Гісторыкі абмеркавалі пытанні беларускага катынскага спісу

20 кастрычніка ў Мінску гісторыкі Беларусі, Расіі і Польшчы абмеркавалі праблемы пошуку матэрыялаў для складання беларускага катынскага спісу на міжнароднай навуковай канферэнцыі “Беларусь: палітыка-гісторыя-культура. Гістарычная палітыка як кампанент польска-беларускіх адносін ў XX стагоддзі. Факты. Падзеі. Памяць. 1921-1939 гады ў гістарычнай палітыцы.



Ігар Кузняцоў


Нагадаем, што Катынскае злачынства – гэта расстрэлы 22 тысяч палонных афіцэраў польскай арміі 1940 года ў Расіі і ва Украіне: у Катыні (у наваколлі Смаленска), каля Харкава і Цверы; а таксама ў турмах Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Прычым на тэрыторыі Беларусі былі забітыя не менш за 3.870 афіцэраў польскай арміі, імёны і сацыяльна-дэмаграфічныя звесткі пра якіх да гэтай пары невядомыя. Вось гэты пакуль не складзены пайменны спіс ахвяраў Катынскай трагедыі на тэрыторыі Беларусі і ўвайшоў у навуковы абыходак як “беларускі катынскі спіс.  

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шэрэпка назваў Беларусь “самым складаным партнёрам ў справе ўзнаўлення праўды пра трагедыю Катыні, паколькі па гэтым пытанні беларускі бок не выяўляе жадання да супрацоўніцтва . Разам з тым, паводле словаў дыпламата, да гэтай пары беларускі бок ставіцца да Арміі Краёвай, як да бандыцкіх фармаванняў, якія дзейнічалі супраць беларускага народа. Нават няма магчымасці гаварыць пра эксгумацыю і перапахаванне згодна з хрысціянскай традыцыяй парэшткаў загінулых, якія уваходзілі ў склад атрадаў Арміі Краёвай, падкрэсліў Шэрэпка. У якасці станоўчага ўзору вырашэння праблемы ўвекавечвання памяці загінулых амбасадар Польшчы прывёў дзеянні нямецкага боку, якія могуць стаць прыкладам для Беларусі. 

Лешэк Шэрэпка

Наталля Лебедзева



Доктар гістарычных навук, прафесар Наталля Лебедзева (Расія) распавяла, што ў Расійскім дзяржаўным ваенным архіве, у справах 15 брыгады канвойных войскаў НКУС, якая ў 1940 годзе месцілася ў Беларусі і этапавала вязняў у сталіцу БССР, быў знойдзены спіс у дзвюх кнігах. У спісе, мяркуючы па почырку, запоўненым адным чалавекам, -- імёны, імёны па бацьку і прозвішчы больш за 1.700 асабліва небяспечных дзяржаўных злачынцаў з турмаў НКУС ў гарадах і мястэчках Заходняй Беларусі, занятых Чырвонай Арміяй пад час так званага вызваленчага паходу ў заходнія рэгіёны БССР і УССР восенню 1939 года, а таксама інфармацыя, што з канца сакавіка па ліпень 1940 года гэтыя людзі былі этапаваныя ў Мінск. На выснове аналізу дакументаў Лебедзева мяркуе, што амаль усе яны былі  расстраляныя – у той самы час, што і польскія афіцэры ў Катыні, Цверы і Харкаве. Паводле яе слоў, усе 8.474 сям’і расстраляных польскіх ваеннаслужачых планавалася саслаць з Заходняй Беларусі ў Паўночны Казахстан, але спісы эшалонаў з указаннем прозвішчаў ссыльных пакуль не знойдзены. “Па трагедыі Катыні нам вядома ўсё, акрамя беларускага спісу, -- падкрэсліла Лебедзева.

У інтэрв'ю карэспандэнту “НЧ яна адзначыла, што знойдзеныя ёю дакументы з’яўляюцца асноваю для рэканструкцыі беларускага катынскага спісу. Разам тым, Лебедзева не выключае, што да 8% этапаваных у сталіцу БССР з Заходняй Беларусі вясною-летам 1940 году не былі расстраляныя, а выкарыстоўваліся органамі НКУС для сваіх аператыўных мэтаў.  

Доктар гістарычных навук, прафесар Войцэх Матэрскі (Польшча) лічыць, што знойдзеныя Лебедзевай дакументы мажліва дазволяць часткова папоўніць беларускі катынскі спіс. Разам з тым, на думку навукоўцы, складанню гэтага спіса замінае недахоп гістарычных крыніц. Матэрскі выказаў надзею, што расійскі бок перадасць Польшчы тыя справы па трагедыі Катыні, якія пакуль недаступныя польскім даследчыкам.

  

     Войцэх Матэрскі



Па падліках кандыдата гістарычных навук, дацэнта Ігара Кузняцова (Беларусь) беларускі катынскі спіс можа ўключаць каля 15 тысяч ахвяраў (акрамя 8,5 тысяч афіцэраў, пад час польскай аперацыі забівалі і цывільных, прычым расстрэлы ажыццяўляліся ў два этапы: у красавіку-чэрвені 1940 года, а таксама ў чэрвені 1941 года -- у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны). У выніку даследаванняў гісторык выявіў больш за 20 літэрных эшалонаў з ахвярамі польскай аперацыі НКУС,  каторых дастаўлялі як у Мінск, так і ў месцы зняволення ў Жлобіне і Барысаве. Дарэчы, паводле ягоных слоў, вясною 1940 года ў БССР дзейнічалі 33 турмы і 24 выпраўленча-працоўныя калоніі, дзе утрымліваліся 116,5 тысяч вязняў, прычым месцы зняволення былі перапоўнены больш чым у два разы.

Каментаваць