ГРАМАДЗЯНСКАЯ СУПОЛЬНАСЦЬ. Навіны тыдня: Смаргонь, Наваполацк, Масты.

Смаргонь. Помнік Францішку Багушэвічу

Смаргонь. Помнік Францішку Багушэвічу

6 верасня ў Дзень беларускай пісьменнасці, які сёлета адбудзецца ў Смаргоні, плануецца адкрыць помнік Францішку Багушэвічу. Чатырохметровы помнік — Францішак Багушэвіч, які сядзіць на камяні, — размесціцца побач са смаргонскім гатэлем. Ідэя стварыць помнік заснавальніку беларускай літаратуры, чыё жыццё была звязана са Смаргоншчынай (вёскай Кушляны), з’явілася яшчэ ў 1990-я гады мінулага стагоддзя. Тады правялі конкурс і вызначылі лепшы праект помніка. Аднак праз розныя абставіны ўвасобіць творчую ідэю народнага мастака Беларусі, заслужанага дзеяча мастацтваў, скульптара Льва Гумілеўскага тады не атрымалася. Тэма стала зноў актуальнай, калі стала зразумела, што Дзень беларускай пісьменнасці–2009 будзе прымаць Смаргонь. У Кушлянах, дзе Багушэвіч правёў апошнія гады жыцця, размяшчаецца музей-сядзіба паэта — філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. У музеі адноўленыя два пакоі — гасцёўня і кабінет. У літаратурнай частцы экспазіцыі — дакументы, першыя складанкі вершаў, жалобныя стужкі, фатаграфіі, прысвячэнні. Захаваліся альтанка, стары парк і каштанавая алея, большасць дрэваў у якіх пасаджаныя рукамі паэта. Пахаваны паэт у Жупранах (Ашмянскі раён).


Наваполацк. Прэзентацыя

18 чэрвеня суполка “Рубон Наваполацкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны арганізавала прэзентацыю “Полацкага нумара часопіса ARCHE. У мерапрыемстве прынялі ўдзел рэдактар часопіса Валеры Булгакаў, пісьменнік Уладзімір Арлоў, філолаг Лявон Баршчэўскі.


Масты. Чыноўнікі не ведаюць мовы

Старшыня Мастоўскага райвыканкама Шафарэвіч афіцыйна адказаў на запыт рэгіянальнага каардынатара Руху “За Свабоду па Гродзенскай вобласці Алеся Зарэмбюка, што зрабіць беларускамоўную версію райвыканкамаўскага сайта немагчыма, і спаслаўся на дзяржаўныя нарматыўныя дакументы, хоць рэгламент інфармацыйнага папаўнення інтэрнэт-старонкі прадугледжвае размяшчэнне звестак па-беларуску і па-англійску.

Каментаваць