Гарадзенскія лютэране выступілі за перапахаванне парэштак з раскапаных у Мінску нямецкiх могілак

Некалькі дзён таму ў Мінску пры пашырэнні адрэзка вуліцы Лібкнехта ў раёне Лютэранскага сквера — былых нямецкiх могілак — былі знойдзеныя парэшткі людзей. Гараджане і журналісты дамагліся, каб працы спынілі, а лютэране Гродна ў сваю чаргу выступiлi за перапахаванне парэшткаў.

Паколькі ў Мінску няма лютэранскай абшчыны, гарадзенцы пад кіраўніцтвам прадстаўніка арцыбіскупа лютэранскай царквы Расіі і СНД на тэрыторыі Беларусі пастара Уладзіміра Татарнікава накіравалі лісты старшыні мiнскага гарвыканкаму Андрэю Шорцу, а таксама ўпаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніду Гуляку.


У зваротах вернікі пішуць, што ўсе раскапаныя парэшткі маюць быць пахаваныя згодна з лютэранскімі традыцыямі. Таксама ў лісце лютэране просяць мінскія гарадскія ўлады ўсталяваць мемарыяльны знак у гэтым месцы.
"Мы выступаем не супраць будаўніцтва дарогі, мы выступаем за перапахаванне парэшткаў. Справа ў тым, што ў Мінску няма дзеючай абшчыны, і там няма каму вырашаць гэтыя праблемы. Пашанцавала, што жыхары сталіцы звярнулі ўвагу на сітуацыю і дамагліся, каб работы часова прыпынілі. Зараз для лютэран Беларусі вельмі важна захаваць тое, што мы маем, хоць гэта і знаходзіцца ў зямлі",
— сказаў пастар Уладзімір.


Сёння лютэранская царква ў Беларусі практычна нічога не мае. З дзеючых храмаў застаўся толькі адзін — гродзенская кірха. А на месцы могілак у Гродне даўно ўзведзены новыя аб'екты. "У нашай краіне жыве шмат нацыянальнасцяў, а таксама людзей, якія вызнаюць розныя рэлігіі. Тыя немцы, якія пахаваныя ў Мінску на вуліцы Лібкнехта, гэта ў першую чаргу былі грамадзяне — мірныя жыхары, хрысціяне. І мы лічым, што да перапахавання мiнскія ўлады павінны паставіцца з павагай".

Каментаваць