Ігар Кузняцоў: правядзенне маштабных раскопак у Курапатах нельга дапусціць

Немэтазгоднай выглядае сама ідэя раскопак Курапатаў дзеля пошуку ахвяраў з Беларускага катынскага спісу. Так пракаментаваў даследчык гісторыі сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузняцоў адказ Аляксандра Лукашэнкі на пытанне карэспандэнта "Польскага радыё" пра Беларускі катынскі спіс і мажлівасць правядзення раскопак у Курапатах.



Нагадаем, што на прэсавай канферэнцыі 15 студзеня Лукашэнка наконт катынскага спісу заявіў наступнае: «Платите деньги, если вас что-то интересует. Мы все проведем и вам ответим. Какие проблемы? Поляки не чужие нам люди. Заплатите деньги — проведем раскопки, где вы считаете нужным, и ответим на ваш вопрос. Обойдемся без польских специалистов. У нас хватает белорусских. Мы к вам не едем раскопки проводить, и вам к нам не надо ехать. Нам смоленской истории хватило. Мы сами честно и принципиально это сделаем. Если журналисты хотят сопровождать этот процесс — пожалуйста».

На пасяджэнні грамадскай ініцыятывы «За ўратаванне мемарыялу Курапаты», якое адбылося ў Мінску 16 студзеня, Кузняцоў адзначыў, што для ідэнтыфікацыі парэшткаў людзей, расстраляных і пахаваных ва ўрочышчы, неабходна правесці эксгумацыю ва ўсіх, больш чым 500 западзінах — мяркуемых пахаваннях. Аднак правядзенне раскопак такога маштабу на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты» прывядзе да страты нацыянальнага некропаля, што нельга дапусціць, падкрэсліў навукоўца.

Разам з тым ён нагадаў, што да гэтага часу не ўсталявана ні адно дакладнае месца пахавання ахвяраў з Беларускага катынскага спісу. «І правядзенне раскопак у адных Курапатах не вырашыць гэтую праблему, бо існуе вялікая верагоднасць таго, што афіцэры польскай арміі пахаваныя пад гарадскім сметнікам ў Трасцянцы і ў іншых месцах масавых расстрэлаў ахвяраў сталінізму ў наваколлі Мінску», — сказаў Ігар Кузняцоў.  

Паколькі праблемы вакол Курапатаў будуць памнажацца і сітуацыя патрабуе пільнай увагі грамадства, на пасяджэнні зацверджана рэзалюцыя, у якой вызначаны галоўныя задачы ініцыятывы, у тым ліку і доўгатэрміновыя. Неабходна ажыццяўляць пастаянны грамадскі кантроль за ўсімі праектамі вакол урочышча; для інфармавання грамадства дакладна вызначыць і адзначыць на мясцовасці зацверджаныя межы мемарыялу і яго ахоўных зон; дабіцца ліквідацыі рэстаранна-забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол»; падрыхтаваць праект закону аб ахоўных зонах нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцяў і дабівацца яго прыняцця;  распрацаваць грамадскі эскізны праект забудовы тэрыторыі вакол помніка аб’ектамі, якія будуць спрыяць яго папулярызацыі і захаванню (сумесна з Радай беларускай інтэлігенцыі); усталяваць ва ўрочышчы шэраг мемарыяльных знакаў, у тым ліку ахвярам Катынскай трагедыі, забітым у гады бальшавіцкага тэрору жанчынам і выбітным прадстаўнікам беларускай інтэлігенцыі, расстраляным у ноч з 28 на 29 кастрычніка 1937 года ў Мінску (сумесна з Радай беларускай інтэлігенцыі і жаночымі арганізацыямі); спрыяць рэалізацыі праграмы папулярызацыі гісторыі Курапатаў, што распрацоўвае кампанія «Гавары праўду»; правесці навукова-практычную канферэнцыю па сітуацыі вакол народнага мемарыяла і разгледзець пытанне аб інстытуцыяналізацыі ініцыятывы ў зарэгістраваную грамадскую структуру кшталту Таварыства аховы Курапатаў і іншых месцаў згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1920–1950 гадоў ў Беларусі.

Каардынатар ініцыятывы Ганна Шапуцька паведаміла, што 16 студзеня атрымала ліст ад землеўпарадкавальнай службы Мінскага аблвыканкама, у каторым паведамляецца пра вынікі разгляду пытання пра парушэнне заканадаўства пры будаўніцтве «Бульбаш-холу». Паводле яе слоў, прадстаўнікі камітэта будаўніцтва і архітэктуры Мінаблвыканкама, Генеральнай пракуратуры і Міністэрства культуры 27 снежня 2012 года прынялі рашэнне аб распрацоўцы праекту дэталёвага
плану тэрыторыі, якая адносіцца да Курапатаў, з устанаўленнем "актуальных" межаў помніка і яго зонаў — ахоўнай і  рэгулюемай забудовы. Толькі не зразумела, што маюць на ўвазе чыноўнікі пад
"актуальнымі" межамі: ці гэта межы, вызначаныя заканадаўствам, ці склаўшыяся пасля таго, як забудоўшчыкі "Бульбаш-холу" іх парушылі, ці нейкія новыя межы.

Удзельнікі пасяджэння пазнаёміліся з вынікамі сустрэчы актывістаў ініцыятывы з начальнікам упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігарам Чарняўскім, што адбылася ў Мінску 13 снежня мінулага года.

Прынята рашэнне пасля сустрэчы Ганны Шапуцька з супрацоўнікамі Мінабвыканкама пачаць падрыхтоўку візіту актывістаў ініцыятывы да новапрызначанага міністра культуры Барыса Святлова, каб напрыканцы студзеня — у пачатку лютага пазнаёміць яго з сітуацый вакол Курапатаў.

Акрамя таго, на пасяджэнні разглядаўся праект канцэпцыі праграмы папулярызацыі гісторыі ўрочышча, распрацаваны актывістамі кампаніі «Гавары праўду» Паўлам Вінаградавым і Юляй Ляшкевіч. Да абмеркавання гэтага праекту вырашана вярнуцца на наступным пасяджэнні ініцыятывы, якае адбудзецца праз тыдзень.

Каментаваць