Генпракуратуру просяць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці уладальнікаў “Бульбаш-холу” за здзек з Курапатаў

З паўторнай прапановай прыцягнуць да крымінальнай адказнасці асоб, якія спрычыніліся да будаўніцтва на 51-м кіламетры Мінскай кальцавой аўтадарогі аб’екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назвай “Бульбаш-хол”, звярнуліся да генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Аляксандра Канюка грамадскія актывісты.  



Сярод падпісантаў заявы — старшыня грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” 86-гадовы Вацлаў Нямковіч, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, археолаг, кандыдат гістарычных навук Валянціна Вяргей, грамадскія дзеячы культуролаг Вацлаў Арэшка і мовазнаўца Вінцук Вячорка, а таксама грамадскі актывіст Алесь Макаў, які ў 2008 годзе затрымаў у Курапатах вандалаў.

У першым звароце ў Генпракуратуру ад 23 красавіка адзначалася, што ўвосень 2012 г. СТАА “БелРэстІнвест” узвяло ў непасрэднай блізкасці ад Курапатаў аб’ект прыдарожнага сервісу з першапачатковай назвай “Бульбаш-хол”. Пад сціплай назвай аб’екту прыдарожнага сервісу насамрэч пабудаваны сапраўдны рэстаранна-забаўляльны комплекс з рэстаранам на 100 пасадачных месцаў, лазняй, чатырма дамкамі модульнага тыпу і дзіцячай пляцоўкай, гаварылася ў звароце.

На меркаванне грамадскіх актывістаў, рэстаранна-забаўляльны комплекс  побач з Курапатамі ёсць здзекам з помніка трагедыі беларускага народу і своеасаблівым цынічным выклікам духоўным традыцыям нацыі з яе паважлівым стаўленнем да памяці продкаў. Апроч таго, пабудаваны цэнтр адпачынку стварае непасрэдную пагрозу Курапатам —  гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння, бо павялічвае антрапагенны ціск на ўрочышча.

На падставе выкладзенага і згодна з артыкуламі 166, 167 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, падпісанты звароту прасілі Генеральную пракуратуру правесці адпаведную праверку на прадмет узбуджэння крымінальнай справы ў адносінах да асоб, якія ўзвядзеннем на 51-м км. МКАД аб’екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назвай “Бульбаш-хол” стварылі пагрозу Курапатам і зняважылі гэтую гістарычна-культурную каштоўнасць.    

Аднак у адказе ад 11 траўня начальнік аддзела Генпракуратуры Д. Р.Васілевіч паведаміў, што “Генеральнай пракуратурай разгледжаны Ваш зварот аб адмове ў правядзенні даследчай праверкі па факту невыканання службовымі асобамі Мінаблвыканкама прадстаўлення Генеральнай пракуратуры…”.

Такім чынам, як адзначаецца ў паўторным звароце грамадскасці да Аляксандра Канюка, у сваім адказе супрацоўнік Генпракуратуры паведаміў аб тым, што зварот заяўнікаў не разглядаўся, а разглядаўся факт невыканання службовымі асобамі Мінаблвыканкама прадстаўлення Генпракуратуры.

“Гэтымі дзеяннямі супрацоўнік Генпракуратуры парушыў нашае канстытуцыйнае права на разгляд звароту па сутнасці”, — падкрэсліваецца ў лісце.

У  адпаведнасці з артыкулам 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь аўтары звароту просяць Аляксандра Канюка разгледзець зварот грамадскасці ад 23 красавіка па сутнасці і даць матываваны адказ. “А супрацоўніка, які, на нашае меркаванне, дыскрэдытуе Генеральную пракуратуру, прыцягнуць да адказнасці за невыкананне сваіх службовых абавязкаў”, — прапануецца ў звароце.  

Каментаваць