Гамельчукі і канец свету

Паводле статыстыкі, кожны дзясяты жыхар Зямлі верыць у магчымасць канца свету. Гэта амаль 700 мільёнаў чалавек. Але ці кожны з іх верыць у тое, што прароцтва індзейцаў мая спраўдзіцца і 2012 год стане годам Апакаліпсісу? І ці шмат такіх людзей ходзіць па вуліцах Гомеля?



Для апытання я выбраў 24 чалавекі «з натоўпу». Па 12 мужчын і жанчын, па ўзростах я таксама падзяліў рэспандэнтаў роўна: 12 — ва ўзросце 18–30 гадоў і 12 — 35–60 гадоў. Усе апытаныя — жыхары Гомеля і Гомельскага раёну. Я прапаноўваў людзям набыць танны квіток у выратавальны бункер.

Першай мне трапілася на вочы немаладая жанчына. Я падышоў да яе і запытаўся:

— Ці чулі вы пра канец свету ў гэтым годзе?

— Так — адказвае яна, — чула.

— А ці не жадалі б вы даведацца, як можна выратавацца?

— Што тут ратавацца — як Бог дасць. Я не думаю, што ўжо і канец прыйдзе, але ўсё можа быць.

— А жадаеце купіць квіток у бункер, што пабудаваны недалёка, у Расіі? Нядорага — сто восемдзясят тысяч беларускімі.

— Не, не буду. Калі наканавана — ніякі бункер не ўратуе.

Напрыканцы размовы я растлумачыў мэту свайго даследавання. Яна шчыра ўсміхнулася і сказала, што сама з вёскі, што ўсё жыццё працавала, пра смерць думаць няма калі, а спадзявацца трэба на Бога.

Наступнай была маладая дзяўчына, якая адразу сказала, што гэта афёра і байка пра канец свету ў гэтым годзе. «Вось такія гандляры білетамі ў бункер і раздзьмуваюць агонь», — быў яе адказ.

Аналагічнымі былі адказы яшчэ дваццаці чалавек. Але былі і даволі цікавыя меркаванні. Студэнт Сяргей, напрыклад, не стаў бы набываць білет для сябе. А вось малодшую сястру адправіў бы.

Дзядок на ўваходзе ў прыгарадны вакзал прывёў прыклад з Джэка Лондана: «У пакутах нараджаецца дзіця, а смерць звязана з жыццём неразрыўна». Ён веруючы і лічыць, што «ратавацца трэба інакш».

— Куды білет, у бункер? — перапытваў мяне Аляксей, невялікага росту смуглявы мужычок у кепцы. — Ты прадаеш білеты ў бункер?

— Ды не, — кажу я, — у Маскве шмат хто набывае, вось я і пытаюся пра гамяльчан.

— У Маскве — усе нейкія дзіўныя. У іх грошай зашмат. Я прывожу з Масквы па сем ці па дзесяць «лямаў» — вось добра было, каб Лукашэнка нулікі прыбраў, лягчэй было б лічыць грошы... Масква... Неяк на мяне брыгадзір кажа «хахол»... А яму: «Я не хахол — беларус!» А таджыкі... Наехалі на мяне неяк раз, што я «не такі» — плоў не ем. Я аднаму, другому насаваў, дык яны хеўрай на мяне паперлі. Я тады за сякеры — крычу, дваіх пакладу! Яны мне — ты што, вар’ят? Я беларус! І яны тады адлезлі! Што Масква! Яны нічога не сеюць — палі неахайныя, дрэвамі параслі. Ніводнага камбайна, ніводнай машыны ў палях. Не тое, што ў нас! У нас не будзе разрухі, бо ёсць зерне, бульба. У нас сіла!

Развіталіся мы пад радкі Купалы, што цытаваў мне Аляксей: «А хто там ідзе. У агромністай такой грамадзе? — Беларусы!»

Не ведаю, як у Маскве, а ў Гомелі квіткі ў бункер не прадаюцца.

Каментаваць