Грошы на вецер

Здаецца, у маім родным Бялыніцкім раёне чыноўнікі папросту не ведаюць, куды б яшчэ патраціць грошы падаткаплацельшчыкаў. Пры тым, што больш за палову бюджэту раёна складаюць датацыі з дзяржбюджэту.

Здаецца, у маім родным Бялыніцкім раёне чыноўнікі папросту не ведаюць, куды б яшчэ патраціць грошы падаткаплацельшчыкаў. Пры тым, што больш за палову бюджэту раёна складаюць датацыі з дзяржбюджэту.

Два гады таму ў маёй роднай вёсцы Вялікая Машчаніца быў адчынены новы дзіцячы садок. ААТ “Новая Друць выдзеліла памяшканне — звычайны жылы дом на дзве кватэры. Бялыніцкі РАНА затраціў амаль 80 мільёнаў рублёў на яго прыстасаванне да дзіцячых патрэб, і 3 студзеня 2008 года садок упершыню сустрэў дзяцей. Гэтыя дзеткі раней былі вымушаны ездзіць у садок № 5 у Бялынічы, бо ў Машчаніцы дзіцячы садок быў зачынены для капітальнага рамонту яшчэ ў 2000 годзе, пасля яго пакрысе пачалі расцягваць мясцовыя жыхары, і ўрэшце, па беларускай звычцы апошніх часоў, закапалі ў зямлю, каб не мазоліў вочы вялікаму начальству.

Пасля адкрыцця новага садка пра гэту шчаслівую для Машчаніцы падзею паведамілі шматлікія дзяржаўныя газеты, прыязджала нават дзяржаўнае тэлебачанне. І толькі газета “Паходня адразу ж задала шэраг пытанняў чыноўнікам з Бялыніцкага РАНА. Напрыклад, навошта было прыстасоўваць новае памяшканне і выкідваць процьму грошай, калі Машчаніцкая школа напалову пустая? Раней у школе вучылася больш за пяцьсот вучняў, зараз — крыху больш за восемдзесят. Тым больш, што побач са школай быў выдатны будынак інтэрната, які патрабаваў толькі невялікага рамонту, але яго чамусьці разбурылі, спалілі і закапалі ў зямлю. І яшчэ на які час хопіць месцаў для дзетак у новым садку на 14 дзяцей, калі ў аграгарадку Машчаніца пастаянна павялічваецца колькасць маладых сямей з маленькімі дзецьмі? Адказу, зразумела, ніхто не атрымаў.

І вось ужо тры месяцы дзевяць дзетак з аграгарадка Машчаніца зноў возяць па холаду і слоце ў дзіцячы садок № 2 у Бялынічы. Кожны дзень аўтобус РАНА спальвае бензін, плаціць кіроўцу і суправаджаючай выхавальніцы. Таму што ў Машчаніцкім дзіцячым садку няма месцаў.

Не адстаюць ад кіраўнікоў РАНА і нашы медыкі. Тры месяцы таму ў Машчаніцы пераехаў у новае памяшканне ФАП, для яго быў пабудаваны адмысловы будынак. Здаецца, гэтаму можна толькі радавацца. Але не зусім зразумела, навошта было выкідваць у мінулым годзе некалькі дзесяткаў мільёнаў рублёў грошай на рамонт амбулаторыі ў Машчаніцы, калі планаваўся гэты пераезд? Няўжо ў бялыніцкіх медыкаў вельмі шмат лішніх грошай? Зараз будынак стаіць зачынены, і не здзіўлюся, калі яго вельмі хутка пачнуць расцягваць, як амаль цалкам расцягнулі былыя памяшканні Машчаніцкай бальніцы.

Быццам бы плануецца, што ў далейшым памяшканне будзе выкарыстоўваць ААТ “Новая Друць, якое размесціць там цэх па перапрацоўцы мяса. Але для таго, каб запусціць гэты цэх, патрэбна яшчэ пабудаваць ачышчальныя збудаванні.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць