Германія прымушае ўлады размаўляць з Трэцім сектарам

Прэзентаваны ўжо шосты этап праграмы падтрымкі Беларусі “Пераадольваючы межы”. У рамках гэтага этапу пры падтрымцы Федэральнага ўраду Германіі павінна ажыццявіцца 30 праектаў на суму ў 2 мільёны еўра.



Як паведаміў на прэс-канферэнцыі старшыня сходу заснавальнікаў Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра Маціяс Цюмпель, праекты плануецца ажыццявіць у сферах нефармальнай адукацыі, інавацыяў ў сістэме аховы здароўя і сацыяльнай сферы, устойлівага развіцця на мясцовым, рэгіянальным і нацыянальным узроўнях, а таксама навакольным асяроддзі і энергаэфектыўнасці.

Гэтая праграма падтрымкі — афіцыйная, яна ўзгоднена з МЗС Беларусі. Нямецкае фінансаванне атрымліваюць праекты, якія распрацаваныя беларускімі НДА сумесна з нямецкімі партнёрамі. Адпаведна, усе беларускія арганізацыі павінны быць зарэгістраваныя беларускім Мінюстам.

Дырэктар праграм адукацыйнага цэнтра Петэр Юнге-Вентруп зазначыў, што мэта праекту, падтрымаць своеасаблівыя “масты, якія узводзяць ініцыятывы грамадзянскай супольнасці”. “Ва ўзвядзенні мастоў разумеецца і тое, што дзяржаўныя органы Беларусі таксама падтрымліваюць гэтую праграму і ўдзельнічаюць у ёй”, — адзначыў ён.

Менеджэр адукацыйных праграм Марцін Шон-Чанішвілі ў сваю чаргу адзначыў поспех папярэдніх этапаў праграмы ў наладжванні партнёрскіх адносінаў паміж дзяржавай і НДА ў Беларусі. У выніку падобных праграм, па ягоным меркаванні, афіцыйны Мінск пачаў працаваць над зменамі ў заканадаўства: у прыватнасці, над законапраектамі аб дзяржаўным сацыяльным заказе і аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве.

У цэлым жа выступоўцы адзначылі прагрэс беларускіх НДА за 10 год. Калі раней НДА былі “валанцёрскімі”, то зараз яны моцна структураваныя, маюць свае мэтавыя групы, штаты супрацоўнікаў і пэўнае фінансаванне. Адпаведна і праекты ў іх выраслі з дробных мясцовых да акцый усебеларускага маштабу. І таму зараз дзяржава павінна звяртаць увагу і ісці на дыялог з НДА, чаму германская праграма павінна паспрыяць.

Варта адзначыць, што сама праграма існуе ўжо дзесяць год. За гэты час рэалізавана 160 розных праектаў. Не быў рэалізаваны толькі адзін праект — і тое толькі таму, што нямецкі партнёр адмовіўся ад удзелу. За ўсе 10 год на рэалізацыю праектаў нямецкі ўрад патраціў каля васьмі мільёнаў еўра.

Каментаваць