Госці, госці, госці, хтосьці ёсць, няма кагосьці

Такой колькасці замежных гасцей адначасова Беларусь, здаецца, не ведала. Беларусь наведвае шмат хто з еўрапейскіх структураў. Галоўнае, каб з гэтага быў плён. Але далёка не ўсе на такі дыялог ускладаюць вялікія надзеі.

Такой колькасці замежных гасцей адначасова Беларусь, здаецца, не ведала. Беларусь наведвае шмат хто з еўрапейскіх структураў. Галоўнае, каб з гэтага быў плён. Але далёка не ўсе на такі дыялог ускладаюць вялікія надзеі.


Напачатку тыдня ў Беларусь прыбыла дэлегацыя Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. Дэлегацыю ўзначальвае старшыня Палітычнага камітэта асамблеі Горан Ліндблад. У яе складзе старшыня падкамітэта ПАСЕ па Беларусі Сініка Хурскайнен і дакладчык Парламенцкай асамблеі па сітуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні.



Еўрапейскія палітыкі абмеркавалі з беларускімі ўладамі перспектывы далейшага дыялогу з Саветам Еўропы і ПАСЕ ў галіне дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона. У ходзе візіту адбыліся сустрэчы прадстаўнікоў еўраструктур са старшынямі абедзвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі, кіраўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта, міністэрстваў замежных спраў, юстыцыі, інфармацыі і адукацыі, генеральным пракурорам, старшынямі Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў.



Што тычыцца вынікаў гэтага візіту, то яны будуць, як заўсёды, вельмі дыпламатычныя. Але гэткая дыпламатыя зусім не даспадобы некаторым асобам. Найперш, гэта звязана з пазіцыяй Еўропы ў дачыненні да Беларусі.



Еўрасаюз павінен вызначыцца, што для яго мае большую значнасць: каштоўнасці дэмакратыі і маралі або дыялог з Лукашэнкам. Такое меркаванне выказаў 16 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску лідэр міжнароднай маладзёжнай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Зміцер Дашкевіч.



Паводле яго слоў, «Малады фронт» з самога пачатку ставіўся крытычна да дыялогу беларускай улады з Захадам. «Паводле нашага меркавання, дыялог не можа праходзіць у такім фармаце, у якім ён праходзіць. Аляксандрам Лукашэнкам не зроблена ніякіх пэўных крокаў да паляпшэння сітуацыі ў Беларусі. У той жа час, мы не жадалі займацца толькі тым, як крытыкаваць распачаты працэс. Але найперш мы імкнуліся выставіць свае ўмовы фармату дыялогу. Патрабаванні былі вельмі простыя: адмена антыканстытуцыйнага артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі), рэгістрацыя ўсіх грамадскіх аб’яднанняў, якія на гэта прэтэндуюць, вызваленне і поўная амністыя палітвязняў, свабода слова і свабода сходаў грамадзян», — заявіў Дашкевіч.



«Паводле нашага меркавання, у Еўропы павінна быць пэўная пазіцыя. Лідэры еўрапейскіх краін павінны вызначыцца, што для іх важнейшае: каштоўнасці дэмакратыі і маралі або дыялог з Лукашэнкам. Рабіць адно і другое немагчыма ў сённяшніх беларускіх умовах. Калі стаіць задача любой цаной весці дыялог з Лукашэнкам — калі ласка, вядзіце, гэта ваша пазіцыя і ваша меркаванне. Калі задача змагацца за каштоўнасці дэмакратыі і свабоды, дык трэба карэктаваць сваю пазіцыю», — лічыць лідэр «Маладога фронту».



Зміцер Дашкевіч не адзінокі ў сваім скепсісе. Таксама нейкі скепсіс з нагоды візіту дэлегацыі выказаў і не хто іншы, як Аляксандр Лукашэнка. «Апазіцыя ад нас выбіваць нічога не будзе праз Еўрасаюз і Амерыку», — заявіў Аляксандр Лукашэнка 17 лютага падчас візіту на магілёўскае ААТ «Бабулін гладыш».



«Яны сачынілі цэлую цялегу, апазіцыянеры, — у мяне гэта сачыненне, на стале гэты дакумент ляжыць. Вось гэта трэба патрабаваць ад «Лукашэнкі і яго ўлады, каб яны» зрабілі, — сказаў А. Лукашэнка. — І чэшскае старшынства сёння пачынае фарміраваць парадак дня з Беларуссю зыходзячы з патрабаванняў гэтак званай «апазіцыі», якую нават вы не бачыце праз вялікае павелічальнае шкло. Я папярэдзіў міністра замежных спраў і сёння ўпершыню публічна кажу: такі падыход да перамоў з Беларуссю неперспектыўны. У нас ёсць сфарміраваны парадак дня, вельмі важныя пытанні, а не тое, што патрабуе апазіцыя».



Адказваючы на пытанне пра арышт ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, беларускі кіраўнік заявіў: «Яны ўжо ў апазіцыю пайшлі. У нас як толькі недзе кагосьці прыдушылі за справу, тыповы злачынца — ён тады апазіцыянер. Але гэта ўжо вядома, і, напэўна, у Еўропе гэта зразумелі. Там, на мой погляд, штосьці са зброяй было звязана. ...У нас закон адзін. Мы ўжо наеліся 3 ліпеня. Няхай гэта там воплеск быў нейкі, людзі пацярпелі, але гэтага ў краіне быць не павінна. …Аўтаматы законна прыватніку захоўваць нельга. І іншыя гранаты там, выбуховыя прыстасаванні. Самы жорсткі будзе запыт. Тэрору ў краіне дапусціць я не магу».



Канешне, дзіўна, што прэзідэнт называе самы гучны тэракт у Мінску «воплескам». Пра аўтаматы і гранаты, якія прыватнай асобе захоўваць нельга, — гэта зразумела. Але ж тут трэба было б звярнуць увагу на тое, што гэты выбух дагэтуль не расследаваны, вінаватыя ў здзяйсненні яго не схопленыя і не пакараныя. І тут узнікае пытанне: дзе ж той «самы жорсткі будзе запыт»?



Скептычна паставіўся да візіту дэлегацыі ПАСЕ і лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. «Прадстаўнікі дэмакратычных сіл таксама не маюць канчатковай пазіцыі па прадастаўленні Беларусі статусу спецыяльнага запрошанага ў ПАСЕ, — сказаў старшыня АГП. — Для нас гэта пытанне не першаснае. Больш важныя ўмовы, якія неабходна выканаць уладам для паўнапраўнага ўдзелу ў ПАСЕ». Лідэр АГП нагадаў дэлегацыі ПАСЕ акалічнасці аднаўлення для Нацыянальнага сходу статусу спецыяльнага запрошанага ў АБСЕ. «У 2000 годзе прадстаўнікі ўладаў казалі пра маладую дэмакратыю, пра неабходнасць інтэграцыі з Еўропай — пра тое, што і цяпер. Аднак за дзевяць гадоў на шляху да дэмакратыі Беларусь практычна не прасунулася. Еўрапейскім структурам не варта наступаць на тыя ж граблі», — зазначыў палітык.



Карацей, візіт ПАСЕ большасць з палітыкаў расчараваў. Але што далей?



Позна вечарам 18 лютага ў Мінск з афіцыйным візітам прыбыў вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па знешняй палітыцы і бяспецы Хаўер Салана. Гэта першы візіт еўрачыноўніка такога ўзроўню ў Беларусь. Ці будзе гэты візіт настолькі ж «выніковым», як і візіт дэлегацыі ПАСЕ? Пабачым на будучым тыдні.

Каментаваць