Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

«Хацеў у Французскі легіён — трапіў на Данбас»

У вёсцы Навасёлкі, што пад Магілёвам, цягам аднаго году загінулі два жыхары, якія ваявалі на баку так званай ДНР.

Уладзімір Ястрабаў, які ваяваў на баку самаабвешчанай ДНР. Фотаздымак з ягонай старонкі «УКантакце»

Пра смерць Уладзіміра Ястрабава паведаміў Цэнтр даследавання прыкмет злачынстваў супраць нацыянальнай бяспекі Украіны «Міратворца». На сайце няўрадавай арганізацыі адзначана, што «беларускі найміт ліквідаваны ў лютым 2016 году».

​Годам раней на Данбансе загінуў жыхар Навасёлак Аляксандар Мельнікаў. Пра ягоны лёс расказалі аднавяскоўцы.

 Ястрабаў рваўся ў бой

 Уладзімір Ястрабаў і Аляксандар Мельнікаў пахаваныя на Навасёлкаўскіх могілках. На мармуровых помніках высечаныя партрэты маладых мужчын, якія не пражылі і трыццаці гадоў.

 

Помнік на магіле Уладзіміра Ястрабава. Навасёлкі, Магілёўская вобласць

Старэйшаму Уладзіміру было дваццаць дзевяць. Яму пашчасціла ацалець на Данбасе, але, вяртаючыся з вайны, ён таямніча загінуў у лесе між Масквой і Санкт-Пецярбургам. Аляксандр згарэў у танку на фронце, не дажыўшы да дваццаці сямі гадоў месяц. Абодва сваіх сем'яў не мелі.

«Уладзімір быў няўрымслівым чалавекам. Ён ірваўся ў бой. Ягоная натура патрабавала, каб у руках была зброя і каб ваяваць», — расказвалі пра Ястрабава дарогаю на могілкі два ягоныя сябры.

 

Апошні фотаздымак, які з’явіўся на старонцы Уладзіміра Ястрабава «Укантакце»

«Грошы Уладзіміра не асабліва цікавілі, — гаварылі яны, — хоць, як кажуць, на Данбасе ў яго нібыта праблемы з заробкамі былі. Пра тое, у чым ён там удзельнічаў, не гаварыў. Адтуль болей у Беларусь не вяртаўся. Толькі тэлефанаваў ды рэгулярна выкладаў фоткі на сваю старонку „УКантакце“. Цяпер іх там значна меней».

Уладзімір Ястрабаў служыў у спецназе ўнутраных войск МУС «Аколіца» ў вайсковай частцы 3310 пад Мінскам. Паводле ягоных сяброў, пасля войска працаваў у магілёўскіх начных клубах ахоўнікам. На помніку датай смерці Ястрабава пазначана 20 студзеня 2016 года.

У зону баявых дзеянняў, казалі суразмоўцы, спасылаючыся на самога Ястрабава, ахвотныя ваяваць на баку ДНР траплялі праз Варонеж. У гэтым горадзе іх рыхтавалі і пасля перакідвалі на Данбас. З іх слоў, у Ястрабава на Данбасе быў знаёмец, з якім ён перамаўляўся, як туды выправіцца.

Хацеў у французскі Замежны легіён — трапіў на Данбас

 «Як дэмабілізаваўся, дык часцяком згадваў французскі легіён. Нібыта і дакументы падаў, і заяўляў, што яго туды ўжо і звалі. Але чамусьці, як усё роўна адным днём, вырашыў падацца на Данбас. Разам з ім паехаў і Мельнікаў», — казалі сябры пра Уладзіміра Ястрабава. Апынуцца сярод вайскоўцаў гэтага падраздзялення ўзброеных сілаў Францыі, куды набіраюць найперш іншаземцаў, для былога спэцназаўца было марай.

Цяпер у Навасёлках распавядаюць, што Ястрабава знайшлі ў лесе ў Расіі падвешаным на бандане яго знаёмца, з якім нібыта разам былі на Данбасе.

 

Дом у Навасёлках, у якім жыў Уладзімір Ястрабаў

«Пальцы на руках у Лабуса (вясковая мянушка Ястрабава. — РС) былі панявечаныя, — казалі хлопцы. — Галава была ў гузаках. І на нагах таксама нешта было з пальцамі. Што з ім рабілі, невядома. З Расіі яго прывезлі не адразу. Ён яшчэ 21 дзень ляжаў у замарозцы».

Бацькі Уладзіміра Ястрабава, сказалі суразмоўцы, за Савецкім Саюзам жылі ў Літве, таму і маюць мянушку «лабусы». У Беларусь Ястрабавы перабраліся незадоўга да развалу Саюзу.

На старонцы «УКантакце», створанай да Данбасу, Ястрабаў свае палітычныя погляды адзначаў як памяркоўныя. У раздзеле «светапогляд» выбранае праваслаўе. Уладзімір захапляўся боксам ды ўсходнімі адзінаборствамі. Прыватных звестак на старонцы няма. На ёй засталіся фатаздымкі Ястрабава ў вайсковай форме і са зброяй. Адзін з апошніх — з кулямётам і прыкрытым тварам — выстаўлены 18 снежня 2015 года. Праз два месяцы, 26 лютага 2016 года, на старонцы поўна жалобных каментароў.

Ястрабава дамоў цягнула, але ён баяўся пераследу ўладаў

Праз сацыяльныя сеткі ўдалося скантактавацца са знаёмым Уладзіміра Ястрабава, які ведаў яго па ўдзеле ў баявых дзеяннях на Данбасе. Ён не хоча, каб ягонае імя было згаданае, але расказаў, што на Данбас Ястрабаў прыехаў у кампаніі яшчэ трох мужчын. Адзін з іх загінуў пад Дэбальцава. Другі вярнуўся ў Беларусь і меў праблемы са спецслужбамі. Ястрабаў таксама хацеў вярнуцца, але асцерагаўся пераследу ўлады.

«Дамоў яго цягнула, але ён баяўся ўладаў — не за сябе, а за родных, — кажа крыніца. — Да іх прыходзілі, ціснулі, каб Уладзімір вярнуўся. Пра пераслед ён ведаў».

Кажа, што на Данбас яны прыбылі прыкладна ў адзін час і трапілі ў адно падраздзяленне. Былы найміт, аднак, пакінуў зону баявых дзеянняў раней за беларуса. Што сталася прычынай ад’езду, не сказаў, заўважыў толькі, што «хутка туды вернецца».

Паводле яго, беларусы, якія ваююць на баку так званай ДНР, альбо асядаюць на Данбасе альбо шукаюць паратунку ў Расіі. Ястрабаў быў «ідэйным змагаром», а на рашэнне выправіцца ў зону баявых дзеянняў паўплываў «не столькі інтэрнэт, колькі тэлевізар».

На пытанне, як ставіўся Ястрабаў да Лукашэнкі, суразмоўца адказаў: «„Бацьку“ ён не ганіў. Ставіўся нармальна».

Мельнікава бацюшка не хацеў адпяваць

 Непадалёк ад магілы Ястрабава ляжыць Аляксандр Мельнікаў. Сябры завуць яго «Мелам». Паводле іх, Аляксандар прабыў на Данбасе не болей за месяц. За гэты час ні разу адтуль не азваўся. На помніку пазначана, што Аляксандр загінуў 16 лютага 2015 году.

 

Фотаздымак Аляксандр Мельнікава на яго магіле ў Навасёлках, Магілёўская вобласць

Сяброў дзівіць, як яго маглі ўзяць у танкісты, бо адпаведных навыкаў той не меў. На Данбас жа выправіўся за кампанію з Ястрабавым. Разам яны там нібыта і ваявалі, няўпэўнена выказваюцца суразмоўцы.

«Хавалі Мельнікава ў закрытай труне. Па цела ездзілі на Данбас сваякі, — казалі яны. — Праваслаўны святар не хацеў адпяваць Аляксандра, дык давялося дужа прасіць. Бацюшка казаў, што яму вядома, каго хаваюць і дзе загінуў хлопец».

Пра Уладзіміра і Аляксандра сябры нічога кепскага не кажуць. Адзначаюць, што былі таварыскімі. Дапамагалі тым, хто меў патрэбу ў дапамозе. Але матывы, якія змусілі іх паехаць на Данбас, застаюцца для суразмоўцаў незразумелымі.

 

Крыж на магіле Аляксандра Мельнікава. Навасёлкі, Магілёўская вобласць

«Яны былі наймітамі і забівалі, напэўна, цывільнае насельніцтва. Войны розныя ж бываюць, але яны былі не на той...», — сказаў на магіле Ястрабава адзін з ягоных сяброў.

«Трэба было табе туды ехаць, Лабус неразумны», — прамовіў, гледзячы на высечаны на помніку партрэт, хлопец.

«Калі б „бацька“ плаціў троху, то ніхто туды і не ехаў бы, — пасля паўзы кажуць хлопцы. — Але ён скнара. Пра свайго „князька“ дбае толькі».

www.svaboda.org


Абмеркаванне:

  • ДМИТРИЙ(МИНСК)
  • 2017-10-24 06:30:24
Герои..... есть на кого ровняться!
Покойтесь с миром - ВОИНЫ.....
Если не дети сам бы на стороне ДНР И ЛНР был!

Каментаваць