“Галоўныя пытанні” Лятучага ўніверсітэта: лістападаўская серыя лекцый

Таццяна Вадалажская. “Homo Ludens” як антрапалагічная перспектыва”.



Мы завем Лятучы ўніверсітэт Універсітэтам Гульні. Чым жа ёсць “гульня”, калі мы звязваем з ёй такую паважную і грунтоўную з’яву, як Універсітэт? І, больш за тое, звязваем з ёй уяўленні пра інавацыі, новыя сэнсы ўніверсітэцкай ідэі? Йохан Хёйзінга бачыў у гульні прастору стварэння культуры, а з ёй - і чалавецтва ўвогуле. Герман Гесэ шукаў у Гульні выйсце і пераадоленне стану “фельетоннай эпохі”. Мы ж спрабуем знайсці перспектывы для развіцця Чалавека, паўставання “новага чалавека”, здабыцця неабходных чалавечых якасцяў.

Як звязаць выклікі, з якімі сутыкаецца сучасны чалавек, з сутнаснымі характарыстыкамі гульні, схаванымі ад нас “несур’ёзнасцю” гэтай з’явы? Які ён — “чалавек гуляючы” ("Homo Ludens")? Як ён авалодвае светам? Як ён стварае новыя сусветы? Як ён вырашае праблемы і як будуе сваё мысленне? Як ён нясе адказнасць? Ці можа гульня стаць ладам жыцця?

Запрашаем разважаць над гэтымі пытаннямі на чарговай адкрытай лекцыі цыкла “Галоўнае пытанне”: каардынатар Лятучага ўніверсітэта, метадолаг Таццяна Вадалажская прамаўляе на тэму “Homo Ludens” як антрапалагічная перспектыва”. 4 лістапада, 18.30.

Гэтай лекцыяй мы пачынаем лістападаўскую серыю прамоў, у якой таксама прагучаць “галоўныя пытанні” ад Алеся Разанава (11.11), Алега Дзярновіча (18.11) і Аксаны Шэлест (25.11).

Усіх зацікаўленых просім папярэдне зарэгістравацца. Інфармацыя пра месца правядзення будзе дасланая зарэгістраваным удзельнікам напярэдадні.

Расклад і тэмы лістападаўскіх лекцый глядзіце на сайце www.fly-uni.org

Каментаваць