Год няспраўджаных надзей

Гэты год цалкам можна назваць годам няспраўджаных надзей. На жаль, не спраўдзілася тое, на што спадзявалася беларуская грамадскасць. Лібералізацыі не адбылося.



Гэты год цалкам можна назваць годам няспраўджаных надзей. На жаль, не спраўдзілася тое, на што спадзявалася беларуская грамадскасць. Лібералізацыі не адбылося.

Пачыналася ўсё прыгожа. Былі створаныя шматлікія «каардынацыйныя рады» пры Адміністрацыі прэзідэнта, па сродках масавай інфармацыі, па прадпрымальніках. Туды ўпершыню ўвайшлі прадстаўнікі апазіцыі. Напачатку года ў распаўсюд трапілі «Наша ніва» і «Народная воля», быў зарэгістраваны рух Мілінкевіча «За Свабоду», і яму нават дазволілі выдавецкую дзейнасць. Але на гэтым лібералізацыя скончылася. І гэта яскрава паказаў візіт рабочай групы Парламенцкай асамблеі АБСЕ, які прайшоў на гэтым тыдні.

Рабочая група Парламенцкай асамблеі АБСЕ заклапочана сітуацыяй са свабодай СМІ і арганізацый у Беларусі, а таксама магчымасцямі партый паўнавартасна ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны. Пра гэта заявіла кіраўнік рабочай групы па Беларусі ПА АБСЕ, шведскі дэпутат Сесілія Вігстром 22 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яе слоў, галоўнай мэтай візіту дэлегацыі 20–22 снежня ў Беларусь было ўбачыць, як развіваецца сітуацыя ў краіне. Дэлегацыя правяла шэраг сустрэч з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, грамадзянскай супольнасці і палітычных партый. «Падчас сустрэч мы заклікалі беларускія ўлады да развіцця і пашырэння дыялогу з міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку з АБСЕ, — сказала Вігстром. — Мы высока цэнім інтэнсіўны дыялог Беларусі з АБСЕ і іншымі структурамі па паляпшэнні дэмакратычных працэсаў, але павінны адзначыць, што яшчэ шмат неабходна зрабіць».

Адной з важных тэмаў абмеркавання падчас усіх сустрэч былі папраўкі, нядаўна ўнесеныя ў Выбарчы кодэкс Беларусі, зазначыла яна. Пры гэтым кіраўнік дэлегацыі адмовілася каментаваць іх. «Я не ўпаўнаважана гэта рабіць, таму што мы яшчэ не атрымалі поўны тэкст Выбарчага кодэкса з папраўкамі. Мы ўсё яшчэ яго чакаем. АБСЕ і БДІПЧ падалі Беларусі дэталёвы і поўны спіс рэкамендацый для змены заканадаўства. Мы спадзяемся, што яны былі ўлічаны», — сказала Вігстром.

У сваю чаргу, сябра рабочай групы, польскі дэпутат Павел Панцыльюш адзначыў, што гэтыя рэкамендацыя былі зроблены АБСЕ пасля назірання за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі ў 2008 годзе. «Тады былі дзве асноўныя праблемы, якія выклікалі заклапочанасць, — рэгістрацыя кандыдатаў і падлік галасоў. Мы рады адзначыць, што адна з гэтых праблем (рэгістрацыя кандыдатаў) гэтымі папраўкамі была вырашана. Мы ўсё яшчэ чакаем вырашэнне праблемы падліку галасоў», — сказаў ён.

Таксама Парламенцкая асамблея АБСЕ занепакоена фактамі выкрадання маладзёжных актывістаў у Беларусі. «Мы абмяркоўвалі пытанне аб арыштах і рэпрэсіях у дачыненні да палітычных апанентаў. Мы занепакоены фактамі выкрадання маладых людзей. Нам таксама вядома пра факты новых адміністрацыйных арыштаў і пра выключэнне адной студэнткі з універсітэта», — сказала Вігстром.

Паводле яе слоў, гэтыя факты, а таксама пытанне аб адмене артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі) абмяркоўваліся на сустрэчы з прадстаўнікамі Міністэрства юстыцыі Беларусі. «Намеснік міністра юстыцыі заявіў, што цяпер разглядаецца пытанне аб адмене гэтага артыкула, — сказала Вігстром. — Мы лічым, што гэта важна для забеспячэння права на свабоду сходаў. Гэты артыкул стварае цяжкасці для многіх палітычных партый і грамадскіх арганізацый».

Што тычыцца арыштаў паводле палітычных матываў, то прадстаўнік Мінюста заявіў сябрам рабочай групы ПА АБСЕ, што ўсе названыя імі людзі не з’яўляюцца палітзняволенымі, а іх справы — «крымінальныя выпадкі».

Ну, канешне ж, «крымінальныя выпадкі». Цікава, чаму тады ніводзін факт прымусовага вывазу ў лес не быў расследаваны? Хай, нават, і не вывазу ў лес — Артура Фінькевіча вазілі па горадзе, завіталі і ў РАУС, і ў падатковую. Але — дзіўная рэч! — ніхто за гэта не панёс адказнасць! Ні за захоп без ордэра, ні за нескладанне пратаколаў, ні за тое, што яго ўтрымлівалі пяць гадзін замест трох... Цікавы ў нас крыміналітэт у міліцэйскай форме!

Тым не менш, ёсць у краіне і аптымісты. Ніякія аднаразовыя змяненні курсу беларускага рубля ні да канца 2009 года, ні ў 2010 годзе ажыццяўляцца не будуць. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджаным 21 снежня паведамленні Нацыянальнага банка Беларусі адносна планаў курсавай палітыкі.

Галоўны банк краіны адзначае, што ў гэтым годзе праводзіцца палітыка курсаўтварэння, заснаваная на прывязцы курсу беларускага рубля да кошту кошыка, які складаецца з трох замежных валют — долара ЗША, еўра і расійскага рубля. Пры гэтым ваганні курсу абмяжоўваюцца ў межах +/-10% у адносінах да цэнтральнага значэння, якое ўстаноўлена 2 студзеня 2009 года.

Цяпер узровень зніжэння курсу беларускага рубля ў адносінах да цэнтральнага значэння кошту кошыка валют складае каля 8%. «Гэта паступовае зніжэнне ажыццёўлена ў межах устаноўленага калідора з мэтай нейтралізацыі ўплыву сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу на канкурэнтаздольнасць знешняга гандлю, а таксама з улікам суадносін попыту і прапановы замежнай валюты на ўнутраным рынку. Аднак зараз у эканоміцы краіны, яе знешнеэканамічным сектары, сфарміраваліся ўсе неабходныя перадумовы, якія дазваляюць ажыццяўляць далейшае падтрыманне курсу на стабільным узроўні», — адзначаюць у галоўным банку краіны.

Але ў некаторых аптымізм папросту зашкальвае. У 2017 годзе будзе створана адзіная дзяржава на постсавецкай прасторы. Пра гэта дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Павел Барадзін заявіў 18 снежня падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай дзесяцігоддзю падпісання саюзнага дагавора.

Паводле яго слоў, для гэтага трэба будзе толькі прыняць дакументы, якія вызначаюць функцыянаванне Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. «Я спа­дзяюся, што на наступным пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, якое пройдзе ў ліпені 2010 года ў Мінску, будуць абмеркаваныя праект саюзнай Канстытуцыі і пытанне аб адзінай валюце. Пасля гэтага Саюзная дзяржава атрымае такі магутны штуршок да развіцця, што да нас пацягнуцца ўсе суседзі — проста таму, што ўбачаць, якія выгады мы атрымліваем ад супрацоўніцтва ў межах СД», — заявіў Барадзін.

Паводле яго меркавання, у выніку можна будзе дасягнуць таго, каб расійскі бюджэт Саюзнай дзяржавы дасягаў 100 мільярдаў расійскіх рублёў, што прыкладна ў 18 разоў больш, чым зараз. Акрамя таго, дабіцца стварэння дадаткова 3–4 мільёнаў працоўных месцаў для беларусаў і 18–20 мільёнаў — для расіян.

«Мы ўсіх прымем: Украіну, Грузію, Арменію, Азербайджан. І да 2017 года на постсавецкай прасторы будзе канфедэрацыя, якая аб’ядноўвае амаль усе рэспублікі былога СССР, а потым у гэтую канфедэрацыю ўвойдзе і Еўропа», — заявіў Барадзін.

Пал Палыч пра гэта казаў ужо неаднаразова. Але кожны мае свае мары пад Новы год...

Каментаваць