Гродна. Мёры. Ашмяны. Браслаў. Вілейка

Гродна. Казюкасы аб’ядналі Літву і Беларусь

Гродна. Казюкасы аб’ядналі Літву і Беларусь

Традыцыйны кірмаш майстроў Казюкас у мінулы чацвер прайшоў у Гродна. Прыкладна ў тым жа фармаце, што ў Вільні, дзе свята доўжылася аж тры дні — з пятніцы да нядзелі. Многія з гродзенцаў, наведаўшы свае Казюкі, на выходныя з’ездзілі і на Казюкі віленскія. І там, і там можна было паспытаць традыцыйныя кулінарныя стравы, згатаваныя па старажытных рэцэптах розных рэгіёнаў Літвы, а таксама бліжняга замежжа. Майстры прадставілі на продаж свае вырабы. Была разнастайная культурная праграма. Шапікі майстроў у Гродна былі больш сціплымі, а ў Вільні сёлета яны расцягнуліся аж да будынку Сейма, занялі фактычна ўвесь праспект Гедыміна. Адбыліся імпрэзы і ў іншых частках старога горада, а на Лукішках прайшоў так званы “альтэрнатыўны Казюкас з адмысловым моладзевым твістам. Пачынаючы з гэтага года кожны літоўскі Казюкас плануюць прысвячаць аднаму з этнарэгіёнаў Літвы. Сёлетні прысвечаны Дзукіі (рэгіён Літвы, які мяжуе з Беларуссю, а паводле літоўскіх этнографаў, распаўсюджваецца і на частку паўночна-заходняй Беларусі). На Ратушнай плошчы можна было пабачыць розныя інсталяцыі, прысвечаныя традыцыям дзукаў, выступілі народныя ансамблі, прадаваліся мастацкія выбары.


Мёры. “Вясельная выстава

У гістoрыка-этнаграфічным музеі праходзіць “Вясельная выстава. Выстава арганізавана Рэспубліканскай моладзевай грамадскай арганізацыяй “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства і праходзіць у рамках арт-праекта “Беларускі стыль, мэта якога — папулярызацыя народнай культуры, прымяненне яе каштоўнасцей у сучасным грамадстве. Сябры таварыства сабралі па Беларусі багата вясельнай атрыбутыкі, якую вырашылі паказаць жыхарам розных гарадоў нашай краіны.


Ашмяны. Шчодры падарунак

Пяцьсот карцін падараваў масквіч Мікалай Карніл ашмянскаму краязнаўчаму музею падчас наведвання з жонкай горада. Гэты чалавек калекцыянуе мастацкія карціны ўжо 40 гадоў. У яго калекцыі — творы вядомых майстроў і маладых мастакоў Расіі, блізкага і далёкага замежжа.


Браслаў. Рэгіянальны конкурс

З мэтай папулярызацыі рэгіёна, яго прыродных, культурных і гістарычных асаблівасцей у гэтым годзе праводзіцца конкурс “Браслаўскі сувенір. На мэце стаіць распрацоўка брэнда Браслава і яго далейшае выкарыстанне ў рэкламных і прадстаўнічых мэтах. Арганізатары запрашаюць майстроў, мастакоў, дызайнераў узяць актыўны ўдзел. Прымаюцца вырабы, зробленыя ў розных тэхніках і накірунках (традыцыйныя і ўтылітарныя вырабы, дэкаратыўна-ўжытковыя, мастацкія, скульптура, мастацкая фатаграфія і г.д.). Галоўная ўмова — наяўнасць на сувеніры сімвалаў Браслава (назва, герб, памятныя даты). Свае працы ўдзельнікі конкурсу прадстаўляюць да 15 красавіка ў Музей традыцыйнай культуры. Журы ацэніць мастацкі ўзровень, суадносіны заяўленай тэматыкі, тэхналагічнае майстэрства. Пераможцы будуць названыя ў час правядзення “Браслаўскіх зарніц 29–30 мая. Яны атрымаюць дыпломы і грашовыя прэміі: за 1-е месца — 5 базавых велічынь, за 2-е і 3-е месцы, адпаведна, — чатыры і тры базавыя велічыні.


Вілейка. Памяці краязнаўцы

Памёр краязнаўца Анатоль Рогач. Ён працаваў начальнікам раённых электрычных сетак. Неаднойчы выбіраўся ў раённы савет дэпутатаў. Але дзяржслужбу заўжды сумяшчаў са справай па аднаўленні беларушчыны. Ён быў лепшым знаўцам мінуўшчыны Вілейшчыны. Яго намаганнямі ў раёне паўсталі памятныя знакі вядомым землякам: Піліпу Орліку, Ігнацыю Ходзьку, Нікадзіму Сілівановічу, Адаму Гурыновічу. Пазалетась быў адкрыты помнік паўстанцам 1863 года каля вёскі Любкі. Планаваў краязнаўца паставіць яшчэ адзін, на месцы іншага бою каліноўцаў з царскімі войскамі. Ды не паспеў. Анатоль Рогач памёр на 63-м годзе жыцця.

Каментаваць