Генпракуратура адмовілася правяраць незаконнае будаўніцтва каля Курапатаў

Генеральная пракуратура адмовілася праводзіць праверку незаконнага будаўніцтва каля Курапатаў. Пра гэта сведчаць матэрыялы ліставання грамадскіх актывістаў з Генпракуратурай цягам больш чатырох месяцаў.



Нагадаем, што 4 снежня мінулага года заяўнікі, у тым ліку старшыня «Хрысціянскай злучнасці «Курапаты» Вацлаў Нямковіч, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, археолаг Валянціна Вяргей, культуролаг Вацлаў Арэшка, мовазнаўца Вінцук Вячорка і грамадскі актывіст Алесь Макаў накіравалі ў Генпракуратуру скаргу.

У ёй абгрунтавана просьба, згодна з артыкуламі 166 і 167 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, правесці адпаведную праверку і ўзбудзіць крымінальную справу па прыкметах злачынства, прадугледжаных артыкулам 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Бяздзейнасць службовай асобы») альбо іншага артыкула Крымінальнага кодэксу ў адносінах да службовых асобаў, якія трэці год не выконваюць прадстаўленне Генпракуратуры Мінскаму аблвыканкаму ад 27 лістапада 2012 года.

Прадстаўленне тычылася выпраўлення парушэнняў заканадаўства пры будаўніцтве аб’екту прыдарожнага сервісу з былой назвай «Бульбаш-­хол», калі СТАА «БелРэстІнвест» незаконна ўзвяло ў ахоўнай зоны Курапатаў з іх заходняга боку шэраг новых аб’ектаў. 

У сваіх адказах ад 24 снежня 2014 года, 10 лютага і 10 сакавіка 2015 года Генпракуратура адмовіла заяўнікам у правядзенні праверкі і ўзбуджэнні крымінальнай справы, прычым сваю пазіцыю аніяк не матывавала нормамі айчыннага заканадаўства. Генпракуратура спаслалася толькі на тое, што 1 снежня 2014 года пастановай Міністэрства культуры зацверджаны праект зонаў аховы Курапатаў і страціла сілу пастанова Міністэрства культуры ад 12 мая 2004 года аб часовай схеме зонаў аховы народнага мемарыялу. Прычым, згодна з праектам зонаў аховы Курапатаў, аб’ект прыдарожнага сэрвісу, заказчыкам якога з’яўляецца «БелРэстІнвест» , знаходзіцца па-за межамі ахоўнай зоны названай гістарычна-культурнай каштоўнасці, паведамляецца ў адказах Генпракуратуры.

Апроч таго, наглядны орган краіны адмовіў заяўнікам ў асабістым прыёме, паколькі не бачыць для яго аніякіх падстаў.

Каментуючы карэспандэнту НЧ пазіцыю Генпракуратуры, юрыстка Тамара Сяргей адзначыла, што адказы з нагляднага органу краіны сведчаць не толькі пра незаконнасць дзеянняў гэтай дзяржаўнай структуры, але і пра абсурднасць усёй прававой сітуацыі, што склалася ў Беларусі. «Звяртаючыся ў Генпракуратуру, грамадзяне не толькі выклалі факты, што сведчаць пра парушэнне закону, але і абгрунтавалі нормамі заканадаўства сваё права на зварот у наглядны орган краіны наконт правядзення праверкі. Аднак Генпракуратура, адмаўляючы грамадзянам у правядзенні праверкі, сваю пазіцыю аніяк не матывавала нормамі заканадаўства. Атрымліваецца, што ў афіцыйным дакуменце выкладзена не больш, чым асабістае меркаванне чыноўніка. Гэтае азначае, што ў краіне меркаванне чыноўніка вышэй за закон», — падкрэсліла юрыстка.

Каментаваць