Халодны бунт

Апошнімі днямі ў Беларусі, прынамсі, у Мінску ўсталявалася даволі халоднае надвор’е. Тэмпература ўначы — каля нуля, удзень 6-8 градусаў вышэй за нуль, максімум 10. Тым не менш, у большасці кватэр ужо некалькі тыдняў адключана ацяпленне. Нягледзячы на скаргі, улады не імкнуцца мяняць сітуацыю і «саграваць» электарат.
Ужо больш за тыдзень прынамсі я, пражываючы з сям’ёю ў трохпакаявой кватэры ў сталічным мікрараёне “Малінаўка”, мушу спаць пад дзьвюма коўдрамі і ў цёплых шкарпэтках. Тэмпература ў маім пакоі – недзе 14-15 градусаў. Гэта як у намёце падчас веснавых вандровак, якія я з прычыны нелюбові да холаду не вельмі паважаю.

Дык гэта вандроўкі. А тут – звычайны побыт, жыццё, жытло. І вось такая тэмпература ў большасці сталічных кватэраў. Калі, канешне, хтосьці не вырашыў зноў падключыць абагравальнікі, што ў сённяшніх варунках, улічваючы расцэнкі на электрычнасць, - даволі нятаннае задавальненне.

Паводле прагнозаў сіноптыкаў, халоднае надвор’е захаваецца яшчэ сама мала некалькі тыдняў. Але, як сведчаць чыноўнікі, просты люд мусіць перажыць гэтыя няўтульнасці самастойна. Вось, начальнік аддзела энэргетыкі ўпраўлення гарадской гаспадаркі і энэргетыкі Мінскага гарвыканкама (вось дык назоў!) Дзмітрый Плашкоў паведаміў, што “нарматыў па тэмпературы ў кватэры існуе толькі ў ацяпляльны сезон, а калі сістэма ацяплення не працуе, то ніякіх нормаў няма”. Па словах чыноўніка, запар “пяць сутак ніжэй за 8 градусаў яшчэ не было, і нават калі будзе, то не факт, што ацяпленне ўключым”.

Вось так. Паслугі на камуналку растуць алімпійскімі тэмпамі, вышэйшае кіраўніцтва не спыняе рыторыку, што Беларусь з’яўляецца сацыяльна-арыентаванай краінай, “дзяржавай для народа”.

Дык пра што гавораць дзеячы гэтай самай “дзяржавы для народа”, калі той самы народ элементарна мерзне ў сваіх кватэрах? Адна справа, калі гаворка ідзе пра маладых, заможных і здаровых. Ды і то, яны маюць поўнае права на годны ўзровень жыцця і на цяпло пад сваім дахам.

А што рабіць тым, хто ледзьве зводзіць канцы з канцамі і не мае абагравальнікаў ці не можа сабе дазволіць іх выкарыстанне з прычыны дарагавізны электрычнасці? Што рабіць людзям з хранічнымі ды й проста захворваннямі, пенсіянерам, інвалідам, сем’ям з маленькімі дзеткамі, якіх даводзіцца літаральна ўкутваць у “сто адзежак”, каб яны маглі заснуць і не захварэць?

Дзяржава, якая дзярэ апошнюю кашулю з свайго электарату, ужо згубіла сорам і права звацца народнай. Жыццё ў халадэчы не дадае аптымізму людзям, грае на нервах, кепска адбіваецца на стане здароўя, а медыцына ў нас таксама далёка ўжо не народная.

Зразумела, што чыноўнікі імкнуцца эканоміць на простых людзях усімі магчымымі спосабамі, каб дагадзіць вышэйшаму начальству.

Але ж кожнаму людскому цярпенню часам надыходзіць канец. І пакуты ад холаду, паводле экспертаў, можна параўнасць з пакутамі ад голаду – ад гэтых адчуванняў амаль аднолькавы фізіялагічны і псіхалагічны дыскамфорт, які выклікае агрэсію. Толькі вось чынушы, якія жывуць у паралельным з іншымі беларусамі свеце, гэтага не разумеюць. А калі зразумеюць, то можа быць позна. Для іх позна.   


Каментаваць