Генералы без войска

Перамены і ўсеагульны дабрабыт, відавочна, Беларусь атрымае метадам чароўнай тэлепартацыі з-за мяжы. Прынамсі ад нашых эмігрантаў апошнім часам з-за кардону прыходзяць навіны, паводле якіх можна паверыць у запаветную для беларуса мару: усё зробіць нехта іншы, а вынік будзе тут і цяпер.



Палітычны гуру свядомых беларусаў канца 1980-х — сярэдзіны 1990-х Зянон Пазняк выступіў з абвінаваўчымі заявамі на адрас беларускай апазіцыі. Экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, які ў 2010 годзе абяцаў памяняць «лысую гуму», атрымаў палітычны прытулак у Англіі. Ключавыя персоны яго перадвыбарчага штабу пасля турэмных выпрабаванняў у Беларусі з’ехалі за мяжу. Кажуць, што разглядаюць ад’езд як працоўную камандзіроўку. У Вільні кіраўніцтва Рады БНР правяло сустрэчу з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі з мэтаю «выпрацоўкі захадаў у справе забеспячэння абароны незалежнасці Беларусі».


У сукупнасці ад такіх навінаў хочацца ці змяніць «апазіцыйную гуму» оптам, ці падацца ў тую ж эміграцыю ды ва ўнісон пачаць вяшчаць пра барацьбу са злачынным рэжымам і апошняю дыктатураю Еўропы. Перспектыва ж заставацца ў зоне безнадзейнай Беларусі выклікае як мінімум прыступы дэпрэсіі.


Канешне, кожны мае права на свой выбар, дзе і ў якіх умовах жыць. Працягваць ахвярнае ўскладанне на прывідны падмурак беларускай дэмакратыі свайго здароўя і жыцця ці змяніць дэкарацыі на больш бяспечныя і камфортныя. Па-чалавечы зразумелыя словы Андрэя Саннікава, што цяпер для яго галоўныя сям’я і яе бяспека. І гэтыя ж словы выклікаюць роспач у тых людзей, якія ў снежні 2010 года мерзлі на мітынгу ды бараніліся голымі рукамі ад амапаўскіх дубінак, паверыўшы ў магчымасць пераменаў пад кіраўніцтвам апазіцыйных лідараў.


Таму цалкам верагодна, што ў выніку лідарскія пазіцыі ў пэўны момант зоймуць не выкшталцоныя дыпламаты а-ля еўрапейскі палітык, а моцныя беларускія дзядзькі. Бо супрацьстаяць моцнай і бязлітаснай фігуры беларускага кіраўніка здольны не менш моцны ў сіле духу чалавек. Ды і наіўна думаць, што ў момант «Х» беларусы пойдуць падстаўляць свае галовы за чалавека, які знаходзіцца недзе ў Нью-Ёрку ці Лондане. За лідарам ідуць, калі бачаць яго наперадзе, а не ў міфічным штабе.


І ў гэтай сітуацыі надта прыкра выглядае той факт, што палітэмігранты — асаблівыя майстры развешваць ярлыкі «сексотаў» і «агентаў» на людзей, якія засталіся ў Беларусі. А што супрацьпаставіць? Распіску з велічнага будынку на цэнтральным мінскім праспекце, што такім не з’яўляешся, уступаць у палеміку, даказваць адваротнае, паліваць брудам, прыпамінаючы старыя грахі? Але ў выніку такіх абвінавачванняў усе быццам бы пры справе: адны выкрываюць, другія, уцягнутыя ў спрэчкі, вымушаныя рэагаваць.


Прыхільнікі пераменаў тым часам па кухнях наракаюць на адсутнасць лідараў, альтэрнатывы, пакуюць чамаданы, абіраючы краіны для жыцця з чыстага ліста. А ўслед гэтым «несвядомым» грамадзянам сыплюцца развагі пра тое, чаму ж яны не бароняць сваё ды не змагаюцца за перамены ўнутры Беларусі. Менш мабільныя суайчыннікі проста прыстасоўваюцца да беларускіх рэалій, мірацца з тым, што ні апазіцыйным лідарам, ні ўладзе яны асабліва не патрэбныя. Ваяры без камандзіра, камандзір без войска.


Каментуючы хвалю апошніх палітычных эмігрантаў, аналітыкі падкрэсліваюць, што рэальна змяніць сітуацыю ці на нешта ўплываць можна толькі калі фізічна прысутнічаць у краіне. Ускладаць жа моцныя спадзевы на палітэмігрантаў, якія і ў аддаленасці ад Беларусі і быццам бы працуючы на адзін вынік здольныя да міжасабовых канфліктаў і перацягвання коўдры, няма аб’ектыўных падстаў. Хаця моцная, аб’яднаная беларуская супольнасць звонку была б вельмі карыснай для краіны.


Агульнападаўлены маральны стан часткі грамадства, што трымаецца дэмакратычных поглядаў, абяцае завіснуць на нявызначаны тэрмін. Людзям патрэбная ўцямная, знешне дзеяздольная пазітыўная альтэрнатыва. І рэальныя, даступныя персоны лідараў, а не заслужаныя дзеячы беларускай апазіцыі ў аддаленасці на тысячы кіламетраў. Між іншым, знаходзячыся па-за межамі Беларусі, вельмі хутка губляецца адчуванне рэальных працэсаў, што тут адбываюцца. Адпаведна, і праграмы-тактыкі-кампаніі, якія вылучаюцца з-за мяжы, складана ўпісаць у настрой людзей. Ці не з гэтай прычыны згаслі леташнія маўклівыя акцыі пратэсту (некаторыя нават звязвалі з імі спадзевы на зрухі ў грамадстве), якія каардынаваліся з Варшавы? Усё ж трымаць руку на пульсе грамадства можна толькі ў выпадку, калі гэтая рука ў дасягальнай адлегласці.

Каментаваць