Галоўнае для ўладаў — яўка выбаршчыкаў

Такую выснову робіш, калі хоць неяк дачыняешся да выбараў. На гэты раз я быў акрэдытаваны на выбарчым участку №6 Мінскай гарадской выбарчай акругі №48 па выбарах дэпутатаў Мінскага гарсавета разам з назіральнікамі — грамадскім дзеячам Вацлавам Арэшкам і юрысткай Тамарай Сяргей.



Выбарчы ўчастак знаходзіўся ў актавай зале Мінскага дзяржаўнага палітэхнічнага каледжу па праспекту Незалежнасці, 85. На гэтым участку ў цэнтры сталіцы акрамя мясцовых жыхароў, у асноўным людзей сталага веку, галасавалі насельнікі інтэрнатаў — навучэнцы каледжу і студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва. 

Вацлаў Арэшка лічыць галасаванне на ўчастку “чарговым фальшаваннем выбараў з перспектывай на 2015 год”. Паводле ягоных слоў, нягледзячы на тое, што ўчастак зручны для ўладаў, і шмат маладзёнаў з інтэрнатаў прыгналі галасаваць, каб забяспечыць яўку больш за 60%, усё роўна было прыпісана, як мінімум, каля сотні галасоў выбаршчыкаў. 

Прадвызначанасць вынікаў галасавання, калі праўладны кандыдат,  прадстаўнік Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі Сяргей Казлоў набраў 534 галасы, а прадстаўнік апазіцыі — Валер Ухналёў усяго толькі 44, сведчыць пра адно — удзельнічаць у гэтым фарсе няма аніякага сэнсу”, — падкрэсліў назіральнік.

Разам з тым, на ягонае меркаванне, чыноўніцтва прымушае выбаршчыкаў дэманстраваць лаяльнасць да ўладаў ў сітуацыі на фоне падзеяў ва Украіне, калі гэтая лаяльнасць зніжаецца, людзі не жадаюць галасаваць і падтрымліваць дзеючую уладу. Вацлаў Арэшка лічыць, што без адміністрацыйнага ўціску на ўчастку №6 прынялі б удзел у галасаванні не больш за 25% выбаршчыкаў.

Тамара Сяргей нагадала, што згодна Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, выбары з’яўляюцца свабоднымі, роўнымі, прамымі пры тайным галасаванні. “Згодна артыкулу 13 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь я, як назіральнік, мела права назіраць за выдачай бюлетэняў, ходам галасавання і выконваннем яго устаноўленага парадку, а таксама звяртацца з прапановамі і заўвагамі да старшыні выбарчай камісіі. Аднак з-за супрацьдзеяння кіраўніцтва камісіі я не змагла рэалізаваць гэтыя правы”, — падкрэсліла назіральніца.

Яна зазначыла, што не быў праведзены раздзельны падлік і аб’яўленне вынікаў галасавання датэрміновага, на даму і ў дзень выбараў, што назіральнікі былі пазбаўлены мажлівасці назіраць за працэсам падліку галасоў, бо знаходзіліся на адлегласці за спінамі сябраў камісіі. “Такім чынам, я не магу лічыць сапраўднымі вынікі галасавання на ўчастку №6”, — сказала Тамара Сяргей.

На яе меркаванне, само афармленне выбарчага участку з чырвонымі ўрнамі для галасавання ў атачэнні пальмаў адпавядала сутнасці працэсу і падкрэсліла, дзе мы жывем і куды рухаемся… 

Пра галоўны клопат чыноўніцтва — забяспечыць максімальную яўку на выбары — сведчаць і некаторыя факты, што тычацца галасавання на маім выбарчым участку ў Савецкім раёне сталіцы. Так, 22 сакавіка на дзвярах пад’езду нашага шматкватэрнага дому з’явілася запрашэнне мясцовай адміністрацыі наведаць выбарчы участак, дзе будзе адбывацца святочны гандаль таварамі з мінімальнымі нацэнкамі і значнымі зніжкамі; пасля абеду 23 сакавіка па вуліцах нашага выбарчага ўчастку раз’язджала агітацыйная аўтамашына з гукаўзмацняльнікамі, з якой заклікалі да ўдзелу ў галасаванні; на свой мабільнік я двойчы атрымаў смс-запрашэнне прыняць удзел у выбарах.

Усё гэта сведчыць пра адно — праблема ўдзелу насельніцтва ў галасаванні становіцца галаўным болем для уладаў.

Каментаваць