ГРАМАДЗЯНСКАЯ СУПОЛЬНАСЦЬ. ПАДЗЕІ ТЫДНЯ: Слуцк. Магілёў. Віцебск

Слуцк. Гарачая вада штодня

Слуцк. Гарачая вада штодня

З пачатку мая старшыня Слуцкага райвыканкама, «у сувязі фінансавымі цяжкасцямі», устанавіў, што гарачая вада будзе падавацца ў кватэры толькі па адмысловаму графіку. Мясцовыя актывісты грамадскай кампаніі «Наш дом», якую ўзначальвае Зінаіда Цімошык, за кароткі час сабралі болей за 1000 подпісаў пад лістом да прэзідэнта РБ з патрабаваннем адмяніць такі графік. Толькі зараз актывісты кампаніі атрымалі адказ ад намесніка старшыні Мінскага аблвыканкама Мірчука на зварот, дзе сказана: «Для зняцця сацыяльнай напружанасці ў горадзе, Слуцкаму райвыканкаму даручана забяспечыць падачу гарачай вады гараджанам штодня». Праз некалькі дзён старшыня райвыканкама пайшоў у адпачынак.

«Наш дом»


Магілёў. Беларускую мову ў жыццё

Па прапанове старшыні Каардынацыйнай рады Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сіл Рыгора Кастусёва на чарговым пасяджэнні абмеркавана ініцыятыва Магілёўскага аблвыканкама, які стварыў адмысловую камісію па распрацоўцы праграмы вяртання беларускай мовы ў публічнае жыццё. Сябры рады заклікалі накіроўваць свае прапановы і заўвагі па ствараемай праграме ў камісію аблвыканкама ўсіх актывістаў дэмакратычнага руху Магілёўшчыны, каму неабыякавы лёс роднай мовы. Вырашана таксама значна павялічыць колькасць матэрыялаў на беларускай мове ў маланакладных газетах, якія выдаюцца ў Магілёўскай вобласці сябрамі абласной кааліцыі дэмакратычных сіл.

На пасяджэнні рады было таксама разгледжана пытанне аб падрыхтоўцы да маючых адбыцца ў наступным годзе выбараў у мясцовыя Саветы, абмеркаваны прапановы аб далейшым супрацоўніцтве з кіраўніцтвам агульнанацыянальных АДС і з дэмакратычнымі арганізацыямі Магілёўшчыны, якія не ўваходзяць у абласную кааліцыю дэмакратычных сіл.

Іван Барысаў


Віцебск. За палітычнае раўнапраўе

Актывісткі віцебскага жаночага руху правялі працоўную сустрэчу, дзе абмеркавалі і запланавалі шэраг мерапрыемстваў гендэрнай праграмы, якая разлічана на два гады. Яе мэта — стварэння перадумоў для актыўных жанчын, каб самарэалізавацца ў палітыцы.

Язэп Палубятка

Каментаваць