Галоўная бяда беларусаў у Беларусі — мова

Аляксандр Лукашэнка ў гісторыю ўвойдзе альбо як русіфікатар беларусаў, альбо як стваральнік беларускай нацыі, беларускай нацыянальнай дзяржавы. Шанец яшчэ ёсць...


Самай страшнай бягучай бядой беларусаў ёсць свядома здзейсненае амаль татальнае вытурэнне беларусаў са сваёй прыроднай моўнай і нацыянальна-культурнай нівы. Не баімся памыліцца ў сваіх падліках: на рускае даводзіцца не менш як 90 працэнтаў, а на беларускае — жабрацкія 10 працэнтаў. У такіх экстрэмальных умовах нельга захаваць беларускі народ ад этнічнага вымірання. У падмурку гэтага перакосу ляжыць глыбока, усебакова прадуманая, жорсткая дзяржаўная палітыка русіфікацыі беларусаў. Незвычайную агрэсіўнасць набыла яна пасля правядзення ў маі 1995 года рэферэндуму, згодна з якім рускую мову юрыдычна прыраўнялі да беларускай. Нагадаем, што моўнае пытанне належыць да тых, якія на рэферэндум не выносяцца.

На практыцы вынікаў ані першага, ані другога рэферэндумаў улады не прытрымліваліся. Яны рабілі ўсё, каб толькі руская мова абслугоўвала ўсе сферы грамадскага жыцця. Адным словам — суцэльная русіфікацыя. На працягу апошніх больш як 20 гадоў беларуская мова і дня не знаходзілася ў статусе фактычна дзяржаўнай! Па сутнасці ўсё палітычнае кіраўніцтва краіны з дня ў дзень груба парушала і сёння парушае канстытуцыйнае палажэнне аб абавязковым выкарыстанні беларускай мовы ў сваёй практычнай дзяржаўнай дзейнасці. Лічым, што гэта з’яўляецца адным з самых сур’ёзных палітычных злачынстваў. І гэта з боку тых, хто надзелены ўладай, хто ў адказе за этнічнае здароўе нацыі.

На вялікі жаль, знявага ўладамі дзяржаўнай беларускай мовы не выклікае асэнсаванага супраціву з боку беларускага народа. Супраць яго антынацыянальнай культурна-моўнай палітыкі выступаюць толькі адзінкі неасіміляваных, стойкіх, шчырых беларускіх патрыётаў. Іх высілкаў не хапіла, каб выратаваць краіну ад унутранай і знадворнай рускай культурна-моўнай асіміляцыі. Нацыянальна зняважаная чыноўніцтвам суверэнная Рэспубліка Беларусь практычна згубіла сваё этнакультурнае аблічча. Улады ўсяляк стараюцца не выносіць на публічнае абмеркаванне гэтае архідалікатнае пытанне.

Сваёй заганнай нацыянальнай палітыкай улады, можна смела сцвярджаць, прывялі беларускую мову на ГАЛГОФУ. Галоўнае, адметнае, самабытнае багацце дзяржаўнага народа Рэспублікі Беларусь укрыжаванае.


Язэп Драздовіч. "Пагоня"


Калі дзяржава і надалей будзе ўсяляк стрымліваць увядзенне беларускай мовы ў афіцыйнае жыццё, то народ не толькі не будзе валодаць і карыстацца ёю, але нават не захоча і чуць яе, прычым і з вуснаў артыстаў драматычных тэатраў, эстрадных і оперных спевакоў, удзельнікаў мастацкай самадзейнасці. Гэтымі словамі мы не збіраемся пужаць палітыкаў, але ім трэба ведаць, што ўжо і сёння беларускі моўны нігілізм уяўляе сабой галоўную рэальную пагрозу не толькі для захавання беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, але і суверэнітэту краіны. На ўсёй постсавецкай прасторы пазіцыі «русского мира» нідзе не вызначаюцца такой трываласцю, як у Беларусі, падрываючы яе дзяржаўныя асновы.

Гэта негатыўна ўплывае на імідж краіны ў цывілізаваным свеце, які шануе краіны з самабытным, арыгінальным этнакультурным жыццём, а не тыя, што не ў меру спажываюць чужыя духоўныя каштоўнасці, анямелі ў роднай мове. У гісторыі Еўропы не знайсці народа, акрамя беларускага, мову якога сама дзяржава не пускала ў афіцыйную сферу. Нашая сучасная культура з яе таўшчэзным напластаваннем усяго рускага пакідае Беларусь без будучыні, пераўтварае яе ў нацыянальным плане ў бясплодную пустэчу.

Нацыя без нацыянальнай культуры, калі чужое пануе над уласным, не можа быць багатай.

З кожным днём беларусы аддаляюцца ад нацыятворчага працэсу, бо дзяржава іх усё больш і больш зрусіфікоўвае, упарта не пускаючы ў афіцыйнае жыццё беларускую мову. І самае страшнае, што ёй не даюць месца ў дашкольнай, школьнай сістэмах выхавання і навучання, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай школе. Тут масава рыхтуюцца новыя пакаленні рускамоўнай інтэлігенцыі, амаль зусім не здольныя быць носьбітамі беларускага нацыянальнага духу.

Ведаем, што нялёгка змяніць сітуацыю пры страшэнным дэфіцыце сапраўдных нацыянальных лідараў сярод палітыкаў, асабліва высокага рангу. Шараговыя ж функцыянеры не ў стане ўзняць народ на самаадданае змаганне за этнічнае выжыванне. Ужо стала гістарычным фактам, што сярод 2500 дэлегатаў V Усебеларускага народнага сходу не знайшлося аніводнай смелай асобы, якая не збаялася б ушчэнт разнесці неадпаведную карэнным інтарэсам Бацькаўшчыны дзяржаўную культурна-моўную палітыку, паказаўшы, што апошняя вядзе не толькі да поўнага размывання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, але і да страты палітычнага суверэнітэту краіны.

А некалі ж былі ў нас палітыкі-патрыёты, гатовыя прыняць нават смерць, каб толькі родны край не стаў жаданай здабычай для чужой дзяржавы. Згадаем тут пра гераічны чын пасла (дэпутата) ад Наваградскага ваяводства Тадэвуша Рэйтана, які мужна супраціўляўся спробам вальнага Сойма Рэчы Паспалітай зацвердзіць здрадніцкі акт аб першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 г.). Дамагчыся такога паслу-патрыёту не ўдалося. Тады ён, каб перашкодзіць паслам пакінуць залу пасяджэнняў, лёг крыжам ля дзвярэй і на ўвесь голас закрычаў: «Забіце мяне, затапчыце, але не забівайце Бацькаўшчыны!» А меў жа ён тады трохі больш за 30 гадоў!

А колькі сапраўдных беларускіх нацыянальных герояў, прычым высокаадукаваных для свайго часу, улілося і самаахвярна змагалася ў 1863–1864 гадах у шэрагах нацыянальна-вызвольнага паўстання на чале з Кастусём Каліноўскім! Сёння нам вельмі патрэбны такія героі-патрыёты, без якіх нельга разлічваць на поспех нацыянальна-культурнага адраджэння беларускага народа, захаванне дзяржаўнага суверэнітэту яго Бацькаўшчыны.


Галоўнай прычынай нашага незайздроснага сацыяльна-эканамічнага становішча, неўтаймаванай карупцыі трэба шукаць найперш у сур’ёзных хібах, поўнай дэзарганізацыі этнакультурнага жыцця краіны, у дэфармаванай нацыянальнай свядомасці народа. Усякі этнічна зацюканы народ, дый яшчэ ўласнай дзяржавай, не можа быць актыўным у любой сферы грамадскай дзейнасці чалавека, у тым ліку і ў сацыяльна-эканамічнай.

Лёсавызначальнай праблемай нумар адзін ёсць этнакультурная. У нашы дні страшэннай нацыянальнай дэградацыі беларусаў з-за іх найчасцей вымушанага сыходу са сваёй культурна-моўнай нівы на чужую не бачаць толькі абсалютна сляпыя людзі. А гэта трэба бачыць, асабліва палітыкам — і рэагаваць.

Беларусы не па сваёй волі сёння ўжо не ўяўляюць сабой самабытную арыгінальную нацыю, паколькі жывуць пераважна не сваімі, а рускімі культурна-моўнымі каштоўнасцямі, нават робяць істотны ўнёсак у іх стварэнне, папулярызацыю на беларускай зямлі, атрымліваючы за гэта не толькі зарплату, але і ўрадавыя ўзнагароды. У дзяржаўным сектары эстрады ёсць асобы, якія і за 20–30 гадоў сцэнічнай дзейнасці не выканалі аніводнай беларускамоўнай песні і з гонарам ставяць сабе гэта ў вялікую заслугу.

Спадзявацца, што ў такой экстрэмальнай сітуацыі сам народ выкараскаецца з глыбокай асіміляцыйнай ямы, ніяк не даводзіцца. Тэрмінова патрэбная адпаведная нацыянальна-культурная, моўная палітыка дзяржавы, калі яна не на словах, а на справе жадае быць суверэннай, мець этнічна самастойную нацыю, а не адрынуты ад роднай мовы народ.

Калі ў палітычнага кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь ёсць хоць кропля такога жадання, яно павінна не заўтра, а ўжо сёння правесці Усебеларускі народны форум і абмеркаваць на ім найгалоўную агульнанацыянальную праблему дня, даўшы ёй прыкладна такую фармулёўку: «Выратаванне беларускага народа ад страты этнакультурнай самабытнасці як галоўнага фактару захавання нацыянальнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь».

Аб’ектыўная рэальнасць вымагае ад кіраўніцтва рэспублікі калі не цалкам адмовіцца ад далейшага працягу русіфікатарскай палітыкі, дык мо хоць не з такой зацятасцю ажыццяўляць яе. А лепш пачаць шлях паступовага, але новага адраджэння беларусаў.

Аляксандр Лукашэнка ў гісторыю ўвойдзе альбо як русіфікатар беларусаў, альбо як стваральнік беларускай нацыі, беларускай нацыянальнай дзяржавы. Шанец яшчэ ёсць. Для пачатку трэба зрабіць так мала: вярнуць 17-ы артыкул першай Канстытуцыі, «Закон Аб мовах у Беларускай ССР», прынятыя камуністычным Вярхоўным Саветам, і Дзяржаўную праграму развіцця беларускай мовы.



Каментаваць