«Гавары праўду!» раскажа праўду Мінэканомікі

Мінэканомікі Беларусі распрацавала стратэгію эканамічнага развіцця Беларусі да 2030 года і прапанавала абмеркаваць яе. Абмеркаванне паказала: кампанія «Гавары праўду!» вельмі незадаволеная дакументам.



Сама ідэя грамадскага абмеркавання дакумента, па словах лідэра кампаніі Уладзіміра Някляева, даволі слушная. «Гэта зроблена практычна ўпершыню. Раней такія рэчы простым людзям ведаць было не дадзена. Значыць, нешта нехта ў гэтым урадзе і ў гэтым рэжыме думае», — адзначыў пазітыў Уладзімір Някляеў.

Але, па словах Някляева, «да 2030 года Лукашэнке, пры ўсіх ягоных стараннях, наўрад ці можна будзе ўтрымацца». «Значыць, маецца на ўвазе эканамічнае развіццё Беларусі ўжо без Лукашэнкі. Але гэта азначае, што маецца на ўвазе эканамічнае развіццё Беларусі ўсё-ткі па нейкіх новых правілах. І перш за ўсё гэтыя правілы будуць палягаць на рэформах, якія плануюцца. З гэтага вынікае нарэшце нейкая магчымасць супольнай працы дэмакратычна скіраванай часткі грамадства з уладнай часткай грамадства па будучыні Беларусі», — лічыць Някляеў.

Някляеў: Значыць, маецца на ўвазе эканамічнае развіццё Беларусі ўжо без Лукашэнкі.

Намеснік Някляева, Андрэй Дзмітрыеў, запэўніў, што «ГП!» вітае жаданне беларускага ўраду абмяркоўваць Беларусь без Лукашэнкі і пасля Лукашэнкі. І лічыць гэта вельмі слушным, таму што «калі тут не стане Лукашэнкі, шмат што тут зменіцца». «Трэба да гэтага рыхтавацца і сур’ёзна да гэтага падыходзіць, і рыхтаваць тыя ідэі, якія павінны быць рабочымі. Прыклады Украіны, Грузіі, краінаў Сярэдняй Еўропы паказваюць, што самая галоўная праблема пры змене ўлады: тыя, хто да ўлады прыходзяць, аказваюцца не гатовыя сутыкнуцца з новымі выклікамі», — заявіў Дзмітрыеў.

Такім чынам, распрацоўваючы план развіцця да 2030 года, Мінэканомікі і беларуская грамадская супольнасць павінны падрвыхтавацца да тых выклікаў, якія паўстануць перад Беларуссю ў бліжэйшым будучым.

Чаму ў бліжэйшым? Таму што, па меркаванні Дзмітрыева, здарыцца можа ўсё, што заўгодна, і здарыцца раптоўна. Ён адзначыў, што Аляксандар Рыгоравіч нядаўна атрымаў траўму калена на хакеі, і для ліквідацыі траўмы спатрэбілася нават аперацыя. «А калі б шайба трапіла не ў калена, а ў галаву?» — задаўся пытаннем Дзмітрыеў. І яшчэ раз паўтарыў, што трэба мець сцэнары развіця краіны на будучыню.

Дзмітрыеў: Здарыцца можа ўсё, што заўгодна, і даволі хутка

Што ж да той стратэгіі, якую распрацавала Мінэканомікі, то да яе ў «Гавары праўду!» адразу ёсць дзве сур’ёзныя заўвагі. Першая — гэта месячны тэрмін, выдадзены на абмеркаванне гэтай стратэгіі. Для абмеркавання гэтага недастаткова. Таму «ГП!» будзе прапанаваць ведамству падоўжыць тэрмін дыскусій мінімум да канца сакавіка 2015 года. І другое —  сам фармат абмеркавання. Зараз Мінэканомікі прапануе рабіць гэта праз электронную форму на сваім сайце. «ГП!» настойвае на правядзенні «круглых сталоў» экспертнай супольнасці з удзелам прадстаўнікоў урада і профільных камісій парламента.

«Мы заклікаем усю экспертную супольнасць, — гэта і «Фабрыкі думкі», і «Ліберальны клуб», і «Біпарт», і іншыя экспертныя супольнасці — зараз аб’яднацца, каб не прапусціць міма вушэй гэтую ідэю ўрада, і сапраўды распрацаваць стратэгію развіцця Беларусі да 2030 года», — заявіў Дзмітрыеў.

