Гары Паганяйла: У фотаальбоме няма нічога экстрэмісцкага!

18 красавіка Ашмянскі раённы суд прызнаў фотаальбом “Belarus Press Photo 2011” экстрэмісцкім. Ці магло быць рашэнне іншым? "НЕ" — лічыць кіраўнік юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла.



— Як з пункту гледжання юрыста і праваабаронцы вы можаце патлумачыць, чаму ўлады вырашылі ініцыяваць такі працэс?

— Гэта ўжо не першы працэс, падчас якога нашыя ўлады ў асобе КДБ будуць спрабаваць даказаць, што тыя ці іншыя матэр’ялы, адабраныя на мяжы ці дзе-небудзь яшчэ, з’яўляюцца экстрэмісцкімі, то бок, прапагандуюць экстрэмізм альбо ўтрымліваюць заклікі да такой дзейнасці. Магу сказаць з упэўненна, у гэтым альбоме, які я добра прагледзеў, няма нічога экстрэмісцкага. Там няма ні заклікаў да звяржэння канстытуцыйнага ладу гвалтоўным чынам, ні момантаў аб расавай перавазе, ні многіх іншых кампанентаў, якія  ўтрымлівалі б змест, адпаведны паняццю “экстрэмізм” ці “экстрэмісцкая дзейнасць”, адлюстраваны ў нашым заканадаўстве.   

Апроч таго, існуе і міжнародная прававая практыка такога кшталту крымінальных і адміністратыўных справаў, што адлюстроўваюць заклапочанасць краінаў і ўрадаў праявамі экстрэмізму. Што да нашае краіны, то тут няма нічога падобнага. На маю думку, гэты працэс трэба разглядаць у звязку з намерамі ўладаў заглушыць усялякую крытычную думку, заціснуць усю свабоду меркавання, любое незалежнае разважанне пра тое, што сёння адбываецца ў Беларусі.Тыя дакументы, якія прадставіў КДБ і якія абапіраюцца на нейкую даведку экспертаў у галіне дзяржаўнай ідэалогіі, на так званую прававую думку, на погляд лінгвістаў і гэтак далей, сведчаць пра намер прыцягнуць за вушы змест подпісаў да сутнасці таго, што адлюстравана на фотаздымках.

— Што маецца на ўвазе?     

— Напрыклад, сцвярджаецца, што на гэтых здымках у негатыўным святле прадстаўлена рэчаіснасць Беларусі. А што ж негатыўна прадстаўлена? Гэта збядненне нашых грамадзянаў, п’янства, мілітарызацыя дзржавы. І робяцца высновы, што гэта ўсё негатыўна ўплывае на чытача, прыніжае ягоны гонар, выстаўляе кепска нашу дзяржаву ў вачах міжнароднай супольнасці, міжнародных арганізацыяў і гэтак далей.

Але прабачце! Калі ў Беларусі ўжываецца больш за 12 літраў чыстага алкаголю за год на аднаго чалавека, то як гэта ўспрымаць? А па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя , калі ўжыванне на душу складае больш за 8 літраў, то гэта ўжо вядзе да нацыянальнай дэградацыі. Краіна, нацыя співаецца, што прызнаюць і нашы эксперты.

Ідзем далей. Калі ў нас у 2011 годзе здарыўся крызіс, які па сутнасці ў тры разы пагоршыў пакупніцкую здольнасць рубля, калі “згарэлі” назапашванні грамадзянаў, калі ў нас інфляцыя самая высокая ў Еўропе, калі ў нас больш за мільён грамадзянаў у пошуках працы выязджаюць за межы краіны, то як да гэтага ставіцца? А як ставіцца да таго, што ў нас каля шасці працэнтаў грамадзянаў знаходзяцца па-за мяжой жабрацтва? Як ацэньваць гэтыя аб’ектыўныя рэаліі? А што да мілітарызацыі, то хіба нам патрэбна такое вялікае войска? Мы ледзь не шэсць працэнтаў прыбытоковай часткі бюджэта выдаткоўваем на падрыхтоўку дзяржавы да вайны. Супраць каго? Каму патрэбныя гэтыя выдаткі? Павялічце лепш выдаткі на адукацыю, на медыцыну, на выплату заробкаў тым жа настаўнікам, дактарам, іншым нізка аплачваемым катэгорыям нашых суайчыннікаў!

Таму калі фатографы, журналісты адлюстравалі па сутнасці праўду, то як гэта можна ацэньваць як экстрэмісцкую інфармацыю?

— Але ж маем тое, што маем…

— А маем менавіта таму, што краіне навязваецца адзіная дзяржаўная ідэалогія, паводле якой у нас усё добра, улада легітымная і дзейнічае ў адпаведнасці з законам, у краіне поўнае благадзенства і сацыяльны мір, і ўсе тыя, хто імкнуцца парушыць гэты супакой і мір, з’яўляюцца экстрэмістамі. Таму, канешне, пры такой сістэме ўлады, пры такой ідэалогіі, пры такім падаўленні іншадумства любы матэр’ял, дзе ўтрымліваецца хоць кропля крытыкі, можна прызнаць экстрэмісцкім.

— Чым можа скончыцца гэты судовы працэс?    

Тым, што суд рэальна прызнае, што ў дадзеным выданні прысутнічаюць экстрэмісцкія заклікі, альбо подпісы да фотаздымкаў падводзяць чытача да таго, што ўсё ў нас рэальна вельмі кепска, што гэта зроблена наўмысна, і такім чынам аўтары прыніжаюць наш нацыянальны гонар і годнасць дзяржавы, а гэта, у сваю чаргу, суадносіцца з тымі дзеяннямі, супраць якіх і накіраваны закон аб экстрэмісцкай дзейнасці.

— Ці можа пацярпець у выніку хтосьці канкрэтна з фотажурналістаў, чые працы змешчаныя ў альбоме?      

— Канкрэтна пацярпець не можа ніхто, таму што там спрабуюць ацаніць усё агулам, хоць у якасці прыкладаў прыводзяць асобныя фотаздымкі, асобныя подпісы да іх, спасылаюцца на тое, што гэта заведамая хлусня, скажэнне рэаліяў і рэчаіснасці, што гэта негатыўная ацэнка рэчаіснасці, а гэта зневажае нашу дзяржаўную сістэму, нашу ўладу і нараджае ў чалавеку памкненне да экстрэмісцкіх дзеянняў.

Мы лічым, што гэта наўпроставы замах на свабоду думак, выказванняў, самавыражэння, на свабоду прафесійнае дзейнасці журналістаў і іншыя свабоды, якія гарантаваныя і замацаваныя ў Канстытуцыі і міжнародных пагадненнях Рэспублікі Беларусь.

Нагадаем, пазовы ў суд у якасці “зацікаўленых асобаў” атрымалі фатографы Юлія Дарашкевіч, Вадзім Заміроўскі і Аляксандр Васюковіч. Менавіта ў іх 12 лістапада 2012 года супрацоўнікі памежнага пераходу “Каменны лог” забралі 41 асобнік фотаальбома "BELARUS PRESS PHOTO-2011", які журналісты перавозілі на прыватным аўтамабілі з Літвы.

У фотаальбоме “BELARUS PRESS PHOTO-2011” змешчаны найлепшыя працы беларускіх фотажурналістаў як афіцыйных, так і незалежных сродкаў масавай інфармацыі за 2011 год, якія сталі пераможцамі адпаведнага прафесійнага конкурсу.

Каментаваць