Генадзь Грушавы пахаваны на Паўночных могілках

У нядзелю, 2 лютага, адбылося пахаванне старшыні Беларускага дабрачыннага фонда “Дзецям Чарнобыля”, доктара філасофскіх навук, прафесара Генадзя Грушавога — дэпутата Вярхонага Савета Беларусі 12-га і 13-га скліканняў.



Праводзіць Генадзя Грушавога ў апошні шлях прыйшлі толькі сваякі і самыя блізкія сябры. Нават надвор’е злітасцілася — не было такога моцнага марозу, як у апошнія дні, ззяла сонейка, хіба толькі вецер перашкаджаў запаліць свечкі, якія гаслі. Усе, апроч адной. Вялікай. На якой быў крыж і надпіс “Генадзь”.

Апошні прытулак гэты вялікі Чалавек знайшоў побач са сваім бацькам Уладзімірам Ерамеевічам і роднай сястрой Галінай. Прамоваў на надмагіллем амаль не было, толькі сябра Генадзя Уладзіміравіча журналіст Яўген Агурцоў сказаў: “Дзякуй табе, Гена, за ўсё, ты наш сябра і родны чалавек, ты застаешся з намі, мы будзем помніць цябе пакуль жывем”.

Немагчыма казаць і пісаць пра Генадзя Грушавога ў міннулым часе. І не трэба. Бо ён сапраўды нікуды не сышоў, ён тут, з намі, толькі, як адзначыў адзін заходні паэт, “на другім баку шляху”. Так, нам яшчэ давядзецца ўсвядоміць адсутнасць на Зямлі Генадзя Грушавога, асэнсаваць тое, што ён зрабіў з намі ўсімі за апошнія 25 гадоў. Пасля яго засталіся сотні выратаваных ад смерці дзяцей, сотні тысяч маладых беларусаў, якія, дзякуючы Генадзю Уладзіміравічу, зрабіліся еўрапейцамі і за якімі, як і марыў ён, — будучыня нашай краіны. І гэта так і будзе. Таму што ўсё, што казаў і прарочыў Генадзь Уладзіміравіч, рана ці позна збывалася. І ён прыкладаў да ўсяго да гэтага свае нястомныя рукі.

Ён многага не праспеў зрабіць з таго, што планаваў. Але цяпер гэта ўжо справа іншых. Тых, каму Генадзь Грушавы давяраў, у каго верыў, з кім дзяліўся сваімі планамі і думкамі.

Спі спакойна, дарагі сябра. Але ж ці ты заснеш? Сумняваюся. Бо добра цябе ведаю. Ты і Там будзеш думаць і дбаць пра тых, каго пакінуў на гэтым свеце. Твая натура, твая душа такая, што яна будзе балець за другіх і пасля твайго фізічнага сыходу. А нам застаецца толькі кіравацца тваімі запаветамі. Валадарства табе нябёснае, дарагі наш Чалавек. Заступіся за нас перад Усявышнім. А мы будзем маліцца за цябе на гэтай грэшнай Зямлі. Нізкі табе паклон.

p. S. Ні ад каго з афіцыйных асобаў ці ад дзяржаўных структураў Рэспублікі Беларусь словаў ці выразаў спачування родныя і блізкія Генадзя Уладзіміравіча Грушавога не атрымалі. Можа, і дзякуй Богу. Гэта маё асабістае меркаванне. 

Абмеркаванне:

  • Таццяна
  • 2014-02-03 00:27:25
Дзякуй і паклон Грушавому за зробленае на гэтай зямлі. Дзякуй табе, Генадзь-аўтар, за шчырае і шчымлівае пачуццё ад напісанага і за шчырае сяброўства, якім ты ахіліў апошнія гады і дні Грушавога.
Спачуванні ўсім нам

Каментаваць