Гістарычныя квэсты ў Мінску (фотарэпартаж)

Пакуль краіна жыла тым, што называлася выбарамі, наш карэспандэнт вырашыў прыняць удзел у пошукавай гульні. Павел Аксіновіч прайшоў квэст «Першы крок да Незалежнасці».



Папулярныя на Захадзе гарадскія квэсты толькі пачынаюць з'яўляцца у Беларусі. Сярод тых, хто актыўна прасоўвае гэты від забавы — Яраслаў Ліхачэўскі, кіраўнік платформы «Шукай.by».

Яраслаў Ліхачэўскі

“Пачалося ўсё з таго, што мы з сябрам захацелі стварыць глабальную пляцоўку для турыстаў. — патлумачыў Яраслаў. — Пачалі шукаць для яе фішачку, узгадалі пра нашае хобі, якім захапляемся ўжо шмат год – гарадскія квэсты. І паспрабавалі выкарыстаць квэст у якасці турыстычнай паслугі. Першага лютага селі працаваць, а ўжо чатырнаццатага прапанавалі мінчукам наш першы квэст «Дзе ў Мінску жыве каханне?» па рамантычных легендах і паданнях старажытнага горада, і першую версію нашай вэб-платформы.

З таго часу мы стварылі ўжо 5 квэстаў у Мінску, адзін у Брэсце і адзін у Нясвіжскім палацы. Працягваем працаваць над развіццём платформы і пішам мабільныя прыкладанні.

Але нашая мэта перш найперш – гэта менавіта платформа. Ужо ў першы наш квэст, за адзін толькі дзень, згуляла звыш 500 чалавек. Мы бачым у падобным прадукце перспектыву, і хочам паказаць яе іншым беларусам. Таму мы распрацоўваем канцэпцыю школы, дзе мы мелі б магчымасць навучаць гульнявым механікам і стварэнню квэстаў. Мы ўжо правялі ўлетку адзін пробны набор, дзе цягам двух тыдняў вучылі нашых студэнтаў ствараць квэсты. Гэтак менавіта лепшы праект з гэтай школы мы прадставілі сёння – «Першы Крок да Незалежнасці».

Тэма квэсту была пабудавана на матывах гісторыі стварэння Беларускай народнай рэспублікі. Я прайшоў яго ўпершыню разам з адной з каманд, што сабраліся ў Аляксандраўскім скверы. Гульцоў было не шмат (толькі 12). Магчыма іх адпудзіла халоднае надвор'е, а можа і кошт удзелу — 149 тысячы рублёў на групу.

Наша каманда Уладзілслаў, Вольга, Юлія. Рухаемся па гістарычнаму Мінску

 

Мы разбіліся на 4 каманды. Перад пачаткам квэсту атрымалі неабходны інструктаж і паролі для актывацыі гульні. Усе тэксты заданняў змешчаны на сайце платформы, так што на кожную каманду патрэбны гаджэт в выхадам у сеціва.


Згодна з апісаннем квэст мусіў заняць гадзіну – дзве і складаўся з 10 заданняў. Тэкст квэсту быў прадстаўлены ў выглядзе ліста Францішча Федаровіча каханай Марысі. Кожная загадка апісвала канкрэтную гістарычную падзею і месца, звязанае з гісторыяй БНР.

У нашай каманды ўсе заданні занялі прыкладна 45 хвілін. За гэты час мы прайшлі каля 4 кіламетраў, пабывалі на плошчы Свабоды, у Саборы Дзевы Марыі, на Інтэрнацыянальнай вуліцы і на Валадарскага — усе гэтыя адрасы непасрэдна звязаныя з гісторыяй БНР. Загадкі паказаліся нам даволі лёгкімі. Былі патрэбны толькі ўважлівасць і мінімальныя веды гісторыі. Аднак аднойчы камандзе ўсё ж прыйшлося ўзяць падказку. Асабіста мне крыху не хапіла складанасці заданняў, але ўпершыню было даволі цікава пагуляць у жывы гарадскі квэст, .

У саборы Святой Дзевы Марыі прышлося раздзяліцца

“Квэст мне вельмі спадабаўся. Гульня была майго ўзроўню. Можа толькі не хапала нейкай канкурэнцыі, – падзяліўся ўражаннямі Уладзіслаў, адзін з гульцоў. – Лічу, што варта папулярызаваць у Беларусі такія гульні. Пошукавыя гульні – сумяшчэнне адукацыйнай і забаўляльнай частак. Дагэтуль я гуляў у квэсты толькі ў Варшаве. Там яны больш развіты і на іх ёсць попыт”.

Павел Малчанаў

Агульныя правілы квэсту павінны быць падобны на загадку, але каб гэта было зразумела і цікава, — кажа стваральнік квэста пра БНР Павел Маўчанаў. — Спрабуеш, фантазуеш і штосьці атрымліваецца. Цалкам адпаведнасць з гісторыяй у квэсце не выконваецца і я абавязкова расфарбоўваю яго і дадаю аўтарскі экшан і драйв, каб удзельнікам было цікава выконваць усе заданні. Дарэчы, на распрацоўку гэтага квэста ў мяне пайшоў недзе месяц”.

Даведацца пра тое, як прыняць удзел у гарадскім квэсце можна на сайце Шукай.by.

Каментаваць