Грунвальдскім шляхам

Старажытныя музыкі і рыцары ў даспехах сустрэлі 9 кастрычніка наведнікаў Касцёла святых Сымона і Алены. У яго сценах адбылося адкрыццё выставы фатографа Леаніда Касабуцкага, якая прысвечана 600-годдзю Грунвальдскай бітвы.

Старажытныя музыкі і рыцары ў даспехах сустрэлі 9 кастрычніка наведнікаў Касцёла святых Сымона і Алены. У яго сценах адбылося адкрыццё выставы фатографа Леаніда Касабуцкага, якая прысвечана 600-годдзю Грунвальдскай бітвы.

У экспазіцыі прадстаўлены 102 фотаздымкі з сёлетняга відовішчнага мерапрыемства, якое ўзнавіла гістарычную падзею 1410 года. На палях Грунвальда 15 ліпеня была разыграна сярэднявечная бітва, што прынесла перамогу і славу нашым продкам. Тады ваяры Вялікага княства Літоўскага і Каралеўства Польскага ашаламляльна разграмілі войскі Тэўтонскага ордэна. Леанід Касабуцкі — адзіны з Беларусі, хто атрымаў афіцыйнае запрашэнне і акрэдытацыю фатографа на рэканструкцыю славутай бітвы.

“Гэта была як вялікая перамога, так і вялікая трагедыя. Загінула шмат нашых людзей, — адзначыў аўтар на адкрыцці выставы. У яго экспазіцыі — панарамныя здымкі, вайсковыя атакі і схваткі, паядынкі вершнікаў, партрэты ваяроў. Высокія палітыкі таксама не абмінулі беларускага фатографа. Прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі і кіраўнік Еўрапарламента Ежы Бузэк, якія прысутнічалі там, засталіся і на кадрах Леаніда Касабуцкага.
 
Ён зрабіў паўтары тысячы здымкаў юбілейнага фэсту. У ім бралі ўдзел і 1,5 тысячы сябраў рыцарскіх брацтваў з усёй Еўропы, а пабачыць юбілейную ўрачыстасць змаглі 100 тысяч гледачоў. “Мне пашчасціла, — лічыць фатограф. — Дзе не стану, там лепшы ракурс. На паездку ў Грунвальд яго блаславіў ксёндз гэтага касцёла Уладзіслаў Завальнюк. Таму аўтар выставы не бачыць нічога дзіўнага, што яму шанцавала ва ўдалых здымках. “Я каталік. Мае продкі былі каталікамі. Мы вельмі набожныя людзі, — сказаў ён.

Фатаграфіяй Леанід Касабуцкі займаецца з дзевяці гадоў. А таксама калекцыянуе фотаапараты, іх у яго ўжо дзевяноста. Яшчэ ён удзельнічае ў рэканструкцыі Барадзінскай і Кулікоўскай бітваў. Пры гэтым Леанід працуе прадпрымальнікам, валодае двума прадпрыемствамі, якія займаюцца міжнароднымі перавозкамі грузаў і пасажыраў. Жыве ў Валожынскім раёне.

“Леанід любіць гісторыю. У яго дома вялікі агромністы куфар, увесь набіты гістарычнай літаратурай, — распавяла пра фатографа яго зямлячка Эма Барадака, якая дапамагала рыхтаваць выставу.

“Мы часта гаворым, што ў нас польска-літоўска-беларуская гісторыя агульная, — заўважыла яна. — Вось яскравы прыклад і канкрэтная справа. Разам змагаліся з крыжакамі. Грунвальдская бітва пачыналася ад малітвы, ад святой імшы, ад святой песні “Багародзіца, якую спявала ўся шматтысячная армія войска польска-літоўскага. Гэта гісторыя бітвы, якая ўзрушыла ўсю Еўропу і свет.

Магутная оптыка фотаапарата дазваляла рабіць аўтару здымкі з адлегласці 430 метраў. “І чалавек не ведае, што яго фатаграфуюць. Ён не пазіруе, ён не робіць штучных мін, выраз твару. Паводзіць сябе натуральна, — адзначыла гэта як вартасць здымкаў Эма Барадака.

Выстава “Грунвальд 1410–2010 ужо дэманстравалася ў Заслаўі. Там у краязнаўчым музеі былі паказаны 40 фотаздымкаў. Але мінская экспазіцыя не паўтарае заслаўскую, з якой аўтар узяў некаторыя здымкі, але да іх дадаў іншыя.

Наступны паказ грунвальдскіх здымкаў Леаніду Касабуцкаму паступіла запрашэнне зладзіць у Вільнюсе.
 

Каментаваць