Грамадскасць па-за бюджэтам

Часовы павераны ў справах ЕС у Беларусі Жан-Эрык Хольцапфель і прадстаўнік ААН/ПРААН у Беларусі Антоніўс Брук падпісалі дамову аб вылучэнні больш за 5 мільёнаў еўра на новы праект у сферы аховы навакольнага асяроддзя.

Часовы павераны ў справах ЕС у Беларусі Жан-Эрык Хольцапфель і прадстаўнік ААН/ПРААН у Беларусі Антоніўс Брук падпісалі дамову аб вылучэнні больш за 5 мільёнаў еўра на новы праект у сферы аховы навакольнага асяроддзя.

Праект будзе рэалізоўвацца на працягу трох гадоў у супрацоўніцтве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі. Ён называецца «Садзейнічанне развіццю ўсёабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь». Дзейнасць праекта будзе накіраваная на развіццё нарматыўнай базы Беларусі ў сферы кіравання воднымі рэсурсамі, абыходжання з адыходамі, захавання біялагічнай разнастайнасці, экалагічнай сертыфікацыі і г. д., а таксама на рэалізацыю пілотных праектаў, што датычаць абароту цвёрдых бытавых адыходаў і захавання біяразнастайнасці. Адзін з кампанентаў праекта будзе накіраваны на падвышэнне ўзроўню дасведчанасці шырокай грамадскасці ў пытаннях аховы навакольнага асяроддзя.

Такая шырокая фінансавая дапамога выклікае не толькі пазітыўныя водгукі, але і пытанні наконт яе мэтазгоднасці. Так, шэраг экалагічных грамадскіх арганізацый выказалі занепакоенасць тым фактам, што пры супрацоўніцтве з дзяржструктурамі мае месца разыходжанне слоў і справы. То бок на паперы дэкларуецца абавязковы ўдзел грамадскасці ў прыняцці рашэнняў і існуе цэлы пералік механізмаў уцягвання грамадзян у абмеркаванне і прыняцце рашэнняў, а на справе — нават інфармацыя наконт грамадскіх слуханняў па тым ці іншым праекце распаўсюджваецца за некалькі дзён да абмеркавання.

Сітуацыя з рэалізацыяй праектаў у Беларусі часта аднолькавая — удзел грамадскасці забяспечвае, як правіла ПРААН, які працуе не ва ўсіх праектах, што ўвасабляюцца ў жыццё ў Беларусі. Да прыкладу, экаарганізацыі ўдзельнічалі ў распрацоўцы Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2020 года, якая рабілася пры падтрымцы ПРААН, але зараз, падчас працы над Нацыянальнай стратэгіяй да 2025 года, грамадскасць не інфармуецца пра ход спраў.
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць