Гендэрная роўнасць або астранаўт і калготачніца

Не ведаю, ці ёсць увогуле ў беларускай мове такое слова. Але ж калі ёсць слова "калготкі" і адпаведнае паняццю, то людзей, якія маюць дачыненне да вытворчасці калготак, трэба зваць калготачнікамі. Як завуць астранаўтамі ці касманаўтамі тых, хто лётае ў космас.



Усе гэтыя людзі маюць дачыненне да прафесійнага занятку, якія дазваляе зарабляць сродкі на жыццё. Не кожнаму шанцуе стаць прафесійным сенатарам, пракурорам, ні начальнікам міліцыі. А калготачнікі павінны валодаць адпаведнай прафесіяй, мець адпаведнае здароўе, мусіць, адукацыю ў аб’еме базавай школы, каб магла падлічыць колькасць пар калготкаў, якую яна вырабіла за змену.

Але (як гэта вынікае з Канстытуцыі ды іншых законаў) нават такая шкодная дробязь, як вышэйшая адукацыя, не павінна перашкодзіць кандыдату заняць пасаду калготачніцы. Ці калготачніка. Як у савецкія часы мужчыны асвойвалі прафесію даяра. Цяжка. Таму сярод мужчын гэта праца асаблівай папулярнасці не набыла. А значыць — дзе праца больш цяжкая, там места для жанчын, дзе лягчэйшая, там збольшага працуюць мужчыны.

У калгасах таксама — бабам шлях на капцы бульбу перабіраць, а мужчынам іх колькасць улічваць. Як той казаў, усё ў адпаведнасці з канстытуцыяй. Зараз ад былой практыкі засталіся толькі рожкі і ножкі. Чытаеш абвесткі ў газетах — вочы на лоб лезуць. Кожная прыватная фірма, кожнае дзяржаўнае прадпрыемства, кожны былы калгас маюць свае ўяўленні пра узорнага супрацоўніка. Пры гэтым не зважаюць ніякай увагі ні на Канстытуцыі, ні на працоўнае заканадаўства.

Вось абвестка з “раёнкі”, якая паведамляе, што нейкае ДУПа “Свет трусоў” адкрывае вакансію кладаўшчыка, які павінен быць жанчынай ва ўзросце не болей за 40 гадоў. Цікава, што такую жанчыну згодны прыняць на вакансію “без вопыту”. Без прафесійнага досведу? Але ж нейкі іншы досьвед ў яе ёсць? І калі гэта не падрыхтоўка гендэрных афіцэраў для FEMEN, то ўзнікае пытанне, чаму не маюць права заняць гэтую вакансію асобы больш сталыя? А мужчыны не здольны працаваць на складзе лепш, чым жанчыны да 40 год?

А вось абвестка фірмы, якая займаецца вытворчасцю матрасаў. Ёй на пасаду “зборшчык матрасаў”, патрэбен мужчына ва ўзросце да 25 гадоў. Цікава, якія фізічныя, інтэлектуальныя магчымасці і адукацыя патрабуецца для зборшчыка матрасаў. Бо калі ўзяць прафесію слесара-зборшчыка, ці нават рамонтніка, ці нават спецыяліста вышэйшага класа па нестандартнаму абсталяванню, то ні ўзрост, ні асобныя фізічныя здольнасці не абмяжоўваюць іх у праве працаваць па спецыяльнасці.  

Магчыма, маецца на увазе спецыяліст па выпрабаваннні (у сэнсе гушканні) матрасаў, дык нават у атрад касманаўтаў прымаюць мужчыны больш сталага ўзросту. А космам адпраўляюць і пасля 30 год. Значыць амерыканскага астранаўта Ніла Армстранга ў сучаснай Беларусі не прынялі б нават у “зборшчыкі матрасаў”.

Згодна з Канстытуцыяй, грамадзянам Беларусі гарантуецца права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцяў. Працоўны кодэкс дублюе адпаведныя артыкулы Канстуцыі.

Таму кожнаму грамадзяніну трэба ведаць свае правы. І калі ужо ДУПа “Свет трусоў” абвяшчае пра прыём на працу, то гэта аданачасова сведчыць і пра патрэбнасці грамадства у такой працы. Таму вакансію мае права заняць любы грамадзянін, калі ён падыходзіць па сваіх прафесійных здольнасцях, і не важна — гэта сталы мужчына ці маладая жанчына.

Каментаваць