Глушкавічы. Полацк. Наваполацк. Брэст. Слуцк.

Глушкавічы. Палессе як ёсць

Глушкавічы. Палессе як ёсць

У мясцовым Палацы культуры адбылося адкрыццё музея сялянскага побыту. Ініцыятарамі яго стварэння выступілі работнікі культуры і адукацыі пры актыўным удзеле аматара мясцовага фальклору Таццяны Красюк. Стварэнне музея — супольная праца многіх калектываў і асобаў. Да аздобы інтэр’еру прычыніўся мастак Іван Бялоцкі, які надаў яму асаблівы каларыт і арыгінальнасць. Экспанаты — звычайныя сялянскія рэчы далёкіх часоў, якія зараз рэдка сустракаюцца на Палессі. Падчас адкрыцця музея навучэнцы мясцовай сярэдняй школы паказалі наведвальнікам абрад «Улазіны».

Полацк. Дрэва яднання сэрцаў

Пакуль полацкія камунальнікі думаюць, чым бы замяніць традыцыю маладых вешаць на Чырвоны мост сімвалічныя «замочкі кахання», у Фарынава для гэтых мэтаў «вырасла» дзіўнае дрэва. Як распавядае старшыня сельсавета Віктар Чэх, на падобную ідэю яго натхнілі матэрыялы ў прэсе пра традыцыі маладых. Рэалізаваць яе атрымалася пры спонсарскай дапамозе мясцовай прыватнай фірмы «Олдзі-трэйд». Само па сабе «Дрэва кахання» — невялікая металічная канструкцыя з васьмю галінамі, якія ўтвараюць эліпс. У далейшым гэтыя галіны ўпрыгожацца сімвалічным лісцем-замочкамі, а для таго, каб назаўжды «страціць» ключ ад замка, сімвалізуючага яднанне сэрцаў, да паслуг маладых невялікая сажалка, размешчаная побач. Можна чакаць, што праз пару гадоў гэта дзіўнае дрэва распусціцца металічным лісцем, бо на тэрыторыі сельсавета пражывае больш 500 маладых людзей ва ўзросце да 18 гадоў, а ў год адбываецца каля 25 вяселляў. Стаць пачынальнікамі традыцыі выпала Аляксею і Марыне Івановым, шлюб якіх быў зарэгістраваны 17 кастрычніка.

Наваполацк. Творчыя сустрэчы

21 кастрычніка суполка «Рубон» Наваполацкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і бібліятэка імя Я. Коласа ў Наваполацку зладзілі творчую сустрэчу з вядомым беларускім бардам, пераможцам бардаўскіх конкурсаў Таццянай Беланогай. Сустрэча адбылася ў межах кампаніі «Будзьма» і прайшла пры перапоўненай гледачамі зале.

Брэст. Змаганне з жкг працягваецца


Абласная кааліцыя АДС працягвае кампанію «За наш горад». Некалькі месяцаў таму кааліцыя звярнулася са скаргай да мясцовых камунальнікаў з нагоды незадавальняючага стану дваравых тэрыторый. Урэшце быў атрыманы адказ, да яго прыкладзена фотасправаздача на 11 старонках, дзе было засведчана, што рамонт адбыўся на тэрыторыі чатырох дамоў па вуліцы Валгаградскай. Аднак у іншых месцах горада работы па навядзенні парадку не праводзіліся. А паколькі ЖКГ парушыла тэрміны адказу на скаргі грамадзян, то адпаведныя заявы былі накіраваны ў пракуратуру.

Слуцк. Збройнаму чыну прысвячаецца

Грамадзянская кампанія «Наш Дом» зладзіла спецыяльны семінар, прысвечаны 90-м угодкам Слуцкага збройнага чыну. З грунтоўным дакладам па гэтай тэме выступіла кандыдат гістарычных навук Ніна Стужынская, якая сярод іншага распавяла пра малавядомыя эпізоды змагання тутэйшых людзей супраць бальшавіцкай акупацыі краю.

Каментаваць