«Гэта была ўжо трэцяя спроба нападу на мяне…»

Палітвязень Міхаіл Жамчужны распавядае ў лістах на волю пра ўмовы ўтрымання ў калоніі. Тым часам, у Горацкі РУУС накіравана заява аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце пагрозы жыцця і здароўя Міхаіла Жамчужнага.


З пачатку жніўня 2017 года адміністрацыя калоніі №9 у Горках, дзе адбывае пакаранне палітвязень, пачала выносіць спагнанні Міхаілу Жамчужнаму за адмовы пераходзіць у атрад, сфармаваны са зняволеных з “нізкім статусам”. За гэта Міхаіла пастаянна караюць ШІЗА альбо змяшчэннем у ПКТ.

Як вядома, не так даўно на яго адбыўся напад у калоніі, пра што Міхаіл паведаміў на волю.

“Жамчужны напісаў, што гэта быў ужо трэці выпадак спробы нападу на яго, – кажа праваабаронца Андрэй Бандарэнка, які лістуецца з Міхаілам. – Да гэтага ўдавалася пазбегнуць правакацый, паколькі яго паспявалі папярэдзіць іншыя зняволеныя. Аднак пасля 8 лютага, калі Жамчужны павінен быў выйсці з памяшкання камернага тыпу, лістоў ад яго не было. Днямі Міхаіла збіраецца наведаць у калоніі адвакат, таму, магчыма, з’явіцца нейкая дадатковая інфармацыя”.

Са слоў Андрэя Бандарэнкі, у сувязі з гэтай сітуацыяй накіраваны зварот у Дэпартамент выканання пакаранняў, скарга пракурору па нагляду і заява аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце пагрозы жыцця і здароўя Міхаіла Жамчужнага ў Горацкі РУУС.

“Дэпартамент выканання пакаранняў, як правіла, абмяжоўваецца каротокім адказам, што мы не з’яўляемся блізкімі Міхаіла, а значыцца не можам ажыццяўляць абарону яго правоў, – дадае ён. – На іх думку, абарона чалавека павінна зыходзіць толькі ад блізкага роднага. А калі такіх няма і няма сродкаў на адваката, то ніякіх правоў у асуджаных таксама няма. Што датычыцца Горацкага РУУС, то заяву туды мы падалі тыдзень таму, але адказу пакуль ніякага няма”.

***

Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітвязнем.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць