Год памяці ахвяраў таталітарызму

У Мінску створаны грамадскі аргкамітэт па правядзенні Года гістарычнай памяці ахвяраў таталітарызму. У аргкамітэт увайшлі былыя вязні ГУЛАГу, грамадскія і палітычныя дзеячы, навукоўцы і журналісты.
 

У Мінску створаны грамадскі аргкамітэт па правядзенні Года гістарычнай памяці ахвяраў таталітарызму. У аргкамітэт увайшлі былыя вязні ГУЛАГу, грамадскія і палітычныя дзеячы, навукоўцы і журналісты.
 
У звароце да грамадзян Беларусі і беларусаў дыяспары, прынятым на пасяджэнні, нагадваецца, што 75 гадоў таму, у 1937 годзе, улады СССР пачалі супраць яго народаў беспрэцэдэнтную кампанію тэрору, якая ўвайшла ў гісторыю як “вялікі тэрор. “Страшныя наступствы савецкага бальшавіцкага тэрору і сёння адбіваюцца на нашым народзе. Немагчыма папоўніць страту родных і блізкіх, знішчэнне генафонду нацыі, яе культурнага, навуковага і эканамічнага патэнцыялу. Змяніліся пакаленні, зрынулася ўлада бальшавікоў, але сёння ў нашай краіне робяцца спробы сцерці памяць аб злачынствах савецкага рэжыму, апраўдаць іх, а злачынцаў — абяліць. Злавесныя тэндэнцыі “барацьбы з ворагамі народа выяўляюцца ў тым, як дзеючая ў Беларусі ўлада ставіцца да іншадумцаў, да змагароў за правы і свабоды, — гаворыцца ў звароце.

Яго аўтары лічаць недапушчальным і злачынным знішчэнне і фальсіфікацыю гістарычнай памяці, выказваюць упэўненасць, што “яе захаванне і адраджэнне дапаможа беларускаму народу пераадолець цяжкасці, якія стаяць на яго гістарычным шляху, захаваць незалежнасць нацыі, яе культурны і матэрыяльны здабытак, традыцыі і каштоўнасці.

Абвяшчаючы 2012 Годам гістарычнай памяці, удзельнікі пасяджэння звярнуліся да дзеячаў культуры і навукі, да палітыкаў і журналістаў, да грамадскіх актывістаў і да ўсяго народу Беларусі з прапановай аб’яднаць намаганні для выратавання гістарычнай памяці народа, уключыцца ў працу аргкамітэту, дасылаць свае прапановы, а таксама ўдзельнічаць у акцыях Года гістарычнай памяці.

На сваім наступным пасяджэнні аргкамітэт абмяркуе праграму мерапрыемстваў і акцый па ўшанаванні памяці ахвяраў таталітарызму, па захаванні гістарычнай памяці і выхаванні моладзі ў павазе да нацыянальнай гісторыі і культуры.

Як адзначыў культуролаг Вацлаў Арэшка, нягледзячы на палітыку ўладаў, накіраваную на вынішчэнне памяці пра сталінскія рэпрэсіі, грамадскасць здолела абараніць Курапаты і адрадзіць працу па ўвекавечванню памяці бязвінных ахвяраў палітычных рэпрэсій. Паводле яго слоў, у краіне аднаўляецца традыцыя “вялікага тэрору і яго спадчына, пра што сведчаць масавыя арышты, збіццё людзей, разгоны акцый і палітычныя вязні.

Паводле слоў даследчыка гісторыі савецкіх рэпрэсій Ігара Кузняцова, у 1995 годзе ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ліквідавана рабочая група па вывучэнні прычын масавых рэпрэсій перыяду сталінізму, якая была створана ў 1990 годзе. Такім чынам, з 1995 года ў краіне ні адзін айчынны навуковец не вывучае гэтую тэму ў межах дзяржаўных праектаў.

Былы вязень ГУЛАГу Уладзімір Раманоўскі звярнуў увагу на тое, што ў краіне, на жаль, бацькі па-ранейшаму гавораць сваім дзецям: “Не высоўвайцеся!, калі даюць ім наказ у жыццё. Паводле яго слоў, вялікую ролю ў заняволенні грамадства дзяржавай адыгрывае і сістэма адукацыі, існуючая ў краіне. На думку Раманоўскага, узровень грамадзянскай свядомасці беларусаў адкінуты на 50 гадоў у мінулае — у 1960-я гады. Адной з задач аргкамітэта ён лічыць давядзенне да моладзі лакальнай гістарычнай памяці пра рэпрэсіі на ўзроўні сям’і і школы, а таксама больш шырокае адлюстраванне гэтай тэмы сродкамі літаратуры і мастацтва.
 

Каментаваць