Грошы для Алеся Бяляцкага сабраныя

Неабходныя для выплаты так званай шкоды, якую нібыта нанёс дзяржаве кіраўнік зачыненага ўладамі Праваабарончага цэнтра “Вясна, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, сабраныя. Людзі адгукнуліся на заклік праваабаронцаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і пералічылі на рахунак жонкі асуджанага старшыні “Вясны больш за 757 мільёнаў рублёў (каля 90 тысяч долараў).



Неабходныя для выплаты так званай шкоды, якую нібыта нанёс дзяржаве кіраўнік зачыненага ўладамі Праваабарончага цэнтра “Вясна, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, сабраныя. Людзі адгукнуліся на заклік праваабаронцаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і пералічылі на рахунак жонкі асуджанага старшыні “Вясны больш за 757 мільёнаў рублёў (каля 90 тысяч долараў).

Алеся Бяляцкі 24 лістапада мінулага года быў прыгавораны судом Першамайскага раёна Мінска да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Па меркаванню праваабаронцаў, суд беспадстаўна прызнаў Бяляцкага вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, нягледзячы на доказы, што замежныя сродкі накіроўваліся не на ягоную карысць, а выключна на вызначаныя мэты праваабарончай дзейнасці, таму гэтыя сродкі не з’яўляліся аб’ектам падаткаабкладання. Нягледзячы на гэта, суд прызнаў грошы, накіраваныя Праваабарончаму цэнтру “Вясна ў якасці дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсіяў і парушэнняў правоў чалавека, асабістым прыбыткам Алеся Бяляцкага. Раней Міністэрства юстыцыі Літвы перадала звесткі пра замежны рахунак Бяляцкага беларускім уладам.

У звязку з асуджэннем вядомага ў свеце праваабаронцы прадстаўнікі няўрадавых арганізацый заклікалі беларускае грамадства праявіць салідарнасць з Алесем Бяляцкім і Праваабарончым цэнтрам “Вясна, які ў экстрэмальных умовах больш за 15 гадоў бароніць правы беларускіх грамадзян. З мэтай найхутчэйшага вызвалення Алеся Бяляцкага ці як мінімум змены меры стрымання альбо змякчэння надзвычай жорсткага прысуду і была распачата кампанія па збору сродкаў, якія былі прысуджаныя Алесю Бяляцкаму да выплаты ў якасці “шкоды, нанесенай злачынствам. Гэтую суму важна ўнесці да разгляду касацыйнай скаргі ў Мінскім гарадскім судзе, што і мусіць быць зроблена найбліжэйшым часам.

Як паведаміў “НЧ юрыст “Вясны Уладзімір Лабковіч, у найбліжэйшую сераду жонка Бяляцкага Наталля Пінчук наведае банк, і ў гэты ж дзень плануецца перавесці іх на адпаведны дзяржаўны рахунак. “Мы зараз спрабуем даведацца рахунак Мінскага гарадскога суда, на які павінны быць пераведзены сабраныя грошы, — сказаў Лабковіч. 

Што да магчымасці вызвалення ці змякчэння прысуду Бяляцкаму пасля пераводу грошай (кіраўнік дзяржавы неаднойчы падкрэсліваў: вярнулі дзяржаве ўрон ці шкоду — выйшлі на свабоду), то ў дадзеным выпадку, па словах праваабаронцы, пытанне не юрыдычнае, а чыста палітычнае. “Рашэнне будзе прымацца выключна сыходзячы з палітычнай мэтазгоднасці. Па судовай практыцы, якая склалася ў Беларусі, калі б гэта не тычылася канкрэтна палітычнай справы Бяляцкага, а нейкага эканамічнага злачынства, то ўнясенне грошай так званай шкоды, безумоўна, вельмі радыкальна ўплывала на судовы прыгавор. У такіх выпадках часта выкарыстоўваюцца судовыя вердыкты, не звязаныя з пазбаўленнем волі. Але сітуацыя з Бяляцкім, відаць, будзе вырашацца, верагодна, сыходзячы выключна з палітычных меркаванняў, — падкрэсліў Уладзімір Лабковіч.


 

Каментаваць