Хісткая стабільнасць

Беларусам трэба рыхтавацца ў гэтым годзе да чарговай дэвальвацыі рубля як мінімум на 8%. Такія высновы можна зрабіць з заявы старшыня праўлення Нацыянальнага банка Пятра Пракаповіча.



Беларусам трэба рыхтавацца ў гэтым годзе да чарговай дэвальвацыі рубля як мінімум на 8%. Такія высновы можна зрабіць з заявы старшыня праўлення Нацыянальнага банка Пятра Пракаповіча.

Паводле яго слоў, курс нацыянальнай валюты да кошыка замежных валют у 2011 годзе будзе знаходзіцца ў межах абвешчанага калідора +/- 8%. Прэс-служба кіраўніка дзяржавы паведамляе, што банкаўская сістэма Беларусі ў поўным аб’ёме забяспечвае крэдытаванне эканомікі краіны. «Толькі за студзень 2011 года прырост крэдытаў склаў 3,2%, а да ўзроўню лютага 2010 года  — 44%, што значна вышэй запланаванага паказчыку. Пры гэтым доўгатэрміновыя крэдыты банкаў раслі больш хуткімі тэмпамі, чым у цэлым аб’ёмы крэдытавання ў краіне», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.

Разам з тым пастаянны прадстаўнік Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусі Наталля Калядзіна прапанавала беларускім уладам зрабіць больш жорсткай грашова-крэдытную палітыку краіны і дэвальваваць нацыянальную валюту.

«Мы лічым, што для скарачэння дэфіцыту гандлю патрабуецца макраэканамічная карэктыроўка. Новыя замежныя запазычанні павінны спрыяць павелічэнню золатавалютных рэзерваў, што магчыма, толькі калі гандлёвы дэфіцыт пачне скарачацца. Гэта можа быць дасягнута толькі ўзмацненнем жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі і больш гнуткай курсавой палітыкі. Акрамя таго, замежнае фінансаванне не бязмежнае і залежыць ад сітуацыі на міжнародных фінансавых рынках, якія зараз хутка змяняюцца», — падкрэсліла эксперт МВФ.

У адказ на гэта Пётр Пракаповіч у размове з Лукашэнкам паведаміў, што банкаўская сістэма краіны працуе без збояў, і ўносіць нейкія карэктывы ў яе функцыянаванне, у тым ліку праводзіць дэвальвацыю рубля, у бліжэйшы час немэтазгодна.

Аднак бадзёрыя вердыкты банкаўскай сістэмы не зусім карэлююцца з агульнымі тэндэнцыямі ў эканоміцы. На пасяджэнні Савета міністраў Пётр Пракаповіч гаварыў, што сітуацыя ў знешнім гандлі ставіць пад пагрозу зрыву выкананне праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011–2015 гады. «Калі мы не вырашым пытанне з дадатным сальда знешняга гандлю да 2014 года, то ўсе нашы планы, праекты, у тым ліку па падвышэнні жыццёвага ўзроўню насельніцтва, могуць апынуцца пад пагрозай зрыву. Не гаворачы ўжо аб эканамічнай і фінансавай бяспецы», — зазначыў Пракаповіч. Адмоўнае сальда па таварах і паслугах складае амаль 10 мільярдаў долараў. Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця прадугледжвае паніжэнне адмоўнага знешнегандлёвага сальда пачынаючы з бягучага года. На сёлета самае высокае адмоўнае сальда — 9% да ВУП.

Апроч таго, з сярэдзіны 2010 года назіраецца стабільнае скарачэнне золатавалютных запасаў. Толькі за студзень яны скараціліся  больш чым на 500 мільёнаў долараў. Нацбанк афіцыйна называе гэта «характэрнай для студзеня з’явай». Прычыны — «выкананне разлікаў у замежнай валюце па абавязальніцтвах 2010 года, а таксама традыцыйнае падзенне аб’ёмаў балансу валюты, якая паступае ў краіну, на фоне высокага запатрабавання ў валюце для разлікаў за энерганосьбіты».

За мінулы месяц аб’ём міжнародных рэзервовых актываў Беларусі ў нацыянальным вызначэнні скараціўся на 575,8 мільёна долараў (на 9,4%) і склаў амаль 5,5 мільярда долараў. Золатавалютныя запасы па методыцы МВФ за гэты перыяд паменшыліся на 687,7 мільёна долараў (13,7%) і склалі 4,3 мільярда долараў. Выпраўляць сітуацыю Нацбанк спрабуе абмежавальнымі метадамі. Біржавы збор, які выплачваецца пры набыцці валюты, павялічаны да 2% ад сумы здзелкі, а камерцыйныя банкі могуць набываць валюту толькі за кошт уласных сродкаў і толькі на суму, роўную розніцы паміж продажам і пакупкай валюты насельніцтвам.

У адпаведнасці з Асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2011 год, рост міжнародных рэзервовых актываў у бягучым годзе павінен скласці не меней 1,2 мільярда долараў. Асноўнымі фактарамі такога росту павінны стаць прыцягненне 6,4 — 6,5 мільярда долараў прамых замежных інвестыцый і згаданае выпраўленне перакосу ў знешнегандлёвым балансе.

Каментаваць