Пакуль што, па словах Дзмітрыева, яўна заўважна — стратэгія эканамічнага развіцця Беларусі не дапрацаваная як след. Як чарнавік, яна, можа быць, і добрая, але… Як мяркуе намеснік старшыні «ГП!», у канцэпцыі няма асноўнага: волі да палітычных пераменаў — тых пераменаў, якія непазбежна адбудуца пры новай уладзе. «У стратэгіі няма ані слова пра развіццё дзяржаўнага менеджмента. Пры размове пра рэгіёны няма ні слова ані пра выбарнасць мэраў, ані пра фінансавую самастойнасць рэгіёнаў. Трэба разумець — старымі метадамі новых пераменаў не пабудаваць», — адзначыў Дзмітрыеў.

Дзмітрыеў: Старымі метадамі новых пераменаў не пабудаваць 

Ды й увогуле, што можна казаць пра гэтую канцэпцыю, калі, па словах Дзмітрыева, «мы кажам пра павелічэнне насельніцтва краіны да 30 мільёнаў чалавек, а ў гэтым дакуменце насельніцтва як было, так і застаецца на ўзроўні 10 мільёнаў».

Карацей, па словах намесніка старшыні «ГП!» пакуль гэта не стратэгія эканамічнага развіцця Беларусі, а стратэгія «замарожвання той сітуацыі, якая ў нас зараз ёсць».

Такім чынам, «Гавары праўду!» прапануе Мінэканомікі паразмаўляць. Прычым, прадстаўнікі кампаніі ўжо звязаліся з гэтай нагоды з міністэрствам. «Нам паведамілі, што там нас чакаюць з нашымі пытаннямі і прапановамі ў пісьмовым выглядзе. Сёння мы ўсе нашыя пытанні напішам і сустрэнемся з некім у міністэрстве», — заявіў Дзмітрыеў.

«Неаднаразова Лукашэнка казаў, што «пятая калона», апазіцыя, толькі крытыкуе, і ніколі нічога не прапануе. Па-першае, гэта не так, і вы пра гэта ведаеце. Па-другое — на якіх пляцоўках прапаноўваць? Эканоміка — гэта тая пляцоўка, на якой усе мы танчым. Гэта той сегмент, без падключэння да працы на якім усяго грамадства ніякага поспеху дасягнуць будзе немагчыма. Калі гэта застанецца па-за межамі рэжыму, улады, тады той шлях, пра які казаў Каліноўскі — «Урад для народа», — пройдзены не будзе», — лічыць Уладзімір Някляеў.

Някляеў: Без падключэння да працы ўсяго грамадства ніякага поспеху дасягнуць немагчыма

Завяршаючым акордам шырокага грамадскага абмеркавання павінны стаць адкрытыя слуханні па эканамічнаму развіццю Беларусі да 2030 года ў парламенце. Таму што «прэзідэнты могуць змяняцца, а парламент у краіне застанецца заўсёды, які б ён ні быў», — патлумачыў Дзмітрыеў.

Канешне, у «ГП!» мала спадзяюцца на тое, што Мінэканомікі да іх прыслухаецца, шанцы на гэта невялікія, «амаль нулявыя», прызнаўся Уладзімір Някляеў. Але, «калі нашыя прапановы будуць прынятыя, тады стратэгія мае шанец стаць стратэгіяй нацыянальнай, і сапраўды стратэгіяй устойлівага развіцця. Калі не — гэтыя 130 старонак можна будзе ўжо заўтра адпраўляць у сметніцу, таму што ніхто пра іх больш ніколі не пачуе», — завершыў Дзмітрыеў.

Абмеркаванне:

  • awa
  • 2014-11-28 02:50:46
А чаму Лукашэнку не ўтрымацца ва ўладзе да 2030г.? Яму будзе ўсяго толькі 76, а не 90. Росквіт мудрасьці і палітычнага вопыту. Някляеву сапраўды да таго часу не дацягнуць. А малады Дзімітрыяў мог бы
быць і больш абачлівым у прагнозах.
  • ВР
  • 2014-11-30 17:19:49
Чаму гэта Някляеў не дацягне да 2030 г.? Вы ж не Госпад Бог, каб вырашаць такія пытанні.
  • ВР
  • 2014-11-30 17:18:38
"Трэба разумець — старымі метадамі новых пераменаў не пабудаваць". Гэта трэба разумець перадусім самому Дзмітрыеву, якому хіба не дае спакою прыклад Раманчука (які таксама насіўся са
сваімі прапановамі ўраду і бачыў сябе прэм'ер-міністрам). "Напісаць усе пытанні" і "сустрэцца з некім у міністэрстве" - справа загадзя безнайдзейная.
"ГП", сустрэньцеся з бабулямі на лавачцы, паагітуйце іх супраць Лукашэнкі - і тое будзе больш плёну.

Каментаваць