ГРАМАДЗЯНСКАЯ СУПОЛЬНАСЦЬ. Навіны тыдня: Браслаў, Глыбокае, Пераброддзе, Коханава.

Браслаў. Аматарская вышыўка

Браслаў. Аматарская вышыўка

20 верасня ў адной з выставачных залаў Музея традыцыйнай культуры Браслава адбылося адкрыццё выставы аматарскай вышыўкі “Чароўнае майстэрства. На ёй было прадстаўлена некалькі дзесяткаў прац мясцовых майстроў у тэхніцы вышывання крыжыкам. Як адзначылі наведвальнікі, на першы погляд нельга было сказаць, што маляўнічыя палотны — прадукт звычайнай вышыўкі. Майстры і сапраўды прадставілі работы, якія можна параўнаць з шэдэўрамі выяўленчага мастацтва. Тэхніка выканання работ самая разнастайная: ад вышыўкі бісерам, з падборам нахілу і каларыстыкі бісерын, да вышыўкі звыклымі ніткамі рознага колеру з вельмі дакладным падборам адценняў. Уражвае на выставе і тое, што ўзрост вышывальшчыкаў таксама разнастайны: гэта і малыя дзеткі са сваімі сюжэтамі і бачаннем свету, і людзі сталага ўзросту, якія адкрылі для сябе мастацтва вышыўкі даўно.


Глыбокае. “Прэфект-інфо

У крамах і грамадскіх месцах Глыбокага з’явілася новая газета “Прэфект-інфо. Яна рэкламная, распаўсюджваецца бясплатна і павінна выходзіць штотыдзень. Газета — поўнакаляровая, друкуецца ў Мінску. Выдавец газеты — Яраслаў Берніковіч, вядомы ў горадзе палітык, былы кандыдат у дэпутаты. Мяркуецца, што газета будзе выходзіць не толькі ў Глыбокім, але і ў суседніх раёнах.


Пераброддзе. “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні

Перабродскі сельскі савет выбралі для ажыццяўлення праекта ЕС/ПРААН “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні. Высокакласныя эксперты на ягонай тэрыторыі правядуць неабходныя трэнінгі па падрыхтоўцы неабходных змен для паляпшэння ўзроўню жыцця. Самае важнае, што ініцыятыва з месцаў можа атрымаць істотную фінансавую падтрымку, калі будуць распрацаваны рэальныя праекты. Дарэчы, у гэтым рэгіёне падтрымкай еўрапейскіх арганізацый заручыўся і самы маленькі горад краіны Дзісна, які хоча развіваць замежны турызм і палепшыць экалагічную сітуацыю.


Коханава. Папярэджваючы спіс

Пасёлак Коханава рыхтуецца адзначыць сваё 500-годдзе. Аднак стан яго вельмі занядбаны, як, дарэчы, і многіх іншых населеных пунктаў Беларусі, дзе яшчэ не праходзілі “Дажынкі. Актывісты грамадзянскай кампаніі “Наш дом, каб дапамагчы ўладам давесці Коханава да прыстойнага выгляду, стварылі фотатэку мясцінаў, небяспечных для жыцця і здароўя грамадзян. Першае месца займаюць незачыненыя люкі калодзежаў водаправодаў, другое — разбураныя ходнікі, на трэцім — адсутнасць папярэджваючых знакаў перад так званымі “ляжачымі паліцэйскімі.

Каментаваць