Генік Лойка: нашы дзеці павінны мець права навучацца па-беларуску

Правы і абавязкі настаўнікаў выкладаць па-беларуску, а вучняў — адказваць настаўнікам на роднай мове павінны быць прапісаныя ў заканадаўстве краіны і ў статуце беларускамоўнай школы, заявіў карэспандэнту НЧ вядомы беларускі скульптар і абаронца роднай мовы Генік Лойка.  



Ён лічыць, што толькі пры такіх умовах настаўнікі і вучні гімназіі №4 горада Мінска, дзе навучаецца малодшы сын мастака, будуць вымушаныя авалодаць беларускай мовай і карыстацца ёю падчас вучэбнага, пазакласнага і пазашкольнага выхаваўчых працэсаў.

Галоўную прычыну таго, чаму гэта не адбываецца, спадар Лойка бачыць у наступным: “На жаль, мы адчуваем сябе рабамі ў дзяржаве, дзе ўсё ідзе ад аднаго чалавека і толькі ад яго залежыць. Пакуль мы знаходзімся ў палоне навязаных нам стэрэатыпаў. Русіфікацыя айчыннай сістэмы народнай адукацыі праводзіцца сістэматычна, паступова і знешне непрыкметна. Наспела неабходнасць у назвы большасці школ увесці дадатак: “з рускай мовай навучання”, а ў назвы беларускамоўных устаноў адукацыі — словы: “з беларускай мовай навучання”. Разам з тым, мастак выказаў спадзяванне, што ўрэшце людзі прачнуцца, адкрыюць для сябе ўсю прыгажосць роднай мовы і пачнуць шырока ёю карыстацца.

На думку спадара Лойкі, панаванне беларускай мовы ў грамадстве з’яўляецца пытаннем, якое можа быць вырашана ў бліжэйшыя гады. “Справа ў тым, што людзі гатовыя загаварыць на роднай мове, аўтарытэт і папулярнасць якой у грамадстве няўхільна пашыраюцца, асабліва сярод моладзі”, — сказаў спадар Генік.

Нагадаем, што ён на працягу апошніх васьмі гадоў дабіваецца, каб у беларускамоўных вучэбных установах сталіцы, дзе навучаліся і навучаюцца дзеці мастака, працавалі настаўнікі, якія выконваюць моўны рэжым: валодаюць беларускай мовай і карыстаюцца ёю падчас вучэбнага, пазакласнага і пазашкольнага выхаваўчых працэсаў.

21 лютага суддзя суду Фрунзенскага раёна Мінску Людміла Лапо пакарала Геніка Лойку адміністратыўным арыштам на 5 сутак за віншаванне настаўнікаў і вучняў гімназіі №4 з Міжнародным днём роднай мовы, каторы ўрачыста адзначаецца ў свеце 21 лютага, а 5 сакавіка суддзя Мінскага гарадскога суду Аляксей Бычко пакінуў у сіле рашэнне Людмілы Лапо. 

Затым пры падтрымцы Таварыства беларускай школы (ТБШ) больш за 30 бацькоў навучэнцаў гімназіі дабіліся, каб асноўнай мовай навучання і выхавання ў навучальнай установе, згодна з яе статутам, стала беларуская мова.

Генік Лойка будзе дабівацца ад дырэктара гімназіі Юрыя Бандарэнкі прадастаўлення мажлівасці  выступіць перад настаўнікамі гэтай дзяржаўнай установы адукацыі і дазволу наведаць урок настаўніцы, якая не валодала роднай мовай, а ад начальніка ўпраўлення адукацыі адміністрацыі Фрунзенскага раёна сталіцы Ірыны Чарняўскай — каб яна ўжывала беларускую мову. Але галоўнае для скульптара сёння — дабіцца, каб у Кодэксе аб адукацыі былі прапісаныя правы і абавязкі настаўнікаў выкладаць па-беларуску, а вучняў — адказваць настаўнікам на роднай мове. Актывісты ТБШ таксама мяркуюць дабіцца ад дырэкцыі гімназіі, каб беларуская мова панавала ў справаводстве і ва ўсіх відах  унутранай камунікацыі гэтай установы адукацыі.  

    

Каментаваць