Генпракуратура не жадае разглядаць па сутнасці заяву ў абарону Курапатаў

Генпракуратура адмовілася разглядаць па сутнасці заяву ў абарону Курапатаў. Пра гэта сведчыць адказ начальніка аддзела Генпракуратуры Д.Р.Васілевіча на зварот грамадскіх актывістаў ад 23 красавіка.



Згодна з артыкуламі 166,167 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, грамадзяне прасілі Генпракуратуру правесці адпаведную праверку на прадмет узбуджэння крымінальнай справы ў адносінах да асоб, якія ўзвядзеннем на 51-м км. МКАД аб’екту з першапачатковай назвай “Бульбаш-хол” стварылі пагрозу Курапатам і зняважылі гэтую гістарычна-культурную каштоўнасць.
 
 
Сярод падпісантаў заявы – старшыня грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” 86-гадовы Вацлаў Нямковіч, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, археолаг, кандыдат гістарычных навук Валянціна Вяргей, грамадскія дзеячы культуролаг Вацлаў Арэшка і мовазнаўца Вінцук Вячорка, а таксама грамадскі актывіст Алесь Макаў, які ў 2008 годзе затрымаў у Курапатах вандалаў, за што пазней страціў працу.
 
 
У заяве ў Генпракуратуру, між іншым, нагадвалася, што ўвосень 2012 г. СТАА “БелРэстІнвест” узвяло ў непасрэднай блізкасці ад Курапатаў аб’ект прыдарожнага сервісу. Насамрэч перад самымі Курапатамі, дзе могуць ляжаць бязвінна забітыя продкі кожнага з беларусаў, пабудаваны сапраўдны рэстаранна-забаўляльны комплекс для гулянак і вяселляў, пад час якіх выпіваюць, смажаць шашлыкі, спяваюць, танчаць і парацца ў лазні.
 
 
На меркаванне грамадскіх актывістаў, такі рэстаранна-забаўляльны комплекс, узведзены побач з Курапатамі, з’яўляецца здзекам з велічнага помніка трагедыі беларускага народу і своеасаблівым цынічным выклікам духоўным традыцыям нацыі з яе паважлівым стаўленнем да памяці продкаў. Апроч таго, пабудаваны цэнтр адпачынку стварае непасрэдную пагрозу Курапатам -- унікальнай гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння, бо павялічвае антрапагенны ціск на ўрочышча, гаворыцца ў заяве.
 
 
Аднак у сваім адказе ад 11 траўня начальнік аддзела Генпракуратуры Д.Р.Васілевіч праігнараваў гэтыя доказы заяўнікаў і пакінуў зварот без разгляду па сутнасці. У сваю чаргу, улічваючы значнасць Курапатаў для беларусаў, грамадзяне зноў будуць звяртацца ў Генпракуратуру, каб іхні ліст быў разгледжаны па сутнасці, а спадар Васілевіч быў прыцягнуты да адказнасці за невыкананне сваіх службовых абавязкаў.
 
 
Каментуючы сітуацыю, юрыстка Тамара Сяргей звярнула ўвагу на тое, што Генпракуратура парушыла канстытуцыйнае права грамадзянаў на разгляд звароту па сутнасці пастаўленых пытанняў. “І такая пазіцыя Генпракуратуры праглядаецца як пры адказах на прыватныя скаргі грамадзянаў, так і на заяву ў абарону нацыянальнай святыні, якой з’яўляюцца Курапаты”, -- сказала юрыстка.

Каментаваць