Хакейныя пакуты

Адзін мой былы сябар, што нейк «адпаў» пасля падзей 2010 года, хваліўся тым, што ўмее гуляць у хакей. Ён быў удачлівым бізнесменам, мог дазволіць сабе ўтрымліваць дзве сям’і, так што старэйшага сына таксама паставіў і на ногі, і на канькі.
Вось ён мне казаў: «Хакей — гульня для заможных. Падрыхтаваць сына для гульні — выкласці не менш за тысячу долараў. Калі Лукашэнка будуе лядовыя палацы, то гэта ён нас абслугоўвае».

Сапраўды. Хакей у нашых умовах — гульня для заможных. Для багатых людзей у багатай краіне. Там, дзе ўтрымліваць каток летам — простая справа. Хто толькі не пісаў аб дарагой гэтай панскай прыхамаці, лядовых палацах у кожным абласным цэнтры. Але нам казалі: спакойна! Затое мы адбудземся! Мы пераможам! Мы выхаваем здаровую нацыю.

Не будзе здаровай нацыі. Здаровая нацыя тады павінна быць багатай, і падрыхтаваць сына для гульні — павінна каштаваць, напрыклад, палову месячнага заробку. Хоць бы ў такіх межах. Інакш, прабачце, атрымліваецца не ў каня корм. Хай тады гуляе ў футбол. Яно танней.

Так, менавіта ў футбол. Бедныя краіны гуляюць у футбол. Заробак у Бразіліі меншы, чым у Беларусі. Але бразільцы гуляюць у футбол. Там мара — дарасці да клубнай каманды, потым да зборнай. Стаць чэмпіёнам краіны, потым — свету. Потым — яшчэ куды-небудзь запрадаць свае ногі, стаць багатым і паважаным чалавекам. Зарабіць — пакуль ты малады. І вярнуцца ў краіну, зрабіць палітычную ці бізнэс-кар’еру.

Усё зразумела. Ёсць логіка. Дваровая каманда — бацькам трэба купіць табе спартыўны абутак, а ўсё астатняе, шорты-трусы і майка, і так ёсць. Потым клуб — калі атрымаецца, але клубаў шмат, таму што ёсць з каго выбіраць і гадаваць гульцоў. Ды і выдаткі павялічваюцца толькі на форменныя трусы і майку. Потым — зборная.

Але галоўнае — у кожным двары, ў кожным мікрараёне гуляюць у футбол.

Я іду з крамы — у нас таксама хлапчукі гуляюць у футбол. Яны радуюцца. Гэта натуральна. У іх свае зборныя: вось штурхаюць мячык васьмі-дзевяцігадовыя. Вось, гадзінай пазней, прагоняць іх з поля чатырнаццацігадовага і пойдуць гуляць падворак на падворак, басавітым матам перамяжоўваючы выкрыкі імёнаў паплечнікаў па камандзе. Вечарам выйдуць гуляць бацькі — тыя, каму ўжо за трыццаць пяць.

Ім не трэнер патрэбны. Ім патрэбны класны настаўнік фізкультуры, які зрабіў бы зборную школы і павёў яе супраць іншай зборнай. Мяч бацькам абыходзіцца танней шайбы. А настаўнік — танней за трэнера зборнай. Але трэнераў трэба некалькі, а настаўнікаў — сотні. І дзяржава эканоміць на заробках.

Апошняя сустрэча старшыні федэрацыі хакея з прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Першы скардзіўся на недахоп грашовага ўтрымання. Зразумела: як плацім, так яны і гуляюць. Але хлапчукам ў двары не плаціць пакуль ніхто. А гуляюць яны класна. Я не пра фінты і падачы. Я пра азарт, шчырае захапленне. Вось з іх бы зараз ляпіць зборную.

Але наш прэзідэнт НАК ўжо нагуляўся ў футбол. Ён любіць хакей. Ён можа сабе дазволіць падрыхтаваць цэлую каманду. Забудаваць краіну лядовымі палацамі. І атрымаць вынік на чэмпіянаце:

Пяць — нуль.

Шэсць — два.

Я не заклікаю разбурыць палацы. Але можна хоць бы падвысіць зарплату настаўнікам фізкультуры? Калі гэта адбудзецца зараз, маё пакаленне, быць можа, дажыве да выніку.

Дарэчы, за футбол я таксама не хварэю. Але за дзяржаву, блін, крыўдна.


Паводле belsat.eu

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць