Ганненскі кірмаш адбыўся ў Зэльве

У субботу, 24 жніўня, у Зэльве адбыўся Ганненскі кірмаш. Свята Ганненскага кірмашу ў Зэльве ўпершыню з’явілася ў 2001 годзе. І цяпер кожныя тры гады зэльвенцы збіраюцца ў сваім гарадскім пасёлку, каб адпачыць, павесяліцца, нагадаць той час, калі Зэльва славілася сваім Ганненскім кірмашом.



Як сведчыць гісторыя, менавіта дзякуючы Ганненскаму кірмашу, Зэльва была вядома ўсяму свету яшчэ ў XVIII стагоддзі. Тагачасныя зэльвенскія кірмашы былі аднымі з буйнейшых у Еўропе і саступалі па сваёй значнасці толькі знакамітым лейпцыгскім. У 2001 годзе Ганненскі кірмаш атрымаў новае дыханне. Раённае свята стала адным з самых масавых і жаданых для жыхароў і гасцей Зэльвеншчыны.

Пасля ўрачыстага адкрыцця, свята праходзіла на цэнтральнай плошчы пасёлка. Жыхарам і гасцям Зэльвы было прадстаўлена цыганскае шоу “Алюр”, выступленні калектываў “Феерыя” (г.Мінск)  “Калаж” і “Вудвор” (Германія). Займальна і весела адпачывалі зэльвенцы на кірмашы на разнастайных пляцоўках, якія знаходзіліся ў цэнтральнай частцы Зэльвы. Цікавай была прадпрымальніцкая пляцоўка, на якой прайшла прэзентацыя аграсядзіб і аб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу. Свае работы на кірмашы рамёстваў і ў Горадзе майстроў прадставілі ўмельцы народнай творчасці і мастакі. Аматараў песні і вясёлай музыкі чакала музычна-мастацкая пляцоўка, а таксама вечар паэзіі. Для дзяцей былі арганізаваны гульнёвыя праграмы і атракцыёны.

А які ж Ганненскі кірмаш без коней?! На кірмашы адбыўся конкурс на лепшую павозку, кожны жадаючы меў магчымасць пакатацца на конях. А яшчэ на кірмашы быў арганізаваны шырокі гандаль прамысловымі і харчовымі таварамі. Візітнай карткай кірмашу стала выстава-продаж зэльвенскіх караваяў.

Фота аўтара

Каментаваць