Грошы вашы — стануць нашы

Беларуская дыпламатыя перажыла чарговую перамогу. Мы ўсё ж здолелі выцягнуць з Расіі абяцанне даць нам яшчэ адзін крэдыт, ці прынамсі разгледзець мэтазгоднасць яго выдачы. І ўсё — амаль за так.

Беларуская дыпламатыя перажыла чарговую перамогу. Мы ўсё ж здолелі выцягнуць з Расіі абяцанне даць нам яшчэ адзін крэдыт, ці прынамсі разгледзець мэтазгоднасць яго выдачы. І ўсё — амаль за так.

Расія і Беларусь 3 лютага заключылі пагадненне пра сумесную ахову знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы і стварэнне Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны (СПА). Дакумент падпісаны ў Крамлі па выніках пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы ў прысутнасці прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Дзмітрыя Мядзведзева.

Варта зазначыць, што ініцыятыву стварэння адзінай аб’яднанай сістэмы СПА дзвюх краін бакі абмяркоўвалі прыкладна з 1998 года. Як заяўляў у кастрычніку 2008 года галоўнакамандуючы ВПС РФ генерал-палкоўнік Аляксандр Зелін, у баявы склад адзінай сістэмы СПА ўвойдуць пяць авіяцыйных часцей, дзесяць зенітна-ракетных часцей, пяць радыётэхнічных часцей і адна часць радыёэлектроннай барацьбы. Паводле яго слоў, сістэму ўзначаліць камандуючы аб’яднаннем ВПС і СПА аднаго з бакоў. Пры гэтым, як сказаў А. Зелін, ён будзе прызначацца на пасаду прэзідэнтамі дзвюх дзяржаў.

Разам з тым памочнік Мядзведзева Сяргей Прыходзька паведаміў, што Расія гатовая прадставіць Беларусі некалькі дзесяткаў мільярдаў рублёў крэдыту дадаткова. Віцэ-прэм’ер Аляксей Кудрын удакладніў: 100 мільярдаў рублёў. Гэта тыя грошы, якія Лукашэнка прасіў для пераходу ва ўзаемным гандлі на адзіную валюту. Хаця яшчэ тыдзень таму міністр фінансаў РФ Дзмітрый Панкін гаварыў, што пытанне выдачы крэдыту нават не разглядаецца.

Людзі, якія лічаць Расію дагэтуль “імперскай і вартай таго, каб апасацца, што яна “праглыне Беларусь, мяркуюць, што Расія націснула на Беларусь, і Аляксандр Лукашэнка “прадаў ёй сваё неба. Аднак ці ёсць тут хоць крыху праўды, акрамя русафобіі?

Па-першае, Расія гатова выдаць крэдыт ужо зараз. А пагадненне пра стварэнне адзінай аб’яднанай сістэмы СПА дзвюх краін павінны разгледзець і ратыфікаваць два парламенты: беларускі і расійскі. Калі расійскі можа зрабіць гэта хутка, то беларускі пачне сваю працу толькі 2 красавіка. А за гэты час шмат што можа змяніцца. Прынамсі, можна расійскі крэдыт праесці.

Па-другое, спадар Лукашэнка дадаткова можа кідаць шпількі ў бок Расіі і казаць, што мы нічога Расіі не павінны, бо яны не плацяць за свае вайсковыя аб’екты. А можа нават запатрабаваць у Расіі плату за іх.

Па-трэцяе, беларускі бок аўтаматам можа адмяніць пытанне прызнання Абхазіі і Паўднёвай Асеціі ў якасці незалежных рэспублік. Калі раней казалася, што гэтае прызнанне ёсць неабходнай умовай выдачы крэдыту, то зараз яно змянілася на супрацьпаветраную абарону.

А тое, што ў інтэрв’ю кіраўніка Паўднёвай Асеціі Эдуарда Какойты расійскай “Камсамольскай праўдзе распавядалася пра “абяцанне Аляксандра Лукашэнкі прызнаць незалежнасць самаабвешчаных грузінскіх тэрыторый, дык раней жа тлумачылі Какойце — рашэнне будзе прымаць парламент. І неістотна, што гэты парламент прымае тыя рашэнні, якія яму дазволена прыняць “з высочайшего соизволения. Аляксандр Лукашэнка потым зможа развесці рукамі і сказаць Какойце: “Ну, незалежная ў нас заканадаўчая ўлада ад выканаўчай. Не магу нічога зрабіць! І фармальна будзе мець рацыю.

А тое, што расійскі крэдыт скіраваны на ўвядзенне рубля Расіі ў якасці адзінай валюты — гэта ўвогуле з галіны фантастыкі. Хаця б таму, што Беларускі рубель у працэсе дэвальвацыі абясцэніўся на 25%, а расійскі за перыяд крызісу — на 60%. “Навошта нам нестабільны расійскі рубель, калі наш — стабільнейшы, — гэтую рыторыку ад Лукашэнкі мы чулі і падчас іншых абмеркаванняў па пытанні ўвядзення адзінай валюты. Дый, калі верыць планам і пагадненням, адзіная валюта павінна была быць у нас пяць год таму.

Тым больш, што міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў абверг паведамленні пра прыняцце на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы 3 лютага плана па ўвядзенні адзінай валюты Беларусі і Расіі.

І не варта енчыць, што “байцу 29-й зенітна-ракетнай брыгады Івану Шылу, магчыма, давядзецца збіваць самалёты “ворагаў Расіі. У Расіі папросту няма такіх ворагаў, каб яны лёталі на яе з бамбёжкамі.

Але, калі спусціцца ўніз з гор высокай палітыкі, можна сказаць, што ў Беларусі жыццё ідзе сваім шляхам. Апазіцыя, традыцыйна, за паўтары месяцы пачала падрыхтоўку да Дня Волі 25 сакавіка. Традыцыйна ж заяўнікам акцыі стала Партыя БНФ. Традыцыйна намеснік старшыні гэтай партыі сцвяржае, што будзе створаны шырокі аргкамітэт па святкаванню гэтага дзня і што дэманстранты не збіраюцца ісці на Бангалор. Мінулым годам такія заявы скончыліся масавай “зачысткай дэманстрантаў. Але ў той час не было абвешчана пра “лібералізацыю, “дэмакратызацыю і “збліжэнне з Захадам.

Тым часам улады імкнуцца зрабіць добрую міну пры дрэннай гульні. Заяўлена пра стварэнне разнастайных грамадскіх саветаў пры міністэрствах і Адміністрацыі прэзідэнта. А журналістаў, якія заклапочаныя ўступленнем у дзеянне з 8 лютага новага закона аб СМІ, паспрабавала пераканаць у ягонай бясшкоднасці сама Наталля Пяткевіч.

“Новы закон аб СМІ не нацэлены на “зачыстку медыйнай прасторы Беларусі. Такая мэта не стаяла і не будзе стаяць, — заявіла спадарыня Пяткевіч на пасяджэнні “круглага стала, што праходзіў 4 лютага ў Мінску з удзелам прадстаўнікоў беларускіх уладаў і міжнародных арганізацый. Яркім прыкладам адсутнасці мэты “зачысткі інфармацыйнай прасторы Н. Пяткевіч назвала паведамляльны парадак рэгістрацыі СМІ. Акрамя таго, паводле яе слоў, у адпаведнасці з указам прэзідэнта пры перарэгістрацыі не будзе збірацца дзяржаўная пошліна. “Апанентам закона я магу сказаць: пачакайце, самае галоўнае — як закон будзе рэалізоўвацца на практыцы, — зазначыла Пяткевіч.

У тым уся і справа, што ў нашых умовах рэалізацыя на практыцы нават самых лепшых законаў насамрэч аказвалася такой “засадай, што ад яе стагналі ўсе — і журналісты, і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, і самі чыноўнікі. Што будзе з гэтым законам, баюся, журналісты змогуць пабачыць толькі ў чарговых судах.

А, як паказала практыка, штрафы для газет  — завоблачныя.

Каментаваць