Грошы пад нагамі: смеццеперапрацоўчая галіна ў чаканні сфармуляваных правілаў гульні

Горы смецця на зямлі, плывучыя айсбергі з пластыку — тэхнічны прагрэс пакідае пасля сябе тысячы тон адходаў. Але чалавек знайшоў спосабы здабычы грошай з тых самых гор смецця. Дырэктар прыватнага прадпрыемства «Смеццесарціровачная станцыя Заходняя» Дзмітрый Кучук ведае: грошы валяюцца пад нагамі і зусім не пахнуць. Для гэтага трэба паглядзець на смецце як на рэсурс і задзейнічаць закон ды... эстэтыку.



Горы смецця на зямлі, плывучыя айсбергі з пластыку — тэхнічны прагрэс пакідае пасля сябе тысячы тон адходаў. Але чалавек знайшоў спосабы здабычы грошай з тых самых гор смецця. Дырэктар прыватнага прадпрыемства «Смеццесарціровачная станцыя Заходняя» Дзмітрый Кучук ведае: грошы валяюцца пад нагамі і зусім не пахнуць. Для гэтага трэба паглядзець на смецце як на рэсурс і задзейнічаць закон ды... эстэтыку.

— Да 2010 года ў Беларусі ў галіне перапрацоўкі другасных рэсурсаў назіраўся некаторы пад’ём — былі інвестыцыі, ставілі кантэйнеры для дыферэнцыраванага збору смецця. У 2010 годзе заканадаўства змянілася — адмянілі экалагічны падатак, і перастаў фарміравацца бюджэт для фінансавання гэтай сферы, чым раней займалася міністэрства гандлю, у прыватнасці канцэрн «Белрэсурсы». Цяпер галіна ў даволі сумным стане, бо інвестыцый няма. Наколькі я ведаю, адпаведны ўказ, які будзе рэгуляваць сферу перапрацоўкі адходаў, чатырнаццаць разоў уносілі на разгляд ураду, але яго так і не падпісалі. Указ можа і не надта добры, але ў ім ёсць некаторыя схемы для працы. І калі нарматыўны дакумент будзе прыняты, гэта дасць штуршок для развіцця галіны.

— Шмат прадпрыемстваў у Беларусі працуюць у гэтай сферы?

— Раней было даволі шмат з сегменту дробнага і сярэдняга бізнэсу, было нямала індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаліся зборам макулатуры, ПЭТ-бутэлек, шкла. Цяпер гэта не вельмі выгодна, бо няма так званых датацый. Каб збіраць вялікія аб’ёмы другаснай сыравіны, патрэбныя смеццявозы, кантэйнеры, спецтэхніка. У Мінску ў гэтай сферы працуюць каля пяці буйных прадпрыемстваў, якія імкнуцца нешта рабіць і зарабляць.

— Вы гаворыце пра нізкую рэнтабельнасць, але ёсць меркаванне, што смеццеперапрацоўка — гэта хіба што не грошы з паветра. У чым падвох?

— Прыбытак быў, калі ў Беларусі дзейнічаў экалагічны падатак. У той час мы сапраўды развіваліся. Напрыклад, прадпрыемствы, якія забруджваюць асяродак — завод «Coca-Cola», Мінскі завод безалкагольных напояў, — былі вымушаныя сплачваць грошы ў бюджэт. Калі фірма, якая займаецца перапрацоўкай другасных рэсурсаў, атрымлівае гэтыя грошы, яна можа развівацца, займець прыбытак. Калі гэтых грошай няма, то галіна становіцца амаль нерэнтабельнай. Гэтыя грошы з падатку — наогул не датацыя, а абавязальніцтва для прадпрыемстваў ва ўсім цывілізаваным свеце: хто забруджвае, той і плаціць. У Еўропе, калі прадпрыемства вырабляе прадукцыю ва ўпакоўцы, то яно мусіць ці заключыць дамову на яе перапрацоўку з адпаведнымі фірмамі ці сплаціць грошы ў бюджэт. Гэтая схема працавала ў Беларусі да 2010 года, і тады мы набывалі кантэйнеры, смеццявозы — развіваліся. Мы заключалі дамовы з прадпрыемствамі, якія пералічвалі нам грошы, і выконвалі свае абавязальніцтвы. У нас быў участак, каб перапрацоўваць ПЭТ-бутэлькі. Мы драбілі іх і прадавалі ў Расію на хімкамбінаты. Увогуле, у Беларусі ёсць два заводы ў Магілёве, дзе магчымая падрыхтоўка якаснай сыравіны з ПЭТ-адыходаў, то бок іх мыццё і драбленне.

Хачу адзначыць, што ў Беларусі практычна захавалася савецкая нарыхтоўчая сістэма. У Белкаапсаюза, камунальных прадпрыемстваў ёсць прыёмныя пункты. Лёгкія адыходы, як то макулатура з крамаў, у аб’ёме збору складаюць каля 70% — гэта многа. Цяпер прыкрылі збор металаў, бо ў цяжкія 1990-я гады вельмі многа кралі. А ўвогуле, добра, што ў нас ёсць пункты нарыхтоўкі і гэтая другасная сыравіна не ідзе на сметнік.



— Якім чынам вы збіраеце тыя ж ПЭТ-адыходы?


— Асноўны збор ідзе на палігонах адходаў. У Барысаве цягам месяца збіраюць каля сямідзесяці тон ПЭТ-бутэлек. За гэта плацяць людзям у адмысловых нарыхтоўчых пунктах. Зручна, бо ўсё ў адным месцы, не трэба нікуды ездзіць. На кожным палігоне ёсць людзі, якія гатовыя збіраць макулатуру, пластыкавыя бутэлькі. У Мінску іх прыкладна чатырыста чалавек. Як правіла, гэта асобы без пэўнага месца жыхарства, мы іх называем санітарамі. Чым для іх прывабная гэтая праца — грошы выплачваюцца сёння на сёння. Сабраў за дзень тону бутэлек — і атрымаў заробак.

— За дзень уручную сабраць тону ПЭТ-бутэлек?!

— Гэта падаецца, што многа (усміхаецца). Вялікі мех вагой прыкладна трыццаць кілаграмаў чалавек збірае за пятнаццаць хвілін. За дзень можна зарабіць 200–300 тысяч рублёў. У прыёмных пунктах працуюць нарыхтоўшчыкі, якія і кантралююць звалкі, ладзяць збор рэсурсаў, яны таксама атрымліваюць частку ад гэтай сумы. Калі ж чалавек займаецца яшчэ і зборам металалому, макулатуры, то ўвогуле «падымае» някепскія грошы. Так што бамжы не зусім і бедныя людзі, калі не лянуюцца. Праўда, на жаль, гэтыя грошы хутка абменьваюцца ў бліжэйшай краме на танны алкаголь.

— Атрымліваецца, што ў вас нестандартныя партнёры ў працы. Ёсць нейкія асаблівасці супрацоўніцтва з імі?

— З імі трэба размаўляць не звысоку, а на роўных. Абавязкова трэба трымаць слова — калі паабяцаў заплаціць, то грошы мусіш прывезці ў той жа дзень. Інакш ніхто не будзе з табой працаваць. Яшчэ адзін штрых: палігон бытавых адыходаў — гэта сур’ёзны аб’ект. Там выпрацоўваецца метан, таму палігоны часта гараць, а затушыць гэтыя пажары складана. Людзі, якія там працуюць ці жывуць, добра пра гэта ведаюць. І ў выпадку нейкага «прэсавання» іх, наездаў, пачынаюць палохаць падпаламі. І падпалы насамрэч здараюцца.

— Ці лёгка знайсці чалавека, які гатовы працаваць на смеццявозе, на лініі сарціроўкі, усё ж умовы не надта прыемныя?


— Я быў на смеццеперапрацоўчым комплексе ў Францыі, дзе зарабляюць 1 400 еўра ў месяц. Работнікі там не надта высокай кваліфікацыі, і на іншых працах яны могуць прэтэндаваць на заробак каля 600–800 еўра. І таму людзі трымаюцца за сваю працу, імкнуцца зарабляць. У Штатах, мне распавядалі, у гэтую сістэму ўвогуле складна ўладкавацца, патрэбныя рэкамендацыі! У Беларусі ў КУП «Экарэс», да прыкладу, заробкі заўжды былі неблагія.

Наколькі я ведаю, часам у смеццевых адыходах знаходзяць блокі цыгарэт. Але не памятаю, каб на звалках знаходзілі нейкія каштоўнасці. Хаця, магчыма, людзі не прызнаюцца.

— Вы прапануеце айчынным вытворцам паставіць на ўпакоўку распрацаваны вамі знак «Эка кропка», распавядзіце, што гэта за ідэя?

— Эканамічны рост і ахова навакольнага асяроддзя звязаныя. Экалагічныя стандарты могуць служыць эфектыўным інструментам прасоўвання тавараў і паслуг.

Наша кампанія прапануе заключыць дамовы на збор макулатуры, шкла і пластыка, і мы даём магчымасць размясціць на ўпакоўцы знак «Эка-кропка». Гэта дазволіць данесці да спажыўцоў пасланне аб тым, што кампанія з’яўляецца сацыяльна адказнай арганізацыяй, сур’ёзна падыходзіць да аховы навакольнага асяроддзя і клапоціцца пра здароўе насельніцтва нашай краіны. Спачатку цікаўнасць да такой ідэі праявіў «Савушкін прадукт», але да справы не дайшло. Мяркую, што з адпаведнай культурай для пакупніка гэта было б знакам прэстыжу, сігналам, што вытворца сапраўды адказна ставіцца да навакольнага асяроддзя. Але праект не выклікаў інтарэсу, нашы вытворцы папросту не бачаць у гэтым сэнсу.

— Як бы вы ацанілі экалагічную культуру беларусаў і айчынных прадпрыемстваў?

— Беларусы даволі дысцыплінаваная нацыя. У нас людзі здольныя хутка падтрымліваць новыя ініцыятывы. Але для гэтага патрэбныя ўмовы. На маю думку, каб змяніць стаўленне да збору і перапрацоўкі смецця, трэба падумаць пра эстэтычны бок. Кантэйнеры трэба зрабіць яркія, чыстыя, бо калі стаіць іржавая смярдзючая скрынка, то падыходзіць да яе не надта хочацца. Таксама варта падумаць пра экалагічнае выхаванне дзяцей — патлумачыць ім з маленькага ўзросту, як і куды трэба выкідаць смецце. Мусіць быць сацыяльная рэклама, грамадскія арганізацыі, што прапануюць і рэалізуюць такія праграмы.

Смецце каштуе вялікіх грошай. І мы маглі б зарабляць на тым, што закопваем. Найперш трэба інвеставаць у тэхналогіі, прыцягваць заходні досвед, браць іх абсталяванне, комплексы для перапрацоўкі.

— А заходнія інвестары гатовыя сюды ісці?


— У нас ужо працуюць кампаніі з заходнім капіталам. Напрыклад, сур’ёзная міжнародная карпарацыя «Remondis». Яна мае вялікую сетку з больш чым 500 прадстаўніцтвамі ва ўсім свеце і працуе ў 21 еўрапейскай дзяржаве, а таксама ў Кітаі, Японіі, Расіі, на Тайвань і ў Аўстраліі. Яны працуюць і ў Мінску — набылі каля дзесятка смеццявозаў, кантэйнеры. Ім далі для абслугоўвання тры сталічных раёны. Але, наколькі я ведаю, пакуль што «Remondis» далей не развіваецца, бо хоча, каб былі сфармуляваныя «правілы гульні». Гэта паказальны факт. Да слова, у іх варта было б павучыцца арганізацыі працы. Раней тры сталічных раёны абслугоўвалі каля сарака смеццявозаў, а яны закрылі гэты аб’ём пяццю машынамі. Палічыце, якая эканомія на заробках, паліве. Увогуле, Еўропа ў сферы збору і перапрацоўкі смецця наперадзе планеты. Там прыгожыя смеццявозы, кантэйнеры. Еўропа справілася з гэтым пытаннем за кошт высокага ўзроўню жыцця, тэхналогій, заканадаўчай базы. Калі б мы сябравалі з Еўрасаюзам, то маглі б мець нешта падобнае.

— Які мусіць быць стартавы капітал, каб пачаць працу ў галіне перапрацоўкі другасных рэсурсаў?

— Цяжка сказаць — усё залежыць ад запытаў. Некаму дастаткова і на палігон пайсці. Але гэта бізнэс, які можна пачаць амаль з нуля, бо гэтыя грошы ў нас пакуль ляжаць пад нагамі. Канешне, аб’ём фінансавых укладанняў будзе ўплываць на маштаб прадпрыемства.
 

Каментаваць