Хапунізацыя Беларусі

Выбрыкі невядомых у цывільным штотыдзень сталі звыклай з’явай у сённяшняй рэальнасці Сінявокай. Судовыя канвееры, затрыманні і гвалт у дачыненні да незалежных журналістаў, сітуацыя, калі хапаюць нават цэлымі сем’ямі, прыводзіць да яшчэ большых пратэстаў, і не толькі ў самой Беларусі, але і па-за яе межамі. Тым часам ад таго, што сілавікі са скуры лезуць, каб выканаць загады вышэйшай улады па «недапушчэнню беспарадкаў», кошты ў крамах не змяншаюцца, а валюты ў абменніках не прыбаўляецца.

Выбрыкі невядомых у цывільным штотыдзень сталі звыклай з’явай у сённяшняй рэальнасці Сінявокай. Судовыя канвееры, затрыманні і гвалт у дачыненні да незалежных журналістаў, сітуацыя, калі хапаюць нават цэлымі сем’ямі, прыводзіць да яшчэ большых пратэстаў, і не толькі ў самой Беларусі, але і па-за яе межамі. Тым часам ад таго, што сілавікі са скуры лезуць, каб выканаць загады вышэйшай улады па «недапушчэнню беспарадкаў», кошты ў крамах не змяншаюцца, а валюты ў абменніках не прыбаўляецца.

Падаецца, што «хапуны», зладжаныя асобамі напаўкрымінальнага выгляду з поўнай падтрымкай «афіцыйна аформленых» ахоўнікаў правапарадку, робяцца такім ж атрыбутам беларускай сталіцы, як вежа Эйфеля ў Парыжы ці яе «падаючая» сястра ў італьянскай Пізе. Не стала выключэннем і перадкупальская серада, 6 ліпеня, калі сацыяльныя сеткі зноў абвясцілі акцыі «маўклівага пратэсту», а ўлады чарговым разам вырашылі іх прадухіліць. Натуральна, так, як яны гэта ўмеюць, то бок, з гвалтам, аўтазакамі, лаянкамі і беспрычынным паляваннем на суграмадзян, некаторыя з якіх нават уцяміць не могуць, за што ж іх хапаюць дзецюкі-шафы ў цывільным, абкладваюць мацюкамі і шпурляюць у «аўтазакі» — таксама новы масавы атрыбут беларускіх гарадоў. Вось, у Вілейцы бравыя міліцыянты, ці хто там яшчэ, затрымалі нават… сабаку! Відаць, збрахнуў нешта антызаконнае, небарака чатырохлапы, а тыя ўсё зразумелі і, верагодна, «дзейнічалі ў адпаведнасці з узніклай сітуацыяй». Малайцы!

Зноў дасталася карэспандэнтам недзяржаўных выданняў. Як паведамляе сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў, хапалі нашых калег як у сталіцы, так і ў іншых гарадах. Прычым карэспандэнту афіцыйна акрэдытаванага ў Мінінфармацыі «Еўрарадыё» Андрэю Елісееву пры затрыманні парвалі журналісцкае пасведчанне. На ўласнай скуры адчулі «пяшчоту» тутэйшых змагароў за грамадскі парадак фотакарэспандэнт «Белгазеты» Вадзім Заміроўскі (ужо каторы раз!), каля Нацыянальнай бібліятэкі затрымалі карэспандэнта «Радыё Свабода» Алега Груздзіловіча, а на вуліцы Прытыцкага каля Лядовага палацу — журналіста «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча і фотажурналіста Антона Матольку (tut.by). Затрыманай аказалася і сябра Праўлення БАЖ Алена Якжык, іншыя журналісты, хапалі іх таксама ў Гродна, Наваполацку, Баранавічах, Магілёве, Бабруйску…

Так званыя «праваахоўнікі» ніяк не могуць зразумець, што журналісты таксама выконваюць свае прафесійныя абавязкі, калі знаходзяцца на сацыяльна важных мерапрыемствах ці масавых акцыях, нават несанкцыянаваных, і гэта права ім гарантавана, у тым ліку, і Законам «Аб СМІ». Гэтым «праваахоўнікам» прасцей выканаць дубовы загад начальства ці нават праявіць звярыную ініцыятыву, збіць, знявечыць і паламаць тэхніку, чым прачытаць заканадаўчыя акты, якія ніхто пакуль яшчэ не адмяняў.

Дарэчы, 7 ліпеня споўнілася 11 гадоў, як у раёне Нацыянальнага аэрапорту «Мінск» знік без вестак аператар расійскага тэлеканалу РТР, сябра БАЖ Зміцер Завадскі. Дагэтуль нічога не вядома пра лёс журналіста (справу абвінавачанага ў дачыненні да выкрадання Завадскага Ігнатовіча і кампаніі пакінем па-за ўвагай), а тыя, хто па сваім прызванні і ў звязку з прафесійнымі абавязкамі павінен быў бы займацца рэальным пошукам зніклага, ганяюцца за мірнымі грамадзянамі па плошчах і завуголлях. Вось якая, аказваецца, цяпер галоўная функцыя тых, чыя служба «и опасна, и трудна». Толькі вось пра плён сваёй дзейнасці распавядзіце, панове, маці ды ўдаве Змітра! А вось калегі Дзімы апоўдні 7 ліпеня запалілі ў сваіх рэдакцыях знічкі…

Тым часам не перастае здзіўляць сваім аптымізмам кіраўнік беларускага ўраду. У сераду Міхаіл Мясніковіч зрабіў чарговую «сенсацыйную» заяву пра тое, што сітуацыя на валютным рынку павінна стабілізавацца ў найбліжэйшы час. «У маі мы спрацавалі ўпершыню за многія гады са станоўчым знешнегандлёвым сальда ў 120 мільёнаў долараў па ўсіх відах дзейнасці — па таварах і паслугах. Такім чынам, выраўноўваецца плацежны баланс, і гэта сведчыць пра тое, што, магчыма, у найбліжэйшы час мы забяспечым стабілізацыю на валютным рынку», — заспакойвае беларускі прэм’ер. Яго б словы ды вядома каму ў вушы!

Але ж як быць са знешнімі пазыкамі, сукупны памер якіх пасля атрымання 800 мільёнаў долараў крэдыту ад Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС склаў 32,5 мільярда долараў?! І што меў на ўвазе паважаны Міхаіл Уладзіміравіч, калі казаў пра стабілізацыю на валютным рынку? Што долары-еўрыкі разам з расійскімі рублікамі ў абменніках малітвамі Мясніковіча і астатніх урадаўцаў з нацбанкаўцамі намалююцца? Ну не будзе гэтага. Таму што не збіраецца кіраўніцтва краіны і Нацбанку рабіць лагічны і апраўданы эканамічна крок — зрабіць абменны курс такім, якім ён мае быць, а не дырэктыўным, бо не пяць тысяч беларускіх фантаў каштуе сёння амерыканскі «зялёны», а 6200–6500  і 9000 — еўра. А на валютныя інтэрвенцыі дзеля падтрымання курсу айчыннага рубля Нацбанк сёння не адважыцца, таму і не з’явіцца валюта ў абменных пунктах. Так што са «стабілізацыяй» на валютным рынку і Мясніковічу, і шараговым беларусам давядзецца пачакаць. Як прагназуюць незалежныя эканамісты, сама мала да студзеня наступнага года.

«Узрадаваў» днямі і намеснік Міхаіла Мясніковіча Анатоль Калінін, калі ў Пінску распаўсюдзіў навіны пра новыя тарыфы на праезд у грамадскім транспарце і аплату камунальных паслуг. Як вынікае са слоў віцэ-прэм’ера, сказаных ім на сустрэчы з працоўным людам у мясцовым аўтобусным парку, у жніўні і верасні кошт на праезд, магчыма, можа расці на сто рублёў штомесяц. Тарыфы на паслугі пасажырскага транспарту (гарадскія і прыгарадныя пасажырскія перавозкі аўтамабільным, гарадскім электрычным, унутраным водным транспартам і метрапалітэнам) будуць паслядоўна павышацца да ўзроўню, які забяспечвае пакрыццё да канца 2011 года 70% выдаткаў на іх аказанне. У 2012 годзе ўзровень тарыфаў на паслугі грамадскага транспарту павінен будзе пакрываць не менш за 85% выдаткаў на аказанне такіх паслуг, у 2013-м — не менш за 90%.

Таксама, па словах Калініна, вырастуць і кошты на камунальныя паслугі. Пасля падвышэння ўзровень аплаты грамадзянамі паслуг ЖКГ павінен дасягнуць 30% ад сабекошту. Агульна на ўсе віды ў грашовым вымярэнні рахункі вырастуць у сярэднім на 100 тысяч рублёў, прычым ужо да канца бягучага года. Напачатку падаражэюць цеплаэнергія, газ і вада, потым вываз цвёрдых бытавых адходаў, ліфт і іншыя задавальненні. У прыватнасці, тарыфы на ЖКГ для насельніцтва будуць паслядоўна павышацца да ўзроўню, які забяспечвае пакрыццё за кошт сродкаў насельніцтва не менш за 30% выдаткаў на іх аказанне ў 2011 годзе, 35% — у 2012 годзе, 40% — у 2013 годзе. Пры гэтым пакрыццё насельніцтвам выдаткаў па асобных відах жыллёва-камунальных паслуг, а таксама іх звышнарматыўнага спажывання будзе даведзенае да ўзроўню іх сабекошту.

А вось апроч разавых кампенсацый і неістотнага падвышэння пенсій ды стыпендый, ніякіх шчыраванняў у бок насельніцтва ўрад болей не прадугледжвае. Бо ўлады Беларусі дзеля крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС абавязаліся «замарозіць» рост заробкаў ды іншых дзяржаўных выдаткаў. Так што рыхтуйся, народ! Цяпер застаецца маліцца, каб зіма не была сцюдзёнай, а свет не абрынуўся ў новы крызіс. Бо тады эканоміцы Сінявокай дакладна і канчаткова будзе хана, а пра перспектывы рэалізацыі і росквіту «ўнікальнай беларускай мадэлі» будуць разважаць не дзяржаўныя эканамісты з афіцыйнымі прапагандыстамі, але медыкі пэўнай спецыялізацыі ды гумарысты, прычым не тутэйшыя.
 

Каментаваць