарач. «Зубраня» ў новым статусе


Знакаміты піянерскі лагер на Беларусі савецкіх часоў, які займеў у незалежнай рэспубліцы статус дзіцячага аздараўляльнага лагера «Зубраня», згодна Указа прэзідэнта РБ, перайменаваны ў «Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўляльны цэнтр «Зубраня». Паводле ўказа, асноўнымі накірункамі дзейнасці арганізацыі з’яўляюцца «выхаванне, навучанне і аздараўлення дзяцей, пры ўмове, што яны дасягнулі высокіх вынікаў у навучанні і грамадскай дзейнасці, узнагароджаны па выніках алімпіяд, конкурсаў, спартовых мерапрыемстваў. Сярод іншага, цэнтр будзе займацца «метадычным забеспячэннем вучэбна-выхаваўчага працэсу аздараўляльных лагераў на Беларусі». Саўміну даручана з 2010 па 2015 гады здзейсніць комплекс мерапрыемстваў па арганізацыі дзейнасці былога піянерлагера.


Полацк, Вілейка. Беларус з Польшчы


22 жніўня адбылася прэзентацыя новай кнігі Алега Латышонка «Нацыянальнасць — беларус» у канферэнцзале Музея беларускага кнігадрукавання ў Полацку, а яшчэ праз дзень — у Вілейцы. Алег Латышонак — доктар гістарычных навук, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы, прафесар Беластоцкага універсітэта, адзін з лідэраў беларускай меншасці ў Польшчы. Сёлета глыбоцкія ўлады забаранілі прэзентацыю яго кнігі «Жаўнеры БНР». Кніга «Нацыянальнасць — беларус» прысвечана беларускай нацыянальнай ідэі.


Астравец. Дзень эколагаў і анархістаў

Актывісты грамадскіх арганізацый з Мінска, Гродна, Масквы правялі на Астравеччыне «Антыядзерны дзень дзеянняў» — акцыю публічнага пратэсту супраць будаўніцтва АЭС. 23 жніўня ў Астраўцы і населеных пунктах Міхайлішкі, Гервяты, Валейкуны, Варняны, паблізу якіх плануецца ўзвядзенне станцыі, адбылася іх сустрэча з мясцовымі жыхарамі. Былі раздадзены друкаваныя матэрыялы, у якіх распавядаецца аб наступствах пабудовы ў гэтай мясцовасці падобнага аб’екта. Пятнаццаціметровы транспарант «Астравецкая АЭС? Дзякуй, не трэба!» быў вывешаны ў вёсцы Міхайлішкі на мосце праз рэчку Вілія, ваду якой плануюць задзейнічаць для ахаладжэння беларускай АЭС. Транспарант «Не АЭС!» змясцілі на пляцоўцы паблізу вёскі Валейкуны, якую атамшчыкі разглядаюць як прыярытэтную для магчымага будаўніцтва станцыі. Ні адзін з 30 удзельнікаў акцыі не быў затрыманы.

Паводле слоў арганізатараў, «Антыядзерны дзень дзеянняў» стаў рэакцыяй грамадскасці на будаўніцтва новай мясцовай дарогі, якое нядаўна пачалося, і фактычна азначае пачатак прац па стварэнні інфраструктуры спецыяльна для АЭС. Між тым, рашэнне пра выбар пляцоўкі заканадаўча яшчэ не прынята.

Падрыхтаваў Язэп Палубятка

Каментаваць