Гістарычная сустрэча Папы Рымскага і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі скончылася падпісаннем сумеснай дэкларацыі

12 лютага ў Міжнародным аэрапорце імя Хасэ Марці ў кубінскай Гаване прайшла двухгадзінная сустрэча Папы Рымскага Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, якая стала першай у гісторыі сустрэчай вышэйшых прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла і Рускай Праваслаўнай Царквы.



Вынікам сустрэчы стала падпісанне сумеснай дэкларацыі, якая ўтрымлівае 30 параграфаў на дзесяці старонках.

Асноўная ўвага падчас сустрэчы ўдзялялася становішчу хрысціян на Блізкім Усходзе, а таксама ў іншых рэгіёнах. У прыватнасці, у 26 пункце дэкларацыі гаворка ішла пра становішча хрысціян ва Украіне.

“Мы смуткуем аб супрацьстаянні ва Украіне”

“Мы смуткуем аб супрацьстаянні ва Украіне, якое забрала ўжо шмат жыццяў нарабіла шмат гора. Мы заклікаем усе бакі канфлікта да разважлівасці, а нашы Цэрквы заклікаем не ўдзельнічаць у канфлікце і спрыяць міру ў рэгіёне”, — гаворыцца ў дэкларацыі.

У 27 пункце іерархі падкрэслілі, што вераць у тое, што раскол праваслаўных вернікаў Украіны будзе пераадолены на аснове існуючых кананічных нормаў, што ўсе праваслаўныя хрысціяне Украіны будуць жыць у міры і згодзе, а каталіцкія абшчыны краіны будуць гэтаму спрыяць, каб наша хрысціянскае брацтва было яшчэ больш відавочным.

Пра непаразуменні паміж грэка-католікамі і праваслаўнымі

“Спадзяёмся, што наша сустрэча зробіць уклад у прымірэнне там, дзе існуюць непаразуменні паміж грэка-католікамі і праваслаўнымі. Сёння відавочна, што метад "уніятызму" былых вякоў, які прадугледжваў упарадкаванне адной абшчыны ў адзінства з іншай шляхам яе адрывання ад сваёй Царквы, не з'яўляецца шляхам да ўзнаўлення адзінства.

У той жа час, царкоўныя абшчыны, якія з'явіліся ў выніку гістарычных акалічнасцей, маюць права існаваць і рабіць усё неабходнае для задавальнення духоўных патрэбаў сваіх вернікаў, імкнучыся да міру з суседзямі. Праваслаўныя і грэка-католікі маюць патрэбу ў прымірэнні і знаходжанні прымальных формаў узаемнага суіснавання”

“Мы не супернікі, а браты”

“Праваслаўныя і католікі аб'яднаныя не толькі агульнай Традыцыяй Царквы першага тысячагоддзя, але і місіяй пропаведзі Евангелля Хрыстова ў сучасным свеце. Гэта місія прадугледжвае ўзаемную павагу членаў хрысціянскіх абшчын, выключае любыя формы празелітызму.

Мы не супернікі, а браты: з гэтага разумення мы павінны сыходзіць ва ўсіх нашых дзеяннях у адносінах адзін да аднаго і да знешняга свету. Заклікаем католікаў і праваслаўных ва ўсіх краінах вучыцца жыць разам у міры, любові і аднадумстве паміж сабою (Рым 15,5)”, — гаворыцца ў дэкларацыі, якую падпісалі іерархі.

Паездка ў Мексіку і гістарычны прыпынак у Гаване — гэта 12-я паездка Папы Францішка з моманту Пантыфікату і 4-я візіт у Лацінскую Амерыку.

Паводле: catholic.by

Каментаваць