Генпракуратура: Эканомія на начных ліхтарах вядзе да росту злачыннасці

Генпракуратура выступіла супраць таго, каб мясцовыя ўлады эканомілі на асвятленні і адключалі начныя ліхтары. Нагодай стала скарга жыхара вёскі Бараўляны Мінскага раёна на незабеспячэнне сацыяльных стандартаў.
Фота: prokuratura.gov.by

Фота: prokuratura.gov.by

«На тэрыторыях шэрагу раёнаў на працягу некалькіх гадоў існуе практыка неправамернага вынясення мясцовымі органамі ўлады актаў аб адключэнні вулічнага асвятлення ў летні перыяд у начны час», — канстатуе Генпракуратура.

Як прыклад згадваецца рашэнне Бараўлянскага селвыканкама. Згодна з ім сёлета з 1 чэрвеня па 25 жніўня вуліцы ўсіх населеных пунктаў гэтага сельсавета не асвятляліся па начах. Тое самае адбывалася ў 2015-2016 гадах.

Гэтую меру падтрымаў сваім лістом ад 18 красавіка 2016 года і Мінскі райвыканкам: на тэрыторыі раёна рэкамендавана адключаць асвятленне ўначы ў летні і зімовы перыяды для эканоміі сродкаў мясцовых бюджэтаў.

Эканомія ад такога асвятлення за 2016 год склала 100 тысяч рублёў, што складае толькі 6,2% ад фактычна панесеных выдаткаў. Бараўлянскі сельвыканкам у 2017 годзе на вулічным асвятленні зэканоміў 30 тысяч публёў. «Прыведзеныя дадзеныя сведчаць пра вельмі нязначны эканамічны эфект», — падводзіць вынік пракуратура.

Але за гэты час вырасла і колькасць злачынстваў, учыненых у начны час. Так, на тэрыторыі Бараўлянскага сельвыканкама за лета 2017 года колькасць крадзяжоў у начны час вырасла на 125% у параўнанні з аналагічным перыядам 2016 года (з 12 да 27). Таксама былі зарэгістраваныя разбой, забойства, пяць крымінальна каральных хуліганстваў. Адзначаецца рост наўмысных цялесных пашкоджанняў — на 166% (з 3 да 8), дробных хуліганстваў — на 132% (з 22 да 51), распіцця спіртных напояў у грамадскіх месцах — на 339% (з 28 да 123), дробных крадзяжоў маёмасці — на 150% (з 6 да 15).

Па звестках пракурорскіх работнікаў, такі рост крымінагеннай сітуацыі назіраецца і ў іншых раёнаў Міншчыны, дзе па начах адключалі вулічнае асвятленне.

На думку пракуратуры, нязначная эканомія на вулічным асвятленні не акупляе тыя выдаткі, якія дзяржава нясе падчас раскрыцця злачынстваў і правапарушэнняў, лячэння і рэабілітацыя пацярпелых, кампенсацыі шкоды ў сувязі з атрыманнем грамадзянамі траўмаў у цёмны час сутак.

Таму Генпракуратура звярнулася ў Мінскі аблвыканкам з патрабаваннем «забяспечыць няўхільнае выкананне нормаў заканадаўства аб дзяржаўных сацыяльных стандартах». Таксама прапануецца прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці вінаватых службовых асоб і разгледзець гэтае пытанне на пасяджэнні Мінскага аблвыканкама.


Паводле euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць