Грамадскасць супраць рэпрэсіўных зменаў у заканадаўства

Беларускія праваабаронцы і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці выступаюць рашуча супраць патаемна прынятых Нацыянальным сходам змяненняў і дапаўненняў у шэраг законаў, а таксама паправак у Крымінальны кодэкс і Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь. Пра гэта 13 кастрычніка было заяўлена на экстранай прэс-канферэнцыі, прысвечанай новаўвядзенням, пра якія стала вядома толькі ўвечары ў сераду.



Беларускія праваабаронцы і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці выступаюць рашуча супраць патаемна прынятых Нацыянальным сходам змяненняў і дапаўненняў у шэраг законаў, а таксама паправак у Крымінальны кодэкс і Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь. Пра гэта 13 кастрычніка было заяўлена на экстранай прэс-канферэнцыі, прысвечанай новаўвядзенням, пра якія стала вядома толькі ўвечары ў сераду.

У сустрэчы з журналістамі прынялі ўдзел старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак, намеснік кіраўніка зачыненага ўладамі Праваабарончага цэнтра “Вясна Валянцін Стэфановіч, прадстаўніца Цэнтра прававой трансфармацыі Вольга Смалянка, а таксама выканаўчы дырэктар Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацый Сяргей Лісічонак.

Па словах удзельнікаў прэс-канферэнцыі, прыняццё паправак і дапаўненняў у заканадаўства адбывалася ў атмасферы поўнай сакрэтнасці. Як заўважыла Вольга Смалянка, амаль усе новаўвядзенні маюць абмежавальны альбо ўвогуле забараняльны характар. Напрыклад, пасля зменаў і дапаўненняў у законы забараняецца “дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў, саюзаў, накіраваная на садзеянне прадастаўленню замежнымі дзяржавамі грамадзянам Рэспублікі Беларусь ільгот і пераваг у звязку з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю ў парушэнне заканадаўства. Змяненні ў законе аб масавых мерапрыемствах прыраўняла да пікетаванні флэшмобы. Калі яны не будуць дазволены ўладамі, то іх удзельнікі будуць несці адміністратыўную, а ў некаторых выпадках і крымінальную адказнасць. Што да грамадскіх аб’яднанняў, то праз замены ў адпаведны закон ім забараняецца “захоўваць грашовыя сродкі, каштоўныя металы і іншыя каштоўнасці ў банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях, якія знаходзяцца на тэрыторыі іншых дзяржаў.

Але асаблівую трывогу ў праваабаронцаў і актывістаўў грамадзянскай супольнасці выклікалі змяненні ў заканадаўства аб органах дзяржаўнай бяспекі. Цяпер супрацоўнікі дзяржбяспекі “не нясуць адказнасці за ўрон, нанесены ў выніку прымянення фізічнай сілы, спецсродкаў, баявой і спецыяльнай тэхнікі, зброі, калі яны дзейнічалі ва ўмовах абгрунтаванай прафэсійнай рызыкі. Супрацоўнікі дзяржбяспекі таксама маюць права “уваходзіць бесперашкодна, пры неабходнасці з пашкоджаннем замыкальных прыладаў або іншых прадметаў, у любы час сутак у жылыя памяшканні ці іншыя законныя ўладанні фізічных асоб, у памяшканні і (або) іншыя аб’екты дзяржаўных органаў і іншых арганізацый. “Гэтыя змены ісітотна пашыраюць паўнамоцтвы спецслужб, робяць іх бескантрольнымі і фактычна ставяць іх па-над законам, - падкрэсліў Алег Гулак. 

Прадстаўнікі больш як дзесяці праваабарончых арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў падрыхтавалі Зварот да вышэйшых службовых асоб краіны, у якім выказваюць сваё стаўленне да рэпрэсіўных змяненняў і дапаўненняў у заканадаўства. “Мы, прадстаўнікі арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі, лічым, што гэтыя праекты актаў заканадаўства супярэчаць міжнародным прававым абавязальніцтвам Рэспублікі Беларусь у галіне правоў чалавека, з’яўляюцца неканстытуцыйнымі і палітычна шкоднымі для краіны, - адзначаецца ў Звароце.

Як стала вядома, ініцыяваннне зменаў у Законы “Аб палітычных партыях, “Аб грамадскіх аб’яднаннях, у Крымінальны кодэкс і ў Кодэкс аб адміністратыўных прававпарушэннях было здзейснена Саветам Міністраў яшчэ ў чэрвені бягучага года. Адсутнасць грамадскага абмеркавання гэтых надзвычай важных актаў, а таксама іх прыняццё непразрыстым і непублічным парадкам ёсць яшчэ адным сведчаннем неправавога характару гэтых  паправак, прыняццё якіх не было выклікана аб’ектыўнымі патрэбамі грамадскага жыцця, адзначаецца ў дакуменце.  

“Мы таксама лічым, што прыняццё гэтых дакументаў скіравана на запалохванне беларускай грамадскасці, якое ставіць пад пагрозу вяртанне краіны на шлях нармальнага развіцця і заганяе яе ў стан самаізаляцыі. Прыняццё такога рэпрэсіўнага  заканадаўства будзе азначаць легалізацыю гвалтоўных метадаў барацьбы з палітычнымі апанентамі,  створыць у краіне атмасферу страху, падштурхне грамадства да радыкалізму і зробіць немагчымым канструктыўны грамадскі дыялог. На ініцыятарах прыняцця гэтых законапраектаў, а таксама на іх распрацоўшчыках, дэпутатах Палаты прадстаўнікоў і членах Савета Рэспублікі палягае адказнасць за такія наступствы неабдуманай заканатворчай дзейнасці.

На падставе выкладзенага і грунтуючыся на прынцыпах Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, згодна з нормамі артыкула 59 Канстытуцыі, паводле якога дзяржава абавязана ўжываць усе даступныя ёй захады для стварэння ўнутранага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь,

мы, прадстаўнікі арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі, настойліва заклікаем

-  Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - адмовіцца ад падпісання спрэчных Праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь і Праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь, вярнуўшы іх у парламент для дапрацоўкі.

-  Палаты парламента - правесці публічнае абмеркаванне праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь  і праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь, не хаваючы ад грамадскасці сапраўдных прычын, якія пабуджаюць органы выканаўчай і прадстаўнічай улады ўводзіць гэткія змены ў заканадаўства.

-  Савет Міністраў - адклікаць з парламента праект Закона Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

- Канстытуцыйны суд - скарыстацца правам канстытуцыйнага кантроля дзеля прадухілення парушэння канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, выкліканых прыняццём праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь і праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь, а таксама праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

Па словах удзельнікаў прэс-канферэнцыі, зараз тэкст звароту яшчэ адкрыты да падпісання іншымі арганізацыямі і асобнымі дзеячамі. Дакумент будзе накіраваны не толкі пазначаным вышэй беларускім службовым асобам і структурам, а таксама уплывовым міжнародным арганізацыям, у тым ліке ў АБСЕ і Еўрасаюз. Сярод тых, хто ўжо падпісаў Зварот, - БХК, “Вясна, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, Рада беларускай інтэлігенцыі, Праваабарончы альянс, Цэнтр прававой трансфармацыі ды іншыя арганізацыі дэмакратычнай арыентацыі.  

 

Каментаваць