Іх прага да Беларусі не мае мяжы

Мусіць, толькі адзін з расійскіх гасцей — Уладзімір Рыжкоў — на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года адзначыў, што адбываліся яны з парушэннямі, ва ўмовах агульнага ды моцнага ціску і на выбарцаў, і на апазіцыйных кандыдатаў. Але ці не таму, што ён не лічыўся афіцыйным назіральнікам?



Мусіць, толькі адзін з расійскіх гасцей — Уладзімір Рыжкоў — на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года адзначыў, што адбываліся яны з парушэннямі, ва ўмовах агульнага ды моцнага ціску і на выбарцаў, і на апазіцыйных кандыдатаў. Але ці не таму, што ён не лічыўся афіцыйным назіральнікам?

Сёння расіяне абяцаюць, што будуць фіксаваць усе магчымыя парушэнні. Дэманструюць такім чынам сваю зацікаўленасць. А раней яны былі знарок невідушчымі таксама ад зацікаўленасці. Бо ім здавалася, што калі Лукашэнка не ўтрымае ўладу, дык Беларусь уступіць у NАТO ды змусіць «рускіх людзей» («соотечественников»), якія трапілі за мяжу не сваёй волі, а праз распад Савецкага Саюза, вывучаць беларускую мову. А зараз ужо і гэта ім не карціць, бо ўбачылі, што з Лукашэнкам немагчыма дамовіцца.

Чаму? Адказ мы добра ведаем — няма той мовы, на якой з Лукашэнкам можна было б размаўляць. Але цяжка зразумець і памкненні Крамля. Хоць яго насельнікі і не карыстаюцца «трасянкай», і маюць у большасці ўніверсітэцкую адукацыю, але відавочна не водзяць сяброўства з элементарнай логікай. Прыкладам, тая патрабуе, каб суразмоўцы карысталіся паняццямі з вызначаным зместам, які б заставаўся нязменным да заканчэння дыскусіі. Тады зробленыя высновы і дамоўленасці можна было зразумець, пагаджацца з імі або не.

Пакуль гэтага няма, і простаму чалавеку цяжка зразумець, чаму сварацца паміж сабой трэці ўжо па ліку прэзідэнт незалежнай Расіі з першым да гэтага часу прэзідэнтам незалежнай Беларусі. З Ельцыным Лукашэнка дамаўляўся наконт дасягнення нейкага «найболее полного единения народов» (хто разумее, што гэта такое?), з Пуціным — паглыблялі інтэграцыю і стваралі Саюзную дзяржаву. Аж пакуль Пуцін не ўзарваўся ад змястоўнай неакрэсленасці працэсу і не выгукнуў у роспачы: «Котлеты отдельно, мухи отдельно!» Гэта было сумленна, ад розуму і сэрца. Крык душы: «Ці вы з намі, ці супраць нас? Адкажыце!»

Але не ўсё могуць нават каралі, не кажучы пра расійскіх прэзідэнтаў. Таму Пуцін мусіў задаволіцца адказам — не з вамі і не супраць, і не стаўце, крамлёўска-піцерскія панове, палкі ў калёсы інтэграцыі, дапамагайце шчырым беларусам ствараць саюзную дзяржаву. Бо калі пойдуць на Маскву немцы, то мы пад танкі касцямі не ляжам.

Не, крамлёўцы не напужаліся такім ультыматумам, бо ведалі, чаго на самай справе ён каштуе. Але іх прага да Беларусі не мае мяжы, таму давялося рабіць выгляд, што, як некалі казаў Сямён Шарэцкі, усё будзе добра. Праз нейкі час абвясцілі тым, хто нічога не разумее, што Саюзную дзяржаву ўжо стварылі. Маўляў, хто здольны бачыць, той убачыць Пашу Барадзіна, які сноўдае паміж Масквой і Мінскам, як некалі «чаўнакі» паміж Камароўкай і стамбульскімі базарамі. І ўжо Барадзін заявіў, што ў хуткім часе да яго Саюзнай дзяржавы далучацца іншыя краіны. Але, мусіць, іншыя краіны зацікавіліся, хто будзе насамрэч кіраваць саюзнай дзяржавай, які ўрад і які прэзідэнт. Пад Лукашэнку ім было б смешна пайсці, але ж і не пад Пуціна, не пад Мядзведзева ці іншага крамлёўскага ўладара. Вядома, быць першым у вёсцы, асабліва ў роднай, значна лаўчэй, чым другім у чужой, імперскай сталіцы. Таму і не далучыліся.

Вось на самай справе цана пытання, як яе бачыць кожны нармальны чалавек. А памкненні двух целаў заняць адно месца толькі ў любошчах даюць асалоду. І мусіць нездарма Лукашэнка жаліцца кожнаму, што яго пастаянна спрабуюць «наклонять». Але ж з эталогіі вядома, што гэта робяць толькі з тымі, хто падстаўляецца.

У сваім «відэаблогавым звароце» да беларусаў і расіянаў Дзмітрый Мядзведзеў фактычна працытаваў тое, што Лукашэнка гатоў сказаць, хоць яго сярод ночы падымі: «Мы заўжды будзем памятаць, што нашы народы — а мне заўсёды карціць сказаць: наш адзіны народ — панеслі вялізныя страты...» Адсюль выснова: «Калі мы адзіны народ, то якія могуць быць рахункі?» А з Крамля, ужо і па сеціве, паведамляюць, што ўвесь праект мае для Расіі сабекошт у 50 мільярдаў долараў, і толькі сёлета яна прафінансавала Беларусь на 2 мільярды.

Да таго ж аказваецца, што (цытую расійскага прэзідэнта) «усе мы — грамадзяне Саюзнай дзяржавы». Крый Бог, спадар Мядзведзеў, я такой дзяржавы не ведаю. Але ведаю, што ў нашай вельмі «вольна дыхае» толькі адзін прэзідэнт. А ў вашай?

Безумоўна, заява расійскага прэзідэнта выклікала зацікаўленасць у грамадзян абедзвюх пакуль што незалежных краін. Перш-наперш рэзкімі ацэнкамі паводзін свайго хаўрусніка «па інтэграцыі». Але што тычыцца праблемы зніклых, то нехта некалі слушна заўважыў — калі чалавек забойца, то мяне не цікавіць, што ён есць на абед. На працягу больш як 10 гадоў Лукашэнка не дазваляе правесці аб’ектыўнае расследаванне гэтых спраў. А з ім да гэтага часу і хлеб-соль дзялілі, і шампанскае пілі, і крыштальны посуд аб крамлёўскі мармур білі.

Нас жа туды не клікалі, хоць крамлёўскі гаспадар па-ранейшаму лічыць, так выходзіць, беларусаў сваімі падданымі.

Дзе тут, як кажуць афіцыйныя апаненты аўтараў дысертацый, элементы навізны? Іх прага да Беларусі застаецца бязмежнай.

Каментаваць